Каторы дзень інтэрнэт гудзе ад таго, якую, можна сказаць, бандыцкую абразу нанёс народнаму паэту Беларусі Рыгору Барадуліну рыэлтар Аляксандр Гарашчэня (на фота).

На сваёй старонцы ў Facebook ён, нават не хочацца чытаць, напісаў : “Сыну ў школе задалі вывучыць верш Рыгора Барадулiна. Рыгор гэты ёсць у яго падручніку. Сябра Партыі БНФ, то бок перакананая нацысцкая сволач, цяпер ужо дохлая. Грэка-каталік, натуральна, і, як паэт, дрэнь. Увогуле, я яму сказаў, што вось гэта ён вучыць не будзе. Хлопец уздыхнуў з палёгкай”.

Калі гэты, прабачце, крымінальны пост выпадкова ўсплыў, ён літаральна ўзарваў свядомую грамадскасць.

 

ПРЫЗНАННЕ

Рыгора Барадуліна ён нават не чытаў

Карэспандэнт “Народнай Волі” пагутарыў з “героем” скандальнай гісторыі.

– Вы раней нічога не ведалі пра Рыгора Барадуліна, не чыталі яго вершы ў школе?

– Не чытаў.

– Ведаеце, на вас збіраюцца падаваць заяву ў пракуратуру?

– Няхай падаюць, і няхай суд, у рэшце рэшт, вызначыць ступень маёй вінаватасці.

– Якая была рэакцыя на гэты ўчынак вашых калег па працы?

– Зараз мне патэлефаналі з БДУ і паведамілі, што працягнуць супрацоўніцтва са мной не могуць. А ў агенцтве нерухомасці я таксама больш не працую.

– Вам сорамна за тое, што зрабілі?

– Зразумела, што гэта быў учынак, якім ганарыцца ніяк нельга. Трэба было калі і пісаць, то абыходзіцца без нейкіх брыдкіх выразаў. Але што зроблена, тое ўжо зроблена…

***

Як бачым, спадар Гарашчэня паняцця не мае пра такую нацыянальную асобу, як Рыгор Барадулін, і ў той жа час абазваў яго “нацысцкай сволаччу”. Пры гэтым забараніў сыну вучыць вершы народнага паэта Беларусі.

Што гэта – звычайная неадукаванасць, манкурцтва ці хуліганства на палітычнай глебе? Мяркую, адказ на гэтае пытанне грамадскасць атрымае ў бліжэйшы час.

Алесь СВЯТЛАНІЧ.

 

КАМЕНТАРЫЙ ЮРЫСТА

Ці можна прыцягнуць Гарашчэню да адказнасці?

– Калі абразу, якую дазволіў сабе гэты чалавек у сацыяльных сетках, разглядаць у кантэксце  адміністрацыйнага ці крымінальнага пераследу, то тут павінен быць пацярпелы – канкрэтная фізічная асоба, якую абразілі, – кажа праваабаронца Валянцін СТЭФАНОВІЧ. – А яе няма. Таму ў адміністрацыйна-крымінальным парадку да адказнасці Гарашчэню не прыцягнеш.

Тэарэтычна магчыма гэта зрабіць у грамадзянска-прававым парадку. Грамадзянскі кодэкс прадугледжвае магчымасць абароны гонару і годнасці (у тым ліку і памерлых) шляхам падачы іску ў суд з мэтай абвяржэння непраўдзівай інфармацыі і патрабаваннем кампенсацыі маральнай шкоды. Гэта могуць зрабіць блізкія Рыгора Іванавіча Барадуліна.

“Народная Воля” пацікавілася, як адрэагавалі на скандал, выкліканы абразай памяці Рыгора Барадуліна, вядомыя беларускія творцы.

 

АЎТАРЫТЭТНА

Сяргей ЗАКОННІКАЎ, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі:

“Проста мярзотнік”

– Гэты гнюсны выпадак дае падставу глянуць на сітуацыю ў Беларусі больш аб’ёмна. У нас развялося шмат вялікіх знаўцаў і ацэншчыкаў літаратуры, і многія з іх самі спрабуюць нешта рыфмаваць, а потым, калі нешта не ўдаецца, яны страшна ненавідзяць усіх таленавітых і паспяховых творцаў. І пра гэта таксама трэба гаварыць, хоць чалавек, які абразіў Барадуліна, і не з гэтай кампаніі.

З аднаго боку,  у Еўропе Беларусь славіцца як краіна паэтаў. А з другога – і мы пра гэта амаль ніколі не гаворым – гэта краіна зацятых графаманаў і бяздарных людзей. І гэтая бяздарнасць выяўляецца не толькі ў паэзіі, але і ў палітыцы, навуцы, эканоміцы, вытворчасці. За прыкладамі далёка хадзіць не трэба, усё як на далоні.

Што тычыцца гэтага канкрэтнага выпадку з рыэлтарам і пазаштатным выкладчыкам БДУ, то мне абсалютна не зразумела, для чаго ён выносіў свае выказванні на шырокую публіку. Можа, хацеў паказаць, што такі круты і можа абразіць народнага паэта? Альбо зрабіў гэта, каб наогул зняважыць усіх беларусаў? Магчыма, ён ненавідзіць беларускую мову. Але ж калі чытаеш гэтага ж самага Гарашчэню, то ўзгадваеш, якія ацэнкі выдае беларускай мове і нашым лепшым пісьменнікам сам кіраўнік краіны…

Барадулін не павінен падабацца ўсім. І сапраўды можа не падабацца Гарашчэні, хоць, як я зразумеў, для яго ні Барадулін не аўтарытэт, ні Быкаў. Але я пра іншае хачу сказаць. Як такі чалавек можа выкладаць ва ўніверсітэце? У дзяржаўным універсітэце? Як з такімі думкамі можна наогул ісці да людзей?

У інтэрнэце з’явілася некалькі публікацый наконт таго, што не трэба таптаць гэтага антыгероя, бо тыя, хто яго топчуць, ператвараюцца ў такіх жа антыгерояў, як і ён сам. Мне падаецца, што гэты Гарашчэня нават не антыгерой. Ён проста мярзотнік. А мярзотнікі заслугоўваюць адпаведнай ацэнкі.

Калі дарослы чалавек, пры памяці, выкладчык, гаворыць свайму сыну, што не трэба вучыць верш Рыгора Барадуліна, то… Ну а навошта тады хадзіць у школу, калі можна слухаць толькі свайго байцьку і выдуманага бацьку ўсёй Беларусі – і тады будзеш ведаць вершы Быкава, бачыць, як Францішак Скарына шпацыруе па Пецярбургу… Разумныя людзі ведаюць, каго я парадырую.

Учынак гэтага рыэлтара Гарашчэні падобны на дзеянні чалавека, які спецыяльна гучна сапсаваў паветра ў грамадскім месцы і пасля гэтага пераможна абвёў ганарлівым позіркам усю публіку.

А Рыгор Барадулін як быў, так і застанецца геніяльным паэтам Беларусі. Навечна! І новыя пакаленні будуць вучыць на памяць ягоныя вершы ў школе. Бо не такія мярзотнікі і цемрашалы робяць надвор’е ў Беларусі. У нашай краіне вельмі шмат таленавітых і разумных людзей ва ўсіх сферах.

Рыгор СІТНІЦА, старшыня Беларускага саюза мастакоў, член Саюза беларускіх пісьменнікаў:

“Гэта невуцтва і хамства!”

– Я лічу, што трэба ісці ў суд і патрабаваць, каб гэтага чалавека пакаралі за абразу. Такіх людзей трэба спыняць і вучыць. Бо гэта пераходзіць межы дазволенага. І калі суд прызначыць яму штраф, то гэтыя грошы павінны пайсці на мемарыяльную дошку, якую мы павесім на доме, дзе жыў геніяльны паэт Рыгор Іванавіч Барадулін.

Думаю, і Партыя БНФ таксама можа звярнуцца ў суд.

Я чалавек вельмі трывалы да ўсялякіх заяў, але гэта мая глыбінная, асабістая абраза. Я гэтаму чалавеку ніколі не дарую гэтых слоў. Ён пакрыўдзіў тысячы людзей, якія захапляюцца Барадуліным. Ягоныя словы – гэта невуцтва. Хамства. Цемрашальства. І гэтага нельга проста так пакідаць. Ён абразіў усю беларускую літаратуру, дзяржаўную мову, у рэшце рэшт.

Рыгор Барадулін – гэта чалавек, якім Беларусь павінна ганарыцца!

А яшчэ мне шкада таго дзіцёнка, у якога такі бацька…

Леанід ДРАНЬКО-МАЙСЮК, паэт:

“Нарэшце грамадства прачнулася…”

– Я магу сказаць наступнае: дзякуй Богу, што наша грамадскасць нарэшце прачнулася. Але шкада, што яно не прачнулася ў 1995 годзе, калі быў зняважаны Янка Брыль. Дарэчы, таксама народны пісьменнік. Успомнім непрыгожае выступленне Глобуса ў адной з беларускіх газет.

Шкада, што наша грамадскасць не прачнулася, калі Бахарэвіч зняважыў Янку Купалу, назваўшы яго “Каянам-Лупакам”. А Купала, заўважу, таксама народны. Многія тады прамаўчалі. Выступіў толькі Рыгор Сітніца, але ён зрабіў гэта ад самога сябе. А грамадскасць маўчала. Так што я радуюся, што нарэшце яно прачнулася.

Праблема, калі ў нашым беларускім полі зневажаюць беларускіх народных пісьменнікаў, пачалася не з гэтага выкладчыка Гарашчэні. Яе запачаткавалі ў тым ліку і тыя людзі, якія з’яўляюцца носьбітамі беларускай культуры. На вялікі жаль…

 

Алена МАРЦУЛЕВІЧ:

«Гэта выклікі, паводзіны і дзеянні няспелай асобы»

Рэакцыя Белдзяржуніверсітэта на выказванні рыэлтара Аляксандра Гарашчэні, які, як высветлілася, праводзіў трэнінгі ў БДУ, была маланкавай. Кіраўнік прэс-службы універсітэта Алена Марцулевіч не стала чакаць, калі журналісты патэлефануюць ёй за каментарыем, а сама звярнулася ў прэсу з заявай: Аляксандр Гарашчэня ніколі не з’яўляўся штатным і нават пазаштатным супрацоўнікам ВНУ. У 2014/2015 навучальным годзе ён правёў некалькі трэнінгаў са студэнтамі Дзяржаўнага інстытута кіравання і сацыяльных тэхналогій БДУ, у мінулым годзе зусім не прыцягваўся да супрацоўніцтва, а ў гэтым навучальным годзе правёў усяго адзін трэнінг.

– Мне прыкра, што дзесьці там ён згадваў, што з’яўляецца выкладчыкам нашага ўніверсітэта. Зразумела, што рабіў ён гэта для таго, каб умацаваць свой імідж, – кажа Алена Марцулевіч сёння. –  Я вельмі балюча рэагую, калі такога кшталту ўчынкі звязваюць з імем БДУ. Гэтае імя трэба берагчы і асцярожна да яго ставіцца. Я ўпэўнена, што ўсе нашы выкладчыкі. супрацоўнікі паважліва ставяцца да беларускіх класікаў, чытаюць іх, цытуюць.

Не магу сцвярджаць, праводзілася ці не пасля гэтага інцыдэнту нейкая работа на факультэтах, але, думаю, адпаведныя высновы ўсё ж зрабілі. І ў першую чаргу выкладчыкі. Я думаю, ва ўсіх рэакцыя была аднолькавая, і добра, што ён прынёс прабачэнні.

– Унучка Барадуліна сказала, што перад ёй і жонкай Рыгора Іванавіча ніхто не выбачыўся. Больш за тое, таварыш Гарашчэня працягвае паводзіць сябе задзірліва, быццам адчувае сваю беспакаранасць. Размясціў новы пост у сацыяльных сетках: «Сустрэцца са мной, калі я адчайна камусьці не падабаюся, нескладана – месца працы вядома, тэлефон вядомы, так што ласкава просім. Што да пракуратуры, суда і РАУС, калі тут і праўда ёсць тыя, хто лічыць, што я павінен перад законам адказаць, так я адкажу, падавайце, не саромейцеся».

– Мне падаецца, калі грамадскасць перастане надаваць яму ўвагу і пакіне гэтую сітуацыю на той стадыі, на якой яна ёсць, то і ён не будзе сябе паводзіць як падлетак пераходнага ўзросту. Гэта выклікі, паводзіны і дзеянні няспелай асобы. Дастаткова было папрасіць прабачэння перад сваякамі, перад грамадзянамі і самому закрыць гэтую тэму, а журналістам яе больш не развіваць.

– Але хіба можна на такое не звяртаць увагу?

–  Гледзячы якім чынам. Я лічу, што трэба рабіць канкрэтныя дзеянні. Асабіста перада мной такая задача не стаіць. Гэта, напэўна, справа сваякоў, магчыма, нейкіх грамадскіх арганізацый.

Вольга ГРЫНЯВІЦКАЯ.

 

АФІЦЫЙНА

Ад трэнінгаў Гарашчэні ў БДУ адмовіліся

Рыэлтар Аляксандр Гарашчэня быў дапушчаны да працы са студэнтамі са згоды кіраўніцтва кафедры кіравання нерухомасцю Дзяржаўнага інстытута кіравання і сацыяльных тэхналогій БДУ.

Загадчыца кафедры, кандыдат тэхнічных навук Таццяна Барздова кажа, што пасля інцыдэнту на кафедры было прынята адназначнае рашэнне: больш Гарашчэню да супрацоўніцтва не прыцягваць.

– Справа ў тым, – кажа Таццяна Барздова, – што кафедра супрацоўнічае з рознымі агенцтвамі, таму што спецыяльнасць, па якой выпускаюцца студэнты, “менеджмент нерухомасці”, і адзін з аспектаў іх будучай працы – гэта рыэлтарская дзейнасць.

Аляксандр Гарашчэня калісьці сам прыйшоў да нас. Атэставаны рыэлтар, прафесіянал рынку на той час. Мы ж не правяраем па сацыяльных сетках, што гэта за чалавек… Спачатку былі разавыя сустрэчы са студэнтамі, потым паўстала ідэя правесці некалькі заняткаў, назваць іх агульнай тэмай «Школа рыэлтарскага майстэрства». Заняткі ў яго праходзілі жыва, цікава, ніякіх вольнасцяў, ніякай палітыкі ён сабе не дазваляў. Студэнтам падабаліся яго трэнінгі, яны з задавальненнем іх наведвалі. Я прысутнічала на яго занятках, нашы выкладчыкі прысутнічалі. Усё было ў рамках адукацыйнага працэсу.

Але больш Аляксандр Гарашчэня з намі супрацоўнічаць не будзе.

Марыя ЭЙСМАНТ.

 

РЭЗАНАНС

“Жыве ў краіне, якую так ненавідзіць…”

Словы Аляксандра Гарашчэні выклікалі абурэнне ў вельмі многіх людзей.

“Народная Воля” сабрала толькі некаторыя выказванні з інтэрнэт-форумаў.

“Дурань, болей няма чаго сказаць. Шкада яго”.

***

“Лепей бы спыталіся, якія каналы ён глядзіць штовечар, і ўсё стала б на свае месцы”.

***

“Самае брыдкае, што i сына свайго гадуе ў нянавiсцi да ўсяго беларускага. Ганьба!”

***

“Напэўна, трэба нашчадкам Барадуліна падаваць у суд за абразу, ці Саюзу пісьменнікаў”.

***

“Жыве ў краіне, якую так ненавідзіць. Няшчасны чалавек”.

***

“Праглядзела старыя запісы беларусафоба Гарашчэні ў ЖЖ. Да пачатку расійскай ашалелай прапаганды супраць Украіны ён нічога не пісаў ні пра каларадскія стужкі, ні пра “злобных украў” і гэтак далей. Гэта азначае, што ён звычайная ахвяра тэлевізара. А гэта значыць, што не здольны да самастойнага мыслення і глытае ўсё, чым яго кормяць па ТБ”.

***

“А ведь самое страшное не в том, что он так думает. Это его право так думать. Ужас в том, что он считает возможным и необходимым выпячивать на всеобщее обозрение свое невежество и ненависть к белорусской культуре… Интересно, правоохранительные органы привлекут его к ответственности за экстремизм?»

***

“Амаль у кожнага з нас ёсць знаёмыя, падобныя на гэтага Гарашчэню. Яны жывуць сярод нас, жруць нашы каўбасы і ненавідзяць нас. Добра, мы людзі мірныя, баязлівыя (талерантныя), змірыліся з такім суіснаваннем. Ды няхай яны задушацца сваёй нянавісцю, марамі аб перамозе “русского мира” ва ўсім свеце, але толькі моўчкі, у сябе дома і лепш пад коўдрай. Нельга даваць ім волю распаўсюджваць пачварны бруд сваіх перакананняў сярод моладзі, адкрыта выказваць свой негатыў да Беларусі і ўсяго беларускага”.

ДА АДКАЗУ!

Сваякі і грамадзяне рыхтуюць дакументы ў суд

Актывіст і стваральнік курсаў «Мова нанова» Глеб Лабадзенка збіраецца падаць дакументы ў Генпракуратуру за абразу памяці народнага паэта Рыгора Барадуліна. Але канкрэтна ў дадзены момант спадар Лабадзенка знаходзіцца за мяжой. Ён даслаў нам у рэдакцыю смс-паведамленне, якое ўдакладняе, што, на жаль, зрабіць да ад’езду ён гэтага не паспеў.

Паводле яго слоў, сваякі народнага паэта со свайго боку рыхтуюць дакументы ў суд і чакаюць кансультацыі юрыста. Вочная размова з імі пакуль не адбылася. Валянціна Міхайлаўна Барадуліна, удава паэта, днём не падыходзіць да тэлефона, а калі позна ўвечары ўсё ж такі бярэ трубку, стомлена адсылае да сваёй унучкі Дамінікі і заканчвае размову. Дамініка таксама звяла зносіны з прэсай да нуля, спасылаючыся на дрэннае самаадчуванне. Што, вядома ж, зразумела: жахлівыя словы кінуты ў адрас дзядулі і мужа – іх блізкага, каханага, роднага чалавека… Ім, напэўна, не хацелася б марнаваць сілы на стварэнне інфармацыйнай буры – лепш сканцэнтравацца на законных дзеяннях, якія дазваляюць прыцягнуць крыўдзіцеля да адказу.

Алена МАЛОЧКА.

 

ШТРЫХ

Ён раней быў у цэнтры гучнай крымінальнай справы

Рыэлтар Гарашчэня праходзіў у якасці сведкі ў працэсе дзвюх чыноўніц з Міністэрства юстыцыі, якія трапілі на лаву падсудных за хабар. На той час Гарашчэня працаваў у рыэлтарскай фірме «Квадратны метр».

Гарашчэня звярнуўся да свайго начальніка Ігара Мяркулава з просьбай дапамагчы, каб яго жонка, Вольга Гарашчэня, атрымала ліцэнзію рыэлтара. Мяркулаў паабяцаў зладзіць гэта праз начальніка ўпраўлення адвакатуры і ліцэнзавання Мінюста Галіну Грышкавец. Чыноўніца адказала, што цана пытання 1 тысяча долараў.

«Муж і жонка аператыўна сабралі патрэбную суму і праз дырэктара агенцтва перадалі грошы чыноўніцы. Яна ў сваю чаргу дала экзаменацыйны тэст з варыянтамі адказаў. Тэкст раздрукоўвала намеснік начальніка ўпраўлення Наталля Беразоўская, якая цяпер праходзіць па справе другой абвінавачанай», – пісалі падчас працэсу naviny.by.

У выніку суда Галіна Грышкавец была асуджана на 8 гадоў зняволення, а Наталля Беразоўская – на 4.

Вольга Гарашчэня цяпер значыцца як «атэставаны рыэлтар» на сайце агенцтва «Акадэм-нерухомасць».

 

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»