Забітая ігумення Cвята-Ксеніеўскага манастыра матухна Васіліса

4

Першым пра забойства паведаміў інтэрнэт-рэсурс mlyn.by, паводле інфармацыі якога злачынства было здзейсненае 5 студзеня прыблізна ў 21.00. Нібыта матухну забіла адна з жанчын, якая прыходзіла дапамагаць у манастыры.

Як паведаміла БелаПАН афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Мінскай вобласці Таццяна Беланог, па факце забойства ігуменні распачатая справа на падставе арт. 139 КК. Затрымалі падазроную, у дачыненні да яе прызначаная псіхолага-псіхіятрычная экспертыза. “Упраўленне СК па Мінскай вобласці ўсебакова разбіраецца ў абставінах здарэння, — сказала Беланог. — З удзельнікамі трагічнай падзеі працуюць следчыя. Кіраўніцтвам УСК ход высвятлення абставінаў здарэння ўзятае на кантроль”.

Паводле звестак БелаПАН, інфармацыя аб трагедыі ў Cвята-Ксеніеўскім манастыры паступіла ў Барысаўскі РАУС учора пасля 21.00. Паведамлялася, што на ігуменню манастыра здзейснены замах. У выніку атрыманых цялесных пашкоджанняў яна памерла на месцы.

Кіраўнік паломніцкай службы Cвята-Ксеніеўскага манастыра Наталля Закрэўская расказала БелаПАН, што “матухна прывячала ў манастыры ўсіх — п’яніц, убогіх. Больш за ўсё яна радавалася за такіх людзей”.

Закрэўская паведаміла, што развітанне з памерлай адбудзецца 8 студзеня. Манастыр чакае ўсіх ахвотных памаліцца за матухну Васілісу або дапамагчы ў падрыхтоўцы да развітання з ёй, дадала кіраўнік паломніцкай службы.

Паводле інфармацыі сайта Cвята-Ксеніеўскага манастыра, ігумення Васіліса (Мядзведзь) нарадзілася 10 сакавіка 1949 года ў горадзе Сосніца Чарнігаўскай вобласці (Украіна). Скончыла гістарычны факультэт Чарнігаўскага педагагічнага інстытута. Выкладала ў школе. Была прыхаджанкай Петра-Паўлаўскага сабора ў Мінску, затым пасля ўтварэння Елізавецінскага сястрынства пры саборы стала сястрой міласэрнасці. У 2001 годзе служыла паслушніцай Свята-Елісавецінскага жаночага манастыра пад Мінскам, потым прыняла пострыг. З 2004 года з благаславення мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі, — ігумення Свята-Ксеніеўскага жаночага манастыра ў вёсцы Барань Барысаўскага раёна.


© Фота: сайт Cвято-Ксеніеўскага манастыра

.

Поделиться ссылкой: