Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

 Камітэт па нормах і стандартах Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) 6 чэрвеня дасць заключэнне адносна сітуацыі з прымусовай працай у Беларусі.
17:13 3 чэрвеня 2016
235
Памер шрыфта
Пра гэта было заяўлена па выніках разгляду беларускага пытання на пасяджэнні камітэта ў межах 105-й сесіі Міжнароднай канферэнцыі працы ў Жэневе 2 чэрвеня, паведамляе прэс-служба Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП).

Афіцыйная ўрадавая дэлегацыя на чале з міністрам працы і сацыяльнай абароны Мар`янай Шчоткінай 2 чэрвеня прадставіла камітэту краінавы даклад, паведамляе БелаПАН, у якім адхіліла абвінавачанне ва ўжыванні прымусовай працы ў Беларусі.

Сёлета прадстаўнікі беларускага ўрада ўпершыню адказвалі на прэтэнзіі ўпаўнаважанага органа МАП па выкананні канвенцыі № 29, якая абвяшчае забарону на прымусовую працу. Падставай для таго, каб разглядаць беларускае пытанне ў кантэксце гэтай канвенцыі, сталі асобныя палажэнні дэкрэтаў прэзідэнта № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства», № 9 «Аб дадатковых мерах па развіцці дрэваапрацоўчай прамысловасці», № 18 «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у непаспяховых сем`ях» і закона № 104-3 ад 4 студзеня 2010 года «Аб парадку і ўмовах накіравання грамадзян у лячэбна-працоўныя прафілакторыі і ўмовах знаходжання ў іх». Увагу МАП таксама прыцягнулі дэкрэты прэзідэнта № 29 «Аб дадатковых мерах па ўдасканаленні працоўных адносінаў, умацаванні працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны» і № 5 «Аб узмацненні патрабаванняў да кіруючых кадраў і работнікаў арганізацый».

Як зазначае прэс-служба БКДП са спасылкай на свайго старшыню Аляксандра Ярашука, які прысутнічае на канферэнцыі ў якасці віцэ-прэзідэнта Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў, беларускае пытанне «выклікала вострую дыскусію» сярод прадстаўнікоў урадаў, аб`яднанняў наймальнікаў і прафсаюзаў, якія ўдзельнічалі ў пасяджэнні камітэта.

Так, паводле інфармацыі Ярашука, практыку прымусовай працы ў Беларусі «крытычна асудзілі» ўрадавыя дэлегацыі ўсіх краін Еўрасаюза, Нарвегіі і Швейцарыі. Іх меркаванне падзялілі таксама прадстаўнікі Канфедэрацыі працы Расіі (КПР) і польскага прафсаюза «Салідарнасць». У сваю чаргу ўрады Азербайджана, Венесуэлы, Індыі, Казахстана, Кітая, Кубы, Расіі і Туркменістана, а таксама прафсаюзы Венесуэлы і Малайзіі ўсталі на бок беларускіх уладаў.

Прэзідэнт КПР Барыс Краўчанка станоўча ацаніў адмену дэкрэта прэзідэнта № 9 «Аб мадэрнізацыі ў дрэваапрацоўчай прамысловасці». Разам з тым ён з трывогай адзначыў, што захоўваюць дзеянне дэкрэты № 3 і № 5, заявіўшы, што «можна казаць не толькі пра асобныя факты, але пра ўвядзенне цэлай сістэмы, якая ўзнаўляе практыку прымусовай працы [у Беларусі] і якая робіць яе нормай».

«Цяпер урад Беларусі прыкладае пэўныя намаганні для фактычнага замацавання шэрагу адыёзных нормаў у галіне прымусовай працы са згаданых указаў кіраўніка выканаўчай улады ў нацыянальнае працоўнае заканадаўства. Мы салідарныя з пазіцыяй Камітэта экспертаў, які настойвае на неабходнасці поўнага выкаранення падобных практык у працоўнай сферы Беларусі», — сказаў Краўчанка.

Ад імя КПР Краўчанка заклікаў урад Беларусі адкарэктаваць заканадаўства, «не адпаведнае палажэнням канвенцыі № 29, у адпаведнасці з заключэннем Камітэта экспертаў».

Доўгія гады Беларусь знаходзілася ў спісе МАП з 25 дзяржаў, дзе сістэматычна парушаюцца правы працоўных. Пачынаючы з 2000 года на сесіях Міжнароднай канферэнцыі працы ставілася пытанне аб парушэннях Беларуссю канвенцый № 87 і № 98, якія тычацца правоў працоўных аб`ядноўвацца ў прафсаюзы і ўдзельнічаць у калектыўных працоўных перамовах. У 2004 годзе Камісія па расследаванні МАП выдала беларускаму ўраду рэкамендацыі па паляпшэнні сітуацыі з правамі працоўных і прафсаюзаў, аднак значная частка гэтых рэкамендацый дагэтуль не выкананая.

Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Физкультуру и спорт избавили от налога на прибыль

Учреждения физической культуры и спорта, финансируемые из бюджета, освобождаются от уплаты налога на прибыль. Соответствующий указ № 443 президент подписал 12 декабря.

Является ли Беларусь социальным государством?

«Доходы населения упали, и люди с заработком в 300 долларов смотрят на тех, кто зарабатывает 1000 долларов, как на богатых».
12 снежня 2017

Белорусы смогут устраиваться на сезонные работы в Польше по упрощенной процедуре

С 1 января 2018 года в Польше вступают в силу изменения в Закон «О содействии учреждениям занятости и рынка труда» и некоторые иные законы.