Тарыфная стаўка першага разраду для аплаты працы работнікаў бюджэтных арганізацый і іншых арганізацый, што атрымліваюць субсідыі, работнікі якіх прыраўнаваныя па аплаце працы да работнікаў бюджэтных арганізацый, павышаная 1 студзеня да 31 рубля. Адпаведная пастанова Саўміна ад 30 снежня 2016 года № 1115 апублікаваная на сайце ўрада.

З красавіка 2016 года тарыфная стаўка першага разраду складала 298 недэнамінаваных (29,8 дэнамінаванага) рублёў.

Дакументам прадугледжана, паведамляе БелаПАН, што з 1 студзеня дзейнічаюць штомесячныя дыферэнцыяваныя даплаты работнікам бюджэтных арганізацый, якія тарыфікуюцца з першага па сямнаццаты разрады, у памерах ад 5,7 да 8,6 рубля.

Рэспубліканскім органам дзяржкіравання, мясцовым выканаўчым і распарадчым органам, кіраўнікам бюджэтных арганізацый даручана забяспечыць пераразлік заработнай платы работнікаў бюджэтных арганізацый у адпаведнасці з устаноўленай гэтай пастановай тарыфнай стаўкай першага разраду і каэфіцыентамі адзінай тарыфнай сеткі работнікаў (АТС) з улікам карэктавальных каэфіцыентаў і штомесячных дыферэнцыяваных даплат.

Узровень аплаты працы для канкрэтных прафесійна-кваліфікацыйных груп работнікаў вызначаецца рэспубліканскімі тарыфамі аплаты працы. Згодна з АТС кожнай прафесіі і кваліфікацыі ў межах гэтай прафесіі прысвоеныя свае разрады, ад іх залежаць адпаведныя каэфіцыенты. Тарыфная стаўка першага разраду — гэта пачатковы пункт, ад якога вылічаюць памер заработнай платы кожнага разраду.

 
Фота: tut.by

Поделиться ссылкой: