Як паведамляе прэс-служба беларускага МЗС, бакі абмеркавалі ход бягучай выбарчай кампаніі ў Беларусі, а таксама шэраг пытанняў, звязаных з арганізацыяй міжнароднага назірання, у тым ліку па лініі БДІПЧ.

Беларускі бок пацвердзіў, паведамляе БелаПАН, што выбары пройдуць у поўнай адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам і міжнароднымі абавязацельствамі нашай краіны, а таксама выказаў гатоўнасць забяспечыць неабходныя ўмовы для працы міжнародных назіральнікаў, адзначаецца ў паведамленні.

Нагадаем, місія БДІПЧ АБСЕ прыбыла ў Беларусі 31 ліпеня. Кіраўнік місіі Каэтана дэ Зулуета Аўтрам — прадстаўнік Італіі. Нарадзілася ў Калумбіі, з 1981 года працавала журналістам, зараз блогер. З 1996 года абіраецца ў італьянскі парламент. У якасці кіраўніка місіі БДІПЧ АБСЕ Каэтана дэ Зулуета Аўтрам працавала ў Азербайджане, Турцыі, Чэхіі, Францыі, ва Узбекістане, Украіне.

Сёння назіральнікі БДІПЧ плануюць наведаць ЦВК, дзе сустрэнуцца з кіраўніком Цэнтрвыбаркама Лідзіяй Ярмошынай.

Як паведамлялася раней, для працы на парламенцкіх выбарах у Беларусі БДІПЧ АБСЕ плануе накіраваць 40 доўгатэрміновых і 400 кароткатэрміновых назіральнікаў.

Фота: nn.by