25 жніўня 1991 года праз тры дні пасля правалу путчу ў Маскве, Вярхоўны савет 12-га склікання надаў дакументу статус канстытуцыйнага закона. 19 верасня таго ж года ў сувязі з перайменаваннем БССР у Рэспубліку Беларусь адпаведныя змены былі ўнесены ў назву і тэкст дэкларацыі. Была ўведзена новая дзяржаўная сімволіка — бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня».
 
15 сакавіка 1994 года ў развіццё палажэнняў дэкларацыі была прынята новая Канстытуцыя. Па выніках рэспубліканскага рэферэндуму 14 мая 1995 года, які быў ініцыяваны прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам, руская мова атрымала статус другой дзяржаўнай мовы, змяніліся таксама герб і сцяг Беларусі.
У 1991—1996 гадах 27 ліпеня адзначалася ў Беларусі як дзяржаўнае свята — Дзень Незалежнасці. Пасля лістападаўскага рэферэндуму 1996 года Днём Незалежнасці стала лічыцца 3 ліпеня — дзень вызвалення Мінска ад гітлераўцаў.

У адпаведнасці з палажэннямі дэкларацыі, перадае БелаПАН, якая працягвае мець законную сілу, Рэспубліка Беларусь з`яўляецца суверэннай дзяржавай, якая сцвердзілася на аснове ажыццяўлення беларускай нацыяй яе неад`емнага права на самавызначэнне, дзяржаўнасці беларускай мовы, вяршэнства народа ў вызначэнні свайго лёсу.

Беларуская апазіцыя правядзе сёння шэраг акцый, прымеркаваных да гэтай даты. Актывісты зарэгістраванай у Чэхіі арганізацыі «Малады фронт» у 8.30, перад пачаткам працоўнага дня, адзначаць гадавіну прыняцця дэкларацыі ўзняццем нацыянальных сцягоў на плошчы Незалежнасці каля Дома ўрада, дзе падпісвалася дэкларацыя.

Партыя БНФ у рамках выбарчай кампаніі ў 17.00 правядзе каля Беларускай дзяржаўнай філармоніі пікет «Праспект нацыянальнага сцяга». У рамках акцыі запланавана ўручэнне памятнага знака імя Віктара Івашкевіча — члена Партыі БНФ, які памёр тры гады таму.

Правацэнтрысцкая кааліцыя, у якую ўваходзяць рух «За Свабоду», Аб`яднаная грамадзянская партыя і аргкамітэт па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», правядзе ў 18.00 пікет каля ГУМа. У рамках акцыі 12 прэтэндэнтаў у дэпутаты ад кааліцыі зачытаюць 12 пунктаў Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце.

Пікет у гонар абвяшчэння незалежнасці Беларусі правядзе ў 19.00 насупраць ГЦ «Максімус» (скрыжаванне вуліц Сухараўскай і Лабанка) намеснік старшыні руху «За Свабоду» Алесь Лагвінец. Чакаецца, што на акцыі выступіць вядомы музыкант Лявон Вольскі, перформанс са сваімі карцінамі наладзіць мастак Алесь Пушкін. Весці пікет будзе акцёр і тэлевядучы Юрый Жыгамонт.

Каментуючы БелаПАН гадавіну прыняцця дэкларацыі, дэпутат Вярхоўнага савета 12-га склікання Мечыслаў Грыб адзначыў, што «два дзясяткі гадоў кіраўніцтва Беларусі не надавала істотнага значэння дзяржаўнаму суверэнітэту, робячы ўпор на інтэграцыю з суседняй дзяржавай». «Але ў апошні час яно значна памяняла сваю рыторыку, — дадаў Грыб. — Улада, магчыма, нават часцей, чым апазіцыя, стала ўжываць словы «незалежнасць» і «суверэнітэт». Мабыць, адчула, што рэальнаму суверэнітэту і незалежнасці пагражаюць з Усходу» .

У той жа час, лічыць экс-парламентарый, трэба не толькі гаварыць, але і прымаць канкрэтныя рашэнні па ўмацаванні незалежнасці. У гэтым кірунку ўлада робіць мала захадаў.

Грыб назваў няправільным перанос святкавання Дня Незалежнасці на 3 ліпеня. «Зменіцца ўлада — зменіцца і дата, 27 ліпеня зойме сваё законнае месца ў календары. Хоць справа нават не ў тым, у які з дзён адзначаецца свята, — галоўнае, каб суверэнітэт і незалежнасць былі напоўнены неабходным зместам», — падкрэсліў палітык.

У сваю чаргу дэпутат Вярхоўнага савета 12-га склікання Алег Трусаў, які, як і іншыя дэпутаты ад БНФ, пакінуў залу падчас галасавання па дэкларацыі, кажа, што не варта надаваць гэтаму дакументу вялікага значэння. «Тыя, хто яго прымалі, думалі, што гэта чыстая фармальнасць, што застанецца Савецкі Саюз, ім не прыходзіла ў галаву, што дакумент пачне дзейнічаць праз год. Для нас больш важныя дакументы, прынятыя ў 1991 годзе. Хоць, вядома, пачатак адліку суверэнітэту ідзе ад прыняцця дэкларацыі, забываць гэты дзень нельга», — дадаў Трусаў.

На яго думку, цяперашняму кіраўніцтву Беларусі вельмі пашанцавала з прыняццем дэкларацыі. «Ім гэты дакумент даў уладу, якой яны карыстаюцца з 1994 года. Цяпер улады адчуваюць пагрозу з Усходу. Калі раней яны спявалі пра непарушнае братэрства, то пасля падзей ва Украіне ўбачылі, чым для іх гэта братэрства можа скончыцца. Асабліва калі танкі стаяць ужо пад Бранскам», — дадаў Трусаў.

 
Фота з сайта БелаПАН