Як сведчаць даныя Нацыянальнага банка, рост праблемных актываў адбыўся ва ўсіх банках незалежна ад формы ўласнасці, аднак тэмп росту крэдытаў, якія не абслугоўваюцца, аказаўся розным.

Так, праблемныя актывы дзяржаўных банкаў павялічыліся з 10,4 трлн. на 1 ліпеня 2015 года да 37,5 трлн. на 1 ліпеня гэтага, банкаў з замежным капіталам — з 9,6 трлн. да 16,7 трлн. рублёў, прыватных банкаў — з 513,7 млрд. да 1,27 трлн. рублёў адпаведна.

Пры гэтым варта адзначыць, паведамляе БелаПАН, што рост праблемных актываў банкаў звязаны выключна з пазыкамі, якія даваліся юрыдычным асобам. Так, калі праблемныя актывы банкаў, выдадзеныя насельніцтву, скараціліся за апошні год на 13%, то праблемныя актывы, выдадзеныя прадпрыемствам рэальнага сектара, павялічыліся амаль у 3 разы і да 1 ліпеня дасягнулі 54,3 трлн. рублёў.

Рост праблемнай запазычанасці адбыўся па крэдытах, выдадзеных як у нацыянальнай, так і ў замежнай валюце.

Праблемныя актывы дзяржбанкаў, выдадзеныя ў нацыянальнай валюце, выраслі за апошні год у 3,3 разу і склалі 16,7 трлн. рублёў на 1 ліпеня, у замежнай валюце — амаль у 4 разы, да 20,8 трлн.

Праблемныя актывы банкаў з замежным капіталам, выдадзеныя ў беларускіх рублях, павялічыліся за апошні год у 2,6 разу і дасягнулі 4,8 трлн. рублёў, у замежнай валюце — у 1,5 разу, да 11,9 трлн.

У прыватных банках праблемныя актывы, выдадзеныя ў нацвалюце, павялічыліся ў 2,6 разу, да 4,8 трлн. рублёў, у замежнай валюце — у 2,4 разу, да 941,8 млрд.

Як паведамлялася раней, з пачатку 2016 года сукупныя праблемныя актывы беларускіх банкаў падвоіліся і на 1 ліпеня склалі 55,5 трлн. рублёў. Па выніках першага паўгоддзя доля праблемных актываў у банкаўскай сістэме дасягнула 13,4% (супраць 6,83% на 1 студзеня).

Варта адзначыць, што ў пачатку гэтага года Нацыянальны банк па рэкамендацыі Міжнароднага валютнага фонду (МВФ) ініцыяваў ацэнку якасці актываў беларускіх банкаў. Гаворка ішла аб незалежнай дыягностыкі дзевяці найбуйнейшых банкаў. Вядома, што такая ацэнка завершана, аднак яе вынікі пакуль не апублікаваныя.

На прэс-канферэнцыі 30 чэрвеня ў Мінску кіраўнік місіі МВФ у Беларусі Пітэр Долман выказаў надзею на тое, што «хоць нейкая частка атрыманай у ходзе незалежнай ацэнкі інфармацыі будзе даведзеная да ведама грамадскасці». «Узровень праблемных актываў беларускіх банкаў расце, і незалежная ацэнка якасці банкаўскіх актываў адыгрывае ў сувязі з гэтым вялікае значэнне», — падкрэсліў прадстаўнік МВФ.

Фота з сайта БелаПАН