Яшчэ ў снежні 2016 года Рассельгаснагляд выказаў сумнеў, што прадукцыя СТАА “Георгій і сыны” мае беларускае паходжанне. Расійскае ведамства прапанавала беларусам правесці сумесную праверку прадпрыемства. Але беларускія чыноўнікі, па словах Данкверта, адмовіліся. З гэтага расіяне зрабілі выснову, перадае Еўрарадыё, што іх падазрэнні апраўдаліся і прадпрыемства пастаўляе ўкраінскую ялавічыну, якая трапляе пад расійскія санкцыі.

Таксама, па словах кіраўніка Рассельгаснагляду, на гэтым прадпрыемстве былі выяўленыя грубыя парушэнні ветэрынарных правілаў. На цяперашні час гэтая кампанія “не ажыццяўляе вытворчую дзейнасць”. Данкверт назваў такі падыход беларускіх ветэрынарных спецыялістаў фармальным. На яго думку, гэта вядзе да таго, што несумленныя беларускія вытворцы працягнуць спробы пастаўляць у Расію “мясную сыравіну невядомага паходжання”.

Акрамя фірмы “Георгій і сыны” Рассельгаснагляд у снежні спыніў пастаўкі АСП “Вытворчы камбінат”, ТАА “Онэксімпрад”, ТАА “Тэраміт”. На думку расійскіх спецыялістаў усе яны пастаўлялі не беларускае мяса, а ўкраінскае і еўрапейскае.

Дарэчы, на прэс-канферэнцыі 3 лютага Аляксандр Лукашэнка загадаў міністру ўнутраных спраў Ігару Шуневічу пачаць крымінальную справу на Сяргея Данкверта. Перашкоды ў пастаўках беларускіх прадуктаў у Расію Лукашэнка патлумачыў тым, што Данкверт лабіруе нейкіх расійскіх вытворцаў.

Фота: kz.all.biz

Поделиться ссылкой: