У сваёй новай кнізе Алесь Бельскі імкнецца зразумець сутнасць творчай асобы, яе духоўныя пошукі, памкненні і хваляванні, асэнсаваць глыбока этычныя і гуманістычныя погляды беларускіх пісьменнікаў, іх сувязь з жыццём і праблемамі грамадства, выявіць грамадзянскую і эстэтычную каштоўнасць творчасці таго ці іншага аўтара.
 
У прыватнасці, даследчык нашай літаратуры цікава і грунтоўна разглядае ў сваёй кнізе традыцыі Янкі Купалы ў творчасці літаратараў, якія загінулі ў гады Другой сусветнай вайны, асэнсоўвае творчую спадчыну Максіма Багдановіча ў працах Міхася Ларчанкі, Сцяпана Александровіча, Алега Лойкі, распавядае пра Максіма Гарэцкага і Алеся Гаруна, піша пра Якуба Коласа ў паэтычным разважанні Генадзя Бураўкіна, пра асобу і творчую спадчыну Уладзіміра Карпава ў ацэнцы Івана Шамякіна і г.д.
 
Добра, што Алесь Бельскі ўключыў у сваю кнігу і развагі з нагоды выхаду кнігі А.Статкевіч-Чабаганава “Я – сын Ваш”, згадку пра Віктара Хорава, артыкул пра жыццё і творчую дзейнасць акадэміка Васіля Івашына, пра Фаму Бельскага і Міколу Зэрава.
 
Дапаўняе кнігу і раздзел пра знакамітых людзей Капыльшчыны, скуль родам і сам Алесь Бельскі, гутаркі з аўтарам кнігі і развагі пра сучасны стан нашай літаратуры, перадае Беларускае Радыё Рацыя.
 
Фота з сайта racyja.com

Поделиться ссылкой: