Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

«Атрымаўшы прапанову падзяліцца ўражаньнямі ад таго, што я ўбачыў у Беларусі пасьля 20 гадоў адсутнасьці на радзіме, я спачатку скептычна паставіўся да такой ідэі», – сказаў Сяргей Навумчык, перадаючы «Салідарнасці» свае нататкі.
11:04 23 чэрвеня 2016
556
Памер шрыфта

«Па-першае, мой прыезд быў выкліканы вельмі асабістымі прычынамі, я адразу ў аэрапорце сказаў журналістам, што ня буду рабіць ніякіх палітычных ці грамадзкіх, ці прафэсійных сустрэчаў – толькі родныя і блізкія, большасьць зь якіх я ня бачыў 20 гадоў. А дачка ўвогуле бабулю і дзядулю па лініі маці так і не пабачыла.

Я ужо чытаў пэўныя камэнтары, і на іх у мяне адзін адказ: я не прыехаў рабіць рэвалюцыю (і ніхто рэвалюцыю цяпер ня зробіць). Я прыехаў да бацькоў – і каб не дачка, якая у свае чатырнаццаць ніколі не была ў Беларусі і якой мне хацелася паказаць як болей – я б правёў усе дні ў бацькоўскай кватэры ў Віцебску (ну, канешне завітаў бы да калег па «Свабодзе»).

Адсюль і вынікаюць самыя моцныя мае ўражаньні – яны вельмі асабістыя, можна сказаць, інтымныя. Што да ўражаньняў агульных – і гэта другая прычына маіх сумневаў – дык я цудоўна разумею, што яны павярхоўныя.

Я магу пахваліць чысьціню на вуліцах – але прыгадваю, што самы чысты ў сьвеце гопрад, які бачылі мае бацькі, быў Пхеньян – сталіца абсалютна адрэзанай ад цывілізацыі Паўночнай Карэі. Можна (і варта) казаць добрыя словы пра спэктакль купалаўцаў – але на фоне таго, што абласныя цэнтры ня маюць ніводнай беларускамоўнай школы. Нарэшце, Ірына Красоўская ці Сьвятлана Завадская могуць прыгадаць пра сваіх зьніклых мужоў – і гэтага дастаткова, каб паставіць кропку на якіх заўгодна ўражаньнях. І нагадваць, што ў Беларусі адсутнічае выкананьне стандартаў правоў чалавека, свабода слова, парлямэнтарызм. Нарэшце, заўважыць, паняцьце «рэспубліка» азначае клясычную выбарнасьць кіраўніка дзяржавы – ня больш за два тэрміны.

І ўсё ж, у Беларусі жыве дзевяць з паловай мільёнаў чалавек, і некаторыя калегі пераканалі мяне, што погляд на гэтае звычайнае жыцьцё, нават у пабытовым сэнсе, чалавека, які 20 гадоў правёў у Амэрыцы і Эўропе,можа быць цікавым. Я не сыстыматызаваў свае ўражаньні і пакінуў пры сабе асабістыя – але некаторыя ўсё ж выкажу. Зь іх і пачну».

Шокам (не перабольшваю) сталі дрэвы каля нашай «хрушчоўкі» ў віцебскім мікрараёне «Праўды», дзе прайшло раньняе дзяцінства – кволыя галінкі, з-за якіх на нас звычайна ругаліся бабулькі ля пад’езду, бо мы наяжджалі на галінкі веласіпедамі, а бабулькі ўціскалі ў зямлю нейкія палкі, каб галінкі гэтыя абараніць – пераўтварыліся ва ўжо старыя дрэвы, у абхват. З таго часу, праўда,прайшло не 20 год, а амаль 50.

Дакранаючыся да гэтых ствалоў, разумееш, што жыцьцё – вельмі кароткае. І 20 год эміграцыі праскочылі як імгненьне.

Адна з самых шчымлівых сустрэчаў – наведваньне Ірыны Міхайлаўны Быкавай, кватэры, дзе яна захоўвае ўсё, як было пры Васілю Ўладзіміравічу. Ягоны кабінэт, пісьмовы стол, кнігі, мэбля, сотні рэчаў (сярод іх гадзіньнік, які быў з ім у момант сьмерці) – паклон Ірыне Міхайлаўне за тое, што зьберагае гэтае сьвятое месца. Для нас гэтая сустрэча мела і асабісты, сямейны характар – калі Быкавы жылі ў Празе, Ане было паўтары гады, Ірына Міхайлаўна называла яе «наша казявачка» – а цяпер дачка ростам вышэй за яе.

Непрыемнае адчуваньне пакідаюць адсутнасьць мэмарыяльнай дошкі на доме па Танкавай, дзе жыў Быкаў, адсутнасьць помніка вялікаму пісьменьніку і адсутнасьць вуліцы альбо праспекта ягонага імя ў сталіцы. Усё гэта, канешне, зьявіцца – але, пэўна, пры іншай уладзе.

Я ня меў адмысловых спатканьняў з палітыкамі і, з большага, магу меркаваць толькі пра настроі не ангажаваных у палітычны працэс людзей. Уражаньне, што людзі жывуць асобна, а ўлада (і апазыцыя) – асобна. Калі ў 96-ым у «нізах» была хоць нейкая цікавасьць тым, што робіцца ў парлямэнце ці ва ўладных структурах – дык сёньня я яе не адчуў.

Агульны стан я б вызначыў як апатыю. Некаторыя аналітыкі пішуць, што грамадзтва «на мяжы сацыяльнага выбуху» – я такога не адчуў. Шмат хто баіцца «таго, што ва Ўкраіне» – спалучаючы тут і Майдан, і баявыя дзёньня, і карупцыю.

Сярод маіх знаёмых няма тых, хто б падтрымліваў пазыцыю Крамля ў адносінах да Ўкраіны, але ў цэлым уплыў расейскіх СМІ (найперш, канешне , тэлебачаньня) – адчуваецца каласальны. Па беларускім тэлебачаньне за ўсе дні беларускую мову ад дыктараў я пачуў толькі аднойчы – затое цягам усяго выпуску навінаў; гэта была праграма віцебскага абласнога тэлебачаньня.

Я цудоўна разумеў, што маё вяртаньне (а ў палітычным сэнсе гэта вяртаньне, хаця пабытова пакуль мы не канчаткова вярнуліся ў Беларусь) будзе зьвязана з імём Пазьняка, паколькі мыв з’яжджалі разам: «Вярнуўся Навумчык – хай вяртаецца Пазьняк». Паўтару тое, што сказаў у аэрапорце: у нас палітыкі параўноўваюць сябе з Пазьняком, а літаратары – з Быкавым; трэба быць больш сьціплымі.

Дык вось, абсалютная большасьць т.зв. «простых людзей» (прычым далёка на ўсе яны былі прыхнікі Пазьняка, тут стаўленьне чыста чалавечае) – казалі: «Пазьняку вяртацца ня трэба». Першае,што я пачуў ад Барыса Хамайды (немагчыма прайсьці па Віцебску і не пабачыць Хамайду) – «Зянону Станіслававічу вяртацца а ні ў якім разе нельга». Падпісваюся пад гэтымі словамі. Прэзэнтацыю маёй кнігі дазволілі ў цэнтры Менску, кнігі Пазьняка (не пра палітыку – пра фотамастацтва!) арыштавалі на мяжы.

Гадамі чуў і чытаў ў Інтэрнэце, што «пра вас з Пазьняком забылі, старыя яшчэ памятаюць нешта, а для маладых вы – пусты гук». Успрымаў гэта як цалкам натуральную ісьціну, бо сапраўды прайшло шмат часу, і калі ў першыя гады ў дзяржаўных СМІ на нас вешалі ўсіх сабак, дык потым – проста замоўчвалі. Няма ў прэсе – няма зусім.

Дык вось, я быў зьдзіўлены, што ў Менску да нас падыходзілі зусім незнаёмыя, віталіся ( пры тым, што беларусы ўвогуле людзі сьціплыя), прычым гэта была моладзь, 20-25 гадоў, якая проста не магла мяне памятаць па 90-ых. Для мяне гэта найперш індыкатар уплыву незалежнай прэсы, якая напісала пра наш прыезд.

Менск робіць адчуваньне магутнага эўрапейскага сталічнага гораду. Ён вельмі зьмяніўся за дваццаць гадоў, разбудаваліся ускраіны, сваё Ўручча я ўвогуле не пазнаў, корпус архітэктурнага факультэту, які спадабаўся Білу Клінтану і калісьці быў архітэктурнай дамінантай – цяпер губляецца на фоне новабудоўляў, яго трэба проста шукаць вачыма.

Аднак мне не хапае памятнага знаку на месцы, дзе 30 кастрычніка 1988 году на шляху ў Курапаты Зянон Пазьняк правёў гістарычны мітынг, на якім Уладзімер Арлоў зачытаў адозву пра ўтварэньне БНФ «Адраджэньне». Ну але гэта – ужо тым больш толькі пры іншай уладзе.

Корпус Нацыянальный бібліятэкі – ня так і страшна, як здавалася. Горш было б, калі б яго пабудавалі ў цэнтры. А вось так званы «кемпінскі», як і «дом Чыжа» – страшна.

Архітэктурнае аблічча – гэта ня толькі будынкі самі па сабе, якія могуць быць архітэктурнымі шэдэўрамі, а могуць і ня быць, але і сілуэт. Сілуэт цэнтру Менску ля Сьвіслачы – унікальны, ён складаўся дзесяцігодзьдзямі, ён, вобразна кажучы, у сятчатцы памяці пакаленьняў менчукоў – такім і павінен застацца нашчадкам.

Цяпер у сьвеце існуюць хуткія тэхналёгіі дэмантажу будынкаў, «кемпінскі» можна разабраць за пару месяцаў. У «доме Чыжа» дастаткова дэмантаваць верхнія 12-15 паверхаў.

Уражвае колькасьць рэстарацыяў, кавярняў, бараў. Канешне, іх пакуль ня так шмат, як ў іншых эўрапейскіх сталіцах, але я кажу пра свае адчуваньні, параўноўваючы гэта з тым, што было 20 год таму.

Тады ў Менску было праблемай знайсьці прыстойнае месца. Адзіным, які неяк адпавядаў эўрапейскім стандартам, быў «Гішпанскі куток» каля Нацыянальнага банку, і кошты там былі такія, што ўразілі б членаў гішпанскай каралеўскай сям’і: быў там толькі двойчы, з гішпанскім дыпляматам, абед каштаваў недзе пад 200 даляраў – удвая болей за тагачасную месячную зарплату спікера парлямэнта.

Цяпер сытуацыя іншая, сэрвіс адпавядае эзрапейскаму. Цэны таксама – і гэта, у адносінах да беларускіх заробкаў, вельмі дорага. Словам, такіх месцаў шмат, але дазволіць іх сабе могуць далёка ня ўсе – тады як у той жа Празе рэстаранаў і кавярняў безьліч на любы кашалёк.

Я не вялікі спецыяліст у модзе (зусім не спецыяліст), але нават маёй «кваліфікацыі» хапіла, каб заўважыць, што ў Менску людзі апранаюцца добра. Я сказаў бы нават – лепей, чым у Празе (калі выключыць чыньнік турыстаў). Ведаю, што часта гэта – ледзь не на апошнія грошы. Гэта, канешне, сумна. Але само па сабе жаданьне выглядаць прыстойна, якое часта некаторыя крытыкуюць («На Захадзе на гэта цяпер ніхто не зьвяртае ўвагі») – мне падаецца вартым павагі. Ну што датычна моладзі, дык дачка сказала, што маладыя апранаюцца роўна гэтак, як і ў эўрапейскіх сталіцах.

Але гэта тычыцца толькі Менску, у правінцыі сытуацыя іншая, людзі выглядаюць вельмі бедна. У Менску многія жывуць цяжка, але ў правінцыі шмат хто проста выжывае. Увогуле, паміж Менскам і рэгіёнамі – гіганцкая розьніца шмат у чым. Ва ўсім сьвеце сталіца і правінцыя адрозьніваюцца, але ў Беларусі гэты кантраст асабліва заўважальны.

Перад прыездам мне ўяўлялася, што будуць бачныя вынікі «мяккай беларусізацыі», пра якую апошнім часам шмат гавораць і пішуць. Нічога такога, каб моцна парадавала, я ня ўбачыў і не пачуў. Мне казалі, што сёньня сытуацыя значна лепшая, чым была пару год таму – магчыма (непрыемна думаць, што ж тады было два гады таму). Але я параўноўваю з 96-ым – і параўнаньне не на карысьць сучаснасьці. Яшчэ раз пераканаўся, што так званы рэфэрэндум 1995 году меў для нацыянальнай ідэнтычнасьці катастрафічны (дай Бог каб не фатальны) вынік.

Калі ў Менску сустракаюцца надпісы па-беларуску (хаця я лічу, што ўсе яны павінны быць па-беларуску), дык у Віцебску гэта – рэдкасьць. Уразіла амаль суцэльная русіфікацыя Віцебску і празьмернае насаджэньне сымбаляў РПЦ – такое адчуваньне, што горадам кіруюць рускія папы. Панабудавана цэркваў (гэта тычыцца і Менску) з зусім не характэрнымі для беларускай архітэктурнай традыцыі «цыбулінамі». На гэтым фоне было прыемным сюрпрызам прачытаць у мясцовай газэце, якая адзначала свой юбілей, віншаваньне ад намесьніка старшыні аблвыканкаму на беларускай мове.

Цэнтар Віцебска пакідае дваістае ўражаньне. З аднаго боку, адноўленыя Успенскі сабор і Васкрасенская царква (пра тое, што ініцыятыва належыла ў канцы 80-ых сябрам клюбу «Узгор’е», а цяперашнія «айцы гораду» у сваіх камсамольскіх камітэтах з нас толькі пасьмейваліся, віцябляне, канешне, забыліся). Цяпер варта аднавіць касьцёл сьв. Антонія – і Віцебск ізноў набудзе той непаўторны сілуэт, які ачароўваў жыхароў і гасьцей.

Вельмі добра, што паставілі помнік Альгерду (хаця зроблена гэта на месцы зруйнавагага гатэлю «Бразі»). А вось «піраміда» ля «Сіняга дому» – гэта проста катастрофа, гэта прафесійная ганьба для галоўнага архітэктара горада (хаця я разумею, што пры карупцыі, поўным зрашчэньні кіраўніцтва і капіталаў, ён наўрад ці што мог зрабіць, як нічога не магла зрабіць і грамадзкасьць). Ну і нічым немагчыма патлумачыць пераафарбоўку «Сіняга дому» у белы колер – вось гэта асабіста для мяне было непрыемным, бо я жыў у гэтым доме, зь ім шмат зьвязана. Віцябляне сабралі сотні подпісаў, каб дому вярнулі першапачатковы колер – але, выглядае, гарадзкому кіраўніцтву важна даказаць, што гаспадары ў Віцебску – яны.

Увогуле, павінен сказаць некалькі слоў, якія маім землякам-віцяблянам, напэўна, будзе непрыемна чытаць. Апошнім часам горад пачалі называць «культурнай сталіцай Беларусі». На мяне ён зрабіў іншае ўражаньне. Горад пакідае адчуваньне глыбокай правінцыйнасьці. Пры гэтым ён ўвогуле перастаў быць беларускім.

«Славянскі базар», які віцябляне лічаць падзеяй ледзь не эўрапейскага маштабу, у эўрапейскіх краінах папросту невядомы. Для Віцебска ж гэтая штогадовая вакханалія расейскай папсы адыграла фатальную ролю моцнай і атрутнай імпэрскай ін’екцыі, пераўтварыўшы ў падабенства расейскай правінцыі. Адчуваньне, што горад жыве абслугоўваньнем расейскіх турыстаў, прычым турыстаў даволі прымітыўных запытаў.

Раней Віцебск – ва ўсялякім разе, цэнтар – быў інтэлігентным,:некалькі ВНУ, тэатар, мастакі стваралі нейкую непаўторную аўру. Канешне, інтэлігенцыя ня зьнікла, але – гэта маё суб’ектыўнае адчуваньне – яе ня бачна. У цэнтры горада мяне ўразілі групы моладзевай «гапаты», без усялякага сьледу інтэлекту на тварах. Шмат, шмат пьяных.

Тым больш у мяне выклікалі павагу і захапленьне грамадзкія ініцыятывы віцяблянаў – цэнтары мастацтва і культурных імпрэзаў на Талстога, у Задзьвіньні (праўда, я толькі чуў і чытаў пра ўсё гэта, у мяне, на жаль, не было магчымасьці прыняць прапановы і наведаць іх, але ў наступны прыезд абавязкова гэта зраблю).

Якасьць аўтамабільных дарогаў – і паміж населенымі пунктамі, і ў саміх гарадах, калі казаць пра ашфальтавае пакрыцьцё, у цэлым добрая. Аднак, за выключэньнем так званай «алімпійскай трасы» (мы ехалі па ёй ад Менску да Воршы), самі па сабе дарогі патэнцыйна ўтрымліваюць аварыйную сытуацыю. Я маю на ўвазе адрозьненьне агароджы (ці газона) паміж сустрэчнымі палосамі. Адсюль – такая вялікая колькасьць лабавых сутыкненьняў.

І ў Менску, і ў Віцебску вельмі мала ўказальнікаў разьметкі палосаў – чалавеку, які не жыве тут і ня езьдзіць часта, лёгка праскочыць «сваю» паласу. Пры тым – і гэта вельмі кантрастна ў параўнаньні з іншымі эўрапейскімі гарадамі — вас мала хто прапусьціць, каб стаць у сваю паласу (што праўда – менавіта так езьдзяць у Нью-Ёрку, але наўрад ці гэта варты перайманьня прыклад).

Увогуле, стыль кіроўцаў мне падаўся агрэсіўным. У цэнтры Віцебску мы ледзь не патрапілі ў аварыйную сытуацыю – аўтобус закрыў сьветафор, усталяваны на тратуары. Такая сыстэма правакуе аварыі і трагедыі. У час працы над гэтым тэкстам я спецыяльна зрабіў пару здымкаў у цэнтры Прагі – каб прадэманстраваць аптымальны варыянт папярэджаньня пра палосы і разьмяшчэньня светафораў (у тым ліку над праежжай часткай).

А вось светафоры ў Менску, дзе паказваецца, колькі сэкундаў засталося да зялёнага ці чырвонага сьвятла – карыснае новаўвядзеньне.

Шмат хто пытаўся, якое уражаньне робіць асартымэнт у прадуктовых крамах. Добрае ўражаньне. Я б нават сказаў, што, у сярэднім, асартымэнт нават большы, чым у Празе. Кошты прыблізна аднолькавыя. Але трэба памятаць, што ў той жа Празе сярэдні заробак недзе 1500 даляраў у месяц (сярэдні ў Чэхіі – 1100).

Дачка сказала, што на яе гістарычнай радзіме – добрыя людзі, цудоўная прырода і смачная ежа. Пагаджаюся цалкам.

І вось наконт дабрыні. Жонцы трэба было зрабіць бюракратычную працэдуру ў адной установе – калі яна прыйшла туды, даведалася, што працэс можа заняць два тыдні. Патлумачыла сытуацыю і папрасіла, што называецца, увайсьці ў становішча (без усякіх «шакаладак» і таму падобнага). Жанчына зрабіла ўсё за некалькі гадзін.

Магу сьведчыць, што ў Чэхіі ці ў ЗША такое – немагчыма. У Чэхіі – кандовая бюракратыя, часта даведзеная да абсурда (членства ў Эўразьвязе ўнесла неістотныя зьмены). У Амэрыцы ты ўвогуле перапісваешся з ананімным чыноўнікам праз пошту ці праз тэлефон-аўтамат. Гэта ў цэлым нармальна, калі вам усё трэба ў «звычайным рэжыме» – вы можаце быць пэўным, што атрымаеце патрэбную даведку, хаця з вас і выцягнуць кішкі. Але ў экстрэмальнай сытуацыі вам – вельмі часта – нічым не дапамогуць. Дык вось, беларусы ў гэтым адрозьніваецца у лепшы бок.

Спадабаўся Мірскі замак і Нясвіжскі палац. Дакладней – спадабалася, што яны адрэстаўраваныя. Зноў жа, прафэсіянала не пагодзяцца і назавуць дзесяткі нюансаў – некаторыя і я заўважыў, але я скажу вось што: «неправільную» столь праз трыццаць гадоў можна перарабіць і прывесьці ў падабенства да аўтэнтыкі – а вось калі б замак прастаяў бяз даху яшчэ трыццаць гадоў, страты былі б незваротныя. Асабіста мне важна, што у Міры і ў Нясьвіжы дачка пераканалася, што Беларусь мае багатую гісторыю, тут былі такія ж замкі, якія можа ў вялікай колькасьці ўбачыць у Чэхіі, Францыі ці ў Нямеччыне.

Раздражняе гэтая залёна-чырвоная гама, якая ў выглядзе сьцягоў, білбардаў ці нават пафарбаваных агароджаў сустракаеца паўсюль. Я ў дадзеным выпадку нават не кажу пра ідэалягічны аспэкт. Прыгадваю выступ майго калегі па Вярхоўным Савеце, архітэктара Лявонція Зданевіча, які перад рэфэрэндумам 1995 года казаў, што само такое спалучэньне колераў – неэстэтычнае. Нават калі б дзяржаўным сымбалем заставаўся бел-чырвона-белы сьцяг, і ўявіць, што Менск чамусьці аздобілі чырвона-зялёнай гамай – гэта само па сабе выглядала б аляпавата. Мне казалі, што ўлады нібыта павярнуліся да незалежнасьці і хочуць выхаваць патрыётаў – але на вось такіх пачатках. Гэта контрпрадуктыўна. У гульні на полі постсавецкай ідэалёгіі Менск заўсёды будзе прайграваць Маскве, заўжды будзе ідэалягічна падпарадкаваным. Выхоўваць патрыётаў трэба на сапраўднай нацыянальнай гісторыі (карані якой у Беларусі сягаюць у стагодзьдзі).

І апошняе ўражаньне, наўпрост зьвязанае з папярэднім. Тое, што зусім не зьдзівіла, але пераканацца ў чым было непрыемна: выглядае, што ўлады ды й грамадзкасьць ніяк не зьбіраюцца адзначаць першы юбілей беларускай Незалежнасьці , які прыпадае на 25 жніўня. Днём раней у тым гістарычным жніўні1991-га незалежнасьць абвясьціла Ўкраіна – і ўкраінцы, як я ведаю, рыхтуюцца годна і маштабна ўшанаваць гэтую падзею. Беларусы, напэўна, адзіная нацыя ў Эўропе, якая яшчэ не ўсьвядоміла ў поўнай ступені каштоўнасьці існаваньня ўласнай дзяржавы – і дай Бог, каб гэтае ўсьведамленьне прыйшло да нацыі не пад уплывам зьнешняй агрэсіі.

Аўтар: Сяргей Навумчык 
Крынiца: Салідарнасць
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Алена Анісім: на беларускай мове могуць выкладацца абсалютна ўсе прадметы…

Нядаўна Ігар Марзалюк прапанаваў выкладаць гуманiтарныя дысцыплiны на беларускай мове, а дакладныя – на рускай.

Жители Бобруйска скидываются на реконструкцию детской больницы

В Бобруйске не хватает средств на реконструкцию детской больницы, которая обслуживает маленьких пациентов из пяти районов Могилевской области.

За скорость лишать, бесправников арестовывать: поправки в КоАП приняли во втором чтении

Бесправников в Беларуси планируют наказывать административным арестом за повторное нарушение. Об этом сегодня сообщил председатель Постоянной комиссии Палаты представителей по правам человека, национа