Абвінавачваны — 32-гадовы Дзмітрый Лукашэвіч — прызнаны вінаватым у хуліганстве і прычыненні смерці па неасцярожнасці і прыгавораны да трох гадоў пазбаўлення волі.
Прысуд абвясціла суддзя Вікторыя Шабуня, паведамляе БелаПАН, пасля чаго Лукашэвіча ўзялі пад варту ў зале суда. Пакаранне, з улікам ужо адбытага тэрміну, ён будзе адбываць у папраўчай калоніі агульнага рэжыму.

Нагадаем, пасля бойкі 25 мая 2014 года ўрачы дыягнаставалі ў Пішчэўскага пералом чэрапа і кровазліццё ў мозг, каля 20% галаўнога мозгу прыйшлося выдаліць. Памёр малады чалавек 27 кастрычніка 2015 года.

16 кастрычніка 2014 года суд Цэнтральнага раёна прызнаў Лукашэвіча вінаватым у хуліганстве, прычыненні цяжкага цялеснага пашкоджання па неасцярожнасці і прыгаварыў да двух гадоў і васьмі месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, хоць пракурор запытваў сем гадоў калоніі. Абвінавачанага абавязалі выплаціць яшчэ жывому тады Пішчэўскаму 100 млн. рублёў.

Бацькі абскардзілі прысуд, Мінгарсуд пагадзіўся з гэтым і накіраваў справу на паўторны разгляд. Аднак 13 студзеня 2015 года раённы суд пацвердзіў свой першапачатковы вердыкт, змяніўшы толькі суму, якую Лукашэвіч павінен выплаціць у якасці кампенсацыі шкоды: 150 млн. рублёў — Пішчэўскаму і 63 млн. — яго маці.

20 жніўня 2015 года Лукашэвіч выйшаў на волю па амністыі. Пасля смерці пацярпелага крымінальная справа была адноўленая ў сувязі з тым, што “наступілі больш цяжкія наступствы ў выглядзе смерці пацярпелага”, калі стала вядома, што смерць настала ад атрыманых цялесных пашкоджанняў. На гэты раз Лукашэвічу ўжо было выстаўленае абвінавачванне ў хуліганстве (ч. 1 арт. 339 КК) і прычыненні смерці па неасцярожнасці (ч. 1 арт. 144 КК).

На трэцім працэсе ў раённым судзе, які пачаўся 8 ліпеня, маці Пішчэўскага запатрабавала ад абвінавачанага выплаціць у якасці кампенсацыі маральнай шкоды ўжо 100 тыс. дэнамінаваных рублёў, брату і сястры — па 50 тыс. Рублёў. Абвінавачаны іск не прызнаў. Не прызнаў ён і сваёй віны ў інкрымінаваных дзеяннях. Лукашэвіч не адмаўляў, што ўдарыў Пішчэўскага, але расцэньвае гэта толькі як цяжкія цялесныя пашкоджанні. Дзяржабвінаваўца Максім Чупрыс прасіў суд прысудзіць абвінавачванага да трох гадоў пазбаўлення волі.

Да суда Лукашэвіч знаходзіўся пад падпіскай аб нявыездзе. Ён працуе аператарам станка з праграмным кіраваннем у прыватнай кампаніі. У гэтай жа фірме малады чалавек працаваў да здарэння ў маі 2014 года. Пасля адбытага пакарання яго зноў узялі на гэтую працу.

Праваабаронцы і родныя Пішчэўскагв лічаць, што прычынай канфлікту стала сексуальная арыентацыя Міхаіла.

Што тычыцца матэрыяльнай кампенсацыі маральнай шкоды, то суд абавязаў Лукашэвіча выплаціць маці Пішчэўскага 10 тыс. рублёў, сястры і брату — па 5 тыс. рублёў.

 
фото: n1.by