Пра гэта гаворыцца ў апублікаваным 5 студзеня аглядзе вынікаў знешняй палітыкі Беларусі і дзейнасці Міністэрства замежных спраў у 2016 годзе, паведамляе БелаПАН.

“У адпаведнасці з устаноўкамі кіраўніка дзяржавы і ўрада актывізаваны перамоўны працэс па далучэнні Рэспублікі Беларусь да Сусветнай гандлёвай арганізацыі (СГА). Узмоцнены кадравы патэнцыял, сфарміраваная перамоўная дэлегацыя, падрыхтаваныя абноўленыя прапановы па доступе на рынкі тавараў і паслуг”, — адзначаецца ў дакуменце.

Падкрэсліваецца, што намаганні Беларусі па актывізацыі перамоўнага працэсу знайшлі падтрымку ў большасці краін — членаў СГА. “Па выніках разгляду пададзеных беларускім бокам дакументаў Сакратарыят СГА падрыхтаваў і распаўсюдзіў у снежні праект дакладу рабочай групы па далучэнні Рэспублікі Беларусь да Арганізацыі, які стане асновай для правядзення ў студзені 2017 года поўнамаштабнага раўнда перамоваў. Распаўсюджванне праекта дакладу сведчыць пра высокую ступень гатоўнасці краіны-кандыдата да заключнай фазы перамоваў у шматбаковым фармаце”, — зазначана ў аглядзе Міністэрства замежных спраў.

Як паведамлялася раней, на нарадзе 29 сакавіка 2016 года Аляксандр Лукашэнка даручыў актывізаваць перамоўны працэс па ўступленні Беларусі ў СГА. 6 красавіка прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў падпісаў распараджэнне аб актывізацыі органамі дзяржаўнага кіравання працы па далучэнні Беларусі да Сусветнай гандлёвай арганізацыі. Агульную каардынацыю перамоўнага працэсу ўпаўнаважанае ажыццяўляць МЗС.

 
Фота: google.by

Поделиться ссылкой: