Дзяўчына апошнім часам вучыцца ў Кракаўскай акадэміі мастацтваў і прымала ўдзел у Сусветных днях моладзі ў якасці валанцёра, паведамляе Газета Выборча.

31 ліпеня на сустрэчы пантыфіка з валанцёрамі ў “Таўрон Арэне” Яна выставіла вялікі транспарант з надпісам “Папа, патэлефануй мне” і нумарам свайго тэлефона. Гэтую абвестку паказалі па тэлеканалах розных краін, перадае Еўрарадыё.

Пакуль кіраўнік каталіцкай царквы не адгукнуўся на просьбу дзяўчыны, але яна атрымала шмат званкоў і смс ад людзей з розных краін. Некаторыя жартавалі, а некаторыя прадстаўляліся перакладчыкам папы, аднак беларуска не губляе надзеі дачакацца званка ад папы Францішка.

Яна Шостак сказала, што просьба да пантыфіка была артыстычнай акцыяй. Па яе словах, некаторыя артысты агаляюцца, а яна вырашыла публічна паказаць свой нумар тэлефона.

Каталіцкі фестываль Сусветныя дні моладзі праходзіў у Кракаве 26-31 ліпеня. У заключнай імшы з удзелам папы Францішка прыняло ўдзел ад 2,5 да 3 мільёнаў чалавек з болей як 180 краін.

Фота: Газета Выборча