«Давайце не будзем забываць, што апазіцыя, як звычайна, рыхтуецца да пройгрышу. Каб падрыхтавацца да пройгрышу, трэба сапсаваць, зганьбаваць рэпутацыю тых, хто праводзіць выбары. Яны (апазіцыя. — БелаПАН.) увесь час гэтым займаюцца», — заявіла Ярмошына.

«Я не веру ва ўкідванне бюлетэняў — гэта грамадскія арганізацыі, сумленныя людзі, лепшыя з лепшых патрапілі ў выбарчыя камісіі. Існуе кантроль грамадскасці. Скрыні апячатваюцца. Адбіткі пальцаў здымаць? Гэта ж грамадскае мерапрыемства», — зазначыла кіраўнік Цэнтрвыбаркама.

Пры гэтым яна прызнала, паведамляе БелаПАН, што выбары — працэс «ў пэўным плане непрадказальны». Паводле слоў кіраўніка ЦВК, розныя палітычныя сілы могуць выкарыстоўваць выбары як нагоду, каб абвастрыць палітычную сітуацыю. «І тыя заклікі, якія раздаюцца ўжо цяпер, паказваюць, што ўдзельнікі падзеяў 2010 года не навучыліся нічому нават у турме (маюцца на ўвазе масавыя затрыманні пратэстуючых супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года. — БелаПАН.). То бок, яны зноў спрабуюць справакаваць нейкія акцыі непадпарадкавання. Вось гэта і з`яўляецца самай вялікай пагрозай. Усяму астатняму мы дамо рады. Усё знаходзіцца пад кантролем», — запэўніла кіраўнік Цэнтрвыбаркама.

Парламенцкія выбары ў Беларусі пройдуць 11 верасня.