Журы. Выступае Максім Жбанкоў

Завяршыўся 6-ы Міжнародны фэст мабільнага кіно velcom Smartfilm, галоўнай адметнасцю якога стала тое, паведамляе “Новы час“, што ён упершыню выйшаў на міжнародны ўзровень, а канкурсанты маглі дзеяць у вольным фармаце. 273 работы з 48 краін свету!

Усе дапушчаныя карціны папярэдне прайшлі праверку на адпаведнасць усім умовам фэсту. У склад журы, перад якімі стаяла нялёгкая задача, у гэтым годзе ўвайшлі даволі вядомыя на беларускім кінарынку асобы: кіназнаўца і дырэктар Мінскага міжнароднага фэсту «Лiстапад» Ігар Сукманаў, культуролаг і кінааналітык Максім Жбанкоў, кінакрытык Антон Сідарэнка, рэжысёр Дзмітрый Сямёнаў-Алейнікаў.

Да прафесіяналаў далучылася і абраная па ходзе фэсту пятая ўдзельніца журы — студэнтка Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Аляксандра Сяргеевіч. Больш за 1000 (!) жадаючых прэтэндавала на гэтае месца, і толькі адна яна па выніках тэстаў, конкурсу рэцэнзій і гутаркі, годна заняла сваё месца. Кожны з чальцоў журы склаў свой спіс лепшых работ. На агульным сходзе журы абмянялася меркаваннямі, у выніку чаго быў сфарміраваны адзіны шорт-ліст з 12 лепшых работ. У шорт-ліст увайшлі:

INTO THE LIGHT — Myriam Fontaine (Францыя)

BUBBLES DON’T LIE — Stepan Etrych (Чэшская Рэспубліка)

LOST BUCOLIC — Shane Howard (ЗША)

РАБОТНІК ГОДА — Кірыл Нонг (Беларусь)

THE BONE — Volkan Guney Eker (Турцыя)

ПАМЯТАЦЬ — Кацярына Нікановіч (Беларусь)

TIDE OF LOVE AND DEATH — Abhradip Ghatak (Індыя)

137 ГАДЗІН — Дзмітрый Сахарук (Беларусь)

CIRCUS — Michel Kharoubi (Францыя)

ВУМЗАРОЗУМ — Антон Байдзёнак (Беларусь)

SINGLE TO LONDON — Ryd Cook (Вялікабрытанія)

FINITO — Mauricio Bartok (Бразілія)

Беларускі фільм — пераможца Міжнароднага фэсту мабільнага кіно

 

Цальцы журы разам з пераможцамі фэсту

Як можна ўбачыць, 4 з іх — гэта работы беларускіх аўтараў, якія, на думку журы, апынуліся канкурэнтаздольнымі ў міжнародным конкурсе. Пры тым, што чальцы журы адзначылі агульны высокі ўзровень усіх дасланых работ. Нагадаем, што пераможца мінулага velcom Smartfilm — беларускі мабільны фільм-буктрейлер «1984» — на днях выйшаў у паўфінал прэстыжнага iPhone Film Festival у ЗША, што толькі лішні раз пацвярджае высокі ўзровень як самога беларускага фэсту, так і майстэрства нашых суайчыннікаў.

Фільмы шорт-ліста самыя розныя па жанрах. Ад паэтычна-сумных і філасофскіх («Tide of Love and Death», Індыя), да гумарыстычна-гуллівых («Bubbles Don’t Lie», Чэхія). Ад настальгічных і са спасылкамі да мінулага («Памятаць», Беларусь) да навукова фантастычных. І што цікава — найбольш да фантастычнай тэматыцы ў сваіх работах звярнуліся менавіта беларусыВумзарозум», «Работнік года»). І настолькі ўдала, што менавіта гэтыя карціны атрымалі прызы, але пра гэта трохі пазней.

Беларускі фільм — пераможца Міжнароднага фэсту мабільнага кіно

Фільм «Bubbles Don’t Lie»

Што яшчэ прыкметна і радуе — у большасці карцін ярка выяўлена мараль, няма фільмаў без сэнсу. Беларускія ж фільмы, на маю думку, былі нават больш глыбокія за замежныя, у іх укладзена больш сэнсу. Гэта адзначыў і кінакрытык Антон Сідарэнка. «Беларускія фільмы найбольш глыбокія. Многія, Мінкульт і самі гледачы, задаюцца пытаннем — ці ёсць беларускае кіно? Ёсць!» — адзначыў ён. Але тое, што фільмы беларускія, ніякім чынам не ўплывала на меркаванне журы. «Беларусаў трэба судзіць без зніжак на “тутэйшасць”. Няхай будуць усе роўныя», — заявіў перад абвяшчэннем вынікаў кінааналітык Максім Жбанкоў.

Некаторыя фільмы закранаюць і сацыяльныя праблемы. Напрыклад — беларуская карціна «137 гадзін», якая падымае праблему залежнасці сённяшняй моладзі ад інтэрнэту і сацыяльных сетак. Жыццё ў сетцы, як яркая карцінка, але не адпаведная жыццёвай рэчаіснасці. Амаль як наркотык, толькі псіхалагічны. «7 % карыстальніка сацыяльных сетак не кантралюе час, згублены на інтэрнэт. Хоць гэта не псіхалагічная залежнасць, вынікі сканіравання мозгу такіх людзей паказваюць пашкоджанне тых жа абласцей, што і ў наркаманаў», — гаворыцца ў канцы стужкі.

Беларускі фільм — пераможца Міжнароднага фэсту мабільнага кіно

Фільм «The Bone»

Але найбольш глыбока падымаюцца сацыяльныя праблемы у стужцы «The Bone» (Турцыя). Аўтар фільма падняў сур’ёзную праблему — стаўленне да жанчыны ў мусульманскім свеце, а зрэшты — і не толькі ў мусульманскім. Калі жанчына амаль не мае правоў, да яе не заўсёды лічаць непаўнавартаснай асобай. Гэта жудасна і ганебна, калі мужчына на вачах ва ўсіх можа беспакарана ўдарыць жонку, тым больш цяжарную. Жанчыны зведваюць у сем’ях гвалт, пачуваюць сабе некамфортна. На Усходзе лічыцца, што жанчына створана толькі для таго, каб выходзіць замуж, а на вуліцу не можа выйсці цяжарнай, бо гэта лічыцца не эстэтычным. Гэта ўсё насамрэч страшна і не правільна, нават — дзіка.

Частка фільмаў падобна на аўтабіяграфічныя, як амерыканская стужка «Lost Bucolic». Аўтар кранальна і эмацыянальна моцна перадаў цяжкія адносіны паміж дзяцьмі, што ўжо выраслі, і іх сталымі бацькамі. Калі тата сыходзіць з сям’і і праз доўгія гады спрабуе наладзіць адносіны з ужо дарослымі сынамі. Але праз столькі гадоў адсутнасці пераадолець бар’еры непаразумення няўяўна цяжка. Калі ўласны сын адначасова і не можа прабачыць табе здраду, і разам з тым родная кроў цягне вас адзін да аднаго, што рве душу і нервы.

Беларускі фільм — пераможца Міжнароднага фэсту мабільнага кіно

 

Фільм «Finito»

І нельга не сказаць колькі слоў пра бразільскую карціну «Finito». Трохі фантастычная кароткаметражка пра робатаў, але настолькі мілая, што хоць і не выйшла ў пераможцы, але дакладна прыйшлася ўсім даспадобы. Нават робаты, гэтыя жалязякі, што выконваюць для нас манатонную работу, могуць мець свае пачуцці і прагу да свабоды. Дарэчы, карціна заняла другое месца глядацкіх сімпатый.

Беларускі фільм — пераможца Міжнароднага фэсту мабільнага кіно

Фільм «Single to London»

А цяпер — хто ж атрымаў перамогу? На цырымоніі закрыцця ўрачыста абвясцілі іх імёны. Спецпрыз па выніках галасавання СМІ і блогераў атрымаў фільм «Single to London» («У Лондан у адзіночку» Вялікабрытанія). Лёгкая лірычна-рамантычная гісторыя пра амаль падлеткавыя праблемы — як цяжка пераступіць праз сваю сціпласць і пазнаёміцца з прыгожай дзяўчынай. Прыз — універсальны набор гаджэтаў для здымак на смартфон.

3 месца — фільм «Into the Light» («Да святла», Францыя). На думку журы — найбольш арыгінальная стужка па задуме і ідэі. Рытм, эстэтыка, мастацтва, а не проста пераказ сюжэту на экране. Прыз — смартфон Samsung Galaxy A7.

Беларускі фільм — пераможца Міжнароднага фэсту мабільнага кіно

2 месца атрымала беларуская карціна «Вумзарозум». Паўфантастычны псіхалагічны трылер. На маладым чалавеку, які пакутуе псіхічным засмучэннем, выпрабоўваюць новы прэпарат, які моцна павышае разумовыя здольнасці. Але ёсць адзін пабочны эфект — нервовая сістэма проста згарае. Многія чальцы журы адзначылі яркую акцёрскую работу галоўнага героя. Прыз — смартфон Samsung Galaxy S7.

Беларускі фільм — пераможца Міжнароднага фэсту мабільнага кіно

Першы прыз адпраўляецца ў Стамбул. 1 месца ўзяла работа турэцкага рэжысёра Воўкана Гюней Экера «The Bone» («Костка»). Фільм, у якім закранута актуальная тэма ў мусульманскім свеце — амаль бяспраўнае становішча жанчыны. Напаўдакументальная стужка, заснаваная на сапраўдных фактах і падзеях. Уражлівая ахраматычная работа, у якой візуальны складнік, мульціэкспазіцыя, дапамагае выразна перадаць атмасферу фільма і данесці да гледача асноўную ідэю аўтара. Дадзеная работа ўжо прыняла ўдзел у 9 кінафэстах і атрымала ўзнагароды ў Партугаліі і самой Турцыі. Прыз — смартфон Samsung Galaxy S7 edge.

Беларускі фільм — пераможца Міжнароднага фэсту мабільнага кіно

Фільм «Работнік года»

І Гран-пры, абсалютную перамогу, узяла стужка маладога рэжысёра Кірыла Нонга «Работнік года». Маладога прыбіральшчыка звальняюць з працы і замест яго ставяць робата. У стужцы адначасова закрануты і сацыяльная праблема беспрацоўя сярод моладзі, і разам з тым гэта сапраўдная фантастыка з пераносам у будучыню, сучасныя мегалакацыі. Дарэчы, як прызнаўся сам рэжысёр стужкі, як раз адпаведныя лакацыі адшукаць было цяжэй за ўсё. У якасці здымачнай пляцоўкі выступіў офіс IBA у мінскім Парку высокіх тэхналогій, атрымалася зняць цалкам сучасныя лакацыі, на падабенстве заходніх шкляна-бетонных офіс-таўэраў. У якасці робата-прыбіральшчыка, які замяніў галоўнага героя, узялі расійскую мадэль робата, які падарожнічае па выставах, прырабілі да яго iPod, на які пусцілі для перадачы эмоцый робата смайлікі. Атрымалася вельмі жыва і сучасна. Фільм атрымаўся не толькі найбольш яркім у тэхнічным плане. Журы адзначылі таксама і яркі почырк рэжысёра, дакладнае разуменне аўтарам таго, што ён робіць. Малады рэжысёр ужо ведае, на што патраціць свой грашовы прыз за перамогу (3 тыс. BYN) — на наступную творчую работу.

Беларускі фільм — пераможца Міжнароднага фэсту мабільнага кіно

Асобнай увагі, лічу, заслугоўвае арганізацыя самога фэсту, якая была на вышыні. Гэта выдатна абраныя месцы для правядзення (лепшыя кіназалы), увага як да ўдзельнікаў фэсту, так і да журналістаў, блогераў і іншых зацікаўленых асоб, звычайных гледачоў. Інтэрактыўныя конкурсы, віктарыны, майстар-класы, прыемныя прызы і падарункі — усё гэта не магло не застацца не заўважным і пакідае вельмі прыемныя ўражанні ад усяго кінафэсту. І застаецца толькі чакаць з нецярпеннем наступных падзей, наступнага фэсту. А таму хочацца выказаць падзяку арганізатарам за выдатна праведзены час, эстэтычнае задавальненне, новыя ўражанні і станоўчыя эмоцыі. І пажадаць далейшых поспехаў!

Беларускі фільм — пераможца Міжнароднага фэсту мабільнага кіно

Лічбы:

273 фільма ад 247 удзельнікаў з 48 краін свету прыняло удзел у 6-м Міжнародным фэсце мабільнага кіно velcom Smartfilm. З іх 12 краін — 75% усіх фільмаў. Гэта — Беларусь, США, Індыя, Іспанія, РФ, Бразілія, Канада, Бангладэш, Вялікабрытанія, Турцыя, Францыя, Іран.

Траціна работ у конкурсе і ў шорт-лісце 6-га фэсту мабільнага кіно — работы беларускіх аўтараў. З іх траціна — гэта жыхары Мінскай вобласці.

948 мабільных фільмаў, 26 прафесіяналаў кіно з Беларусі і замежжа ў журы, 2183 удзельніка майстар-класаў — агульная статыстыка за 6 год працы фестывалю velcom Smartfilm.

На прылады якіх вытворцаў часцей прыходзіліся здымкі фільмаў на конкурсе? 1 месца — Iphone, 2 — Samsung, 3 — Microsoft/Nokia. І далей па ўбываючай — LG, Huawei, Xiaomi, Soni, HTS, Lenovo.

Фота: “Новы час”

Поделиться ссылкой: