Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

Як мінчанка Святлана Кунцэвіч трапіла на стажыроўку ў парламент Германіі і якія яе ўражанні.
9:39 3 чэрвеня 2016
731
Памер шрыфта

Пасольства Федэратыўнай Рэспублікі Германія ў Беларусі працягвае прыём дакументаў для атрымання міжнароднай парламенцкай стыпендыі. Гэты праект працуе з 1986 года, штогод больш за сто чалавек з краін Усходняй і Цэнтральнай Еўропы маюць магчымасць на працягу чатырох месяцаў працаваць асістэнтамі дэпутатаў бундэстага, наведваць экскурсіі і семінары, прысвечаныя палітычнай сістэме Германіі, вучыцца развіваць свае лідарскія якасці.

У свой час стажыравалася ў Бундэстагу і мінчанка Святлана Кунцэвіч. Яна распавяла, што з’яўляецца абавязковай умовай для таго, каб патрапіць у гэты цікавы праект, і што ў выніку, на яе думку, чалавек набывае там як асоба.

– Ці шмат жадаючых было атрымаць міжнародную парламенцкую стыпендыю ў той год, калі вы рызыкнулі ўдзельнічаць у конкурсе?

– У прынцыпе, дастаткова. Да 2014 года для Беларусі, Украіны і Малдовы вылучалася па пяць месцаў, і канкурэнцыя была толькі ўнутры краін. Але калі ва Украіне заяўкі звычайна падаюць 80–100 чалавек, то ў Беларусі ў конкурсе ўдзельнічае чалавек 20.

– Як вы думаеце, чаму абралі вас? Якая ў вас базавая адукацыя?

– Я магістр эканомікі. Працавала ў некалькіх кампаніях праект-менеджарам. Цяпер вучуся ў аспірантуры. Я ведаю, што магу працаваць у любой сферы.

– І навошта вам, эканамісту, была парламенцкая стыпендыя?

– Вось у гэтым пытанні тоіцца прычына малой колькасці жадаючых паўдзельнічаць у конкурсе на стыпендыю ў нашай краіне. Чамусьці большасць думае, што для гэтага праекта неабходна філасофская адукацыя, яркая грамадская дзейнасць. І – не асмельваюцца падаваць дакументы, баяцца. Дарма. Зараз у праграме ўдзельнічаюць 130 чалавек з 40 краін, сярод іх ёсць хімікі, біёлагі, матэматыкі – неверагодны мікст. Вядома, шмат тых, хто раней вучыўся палітыцы, меў у якасці бэк-граўнд сацыяльную дзейнасць. Але і вельмі шмат іншых – проста талковых маладых людзей. І абмежаванняў па прафесіях няма.

– І тым не менш – навошта хіміку ехаць у Бундэстаг?

– А хто сказаў, што веды па хіміі цалкам вызначаюць асобу? Тым больш што хімік, магчыма, у будучыні можа зрабіць значна больш за тых, хто спецыяльна вучыўся палітыцы.

– Але пакуль чалавек будзе 15 тыдняў адсутнічаць, ён проста страціць дома працу!

– Па-першае, гэта адбываецца не заўсёды, па-другое, гэта не заўсёды дрэнна. Не бачу праблемы! У Беларусі шмат хто сядзіць па 5–10 гадоў на адным і тым жа працоўным месцы. Дык, можа, варта кінуць усё і паглядзець на жыццё і на свае перспектывы свежым поглядам? Шмат хто з тых, хто атрымаў стыпендыю, пасля заканчэння стажыроўкі знайшлі сябе ў значна больш цікавых сферах дзейнасці. Мы, стыпендыяты кожнага года, кантактуем адзін з адным – і Бундэстаг стараецца падтрымліваць гэтыя кантакты паміж намі. Я дакладна ведаю, што, калі людзі вяртаюцца, яны знаходзяць сябе ў новай якасці, таму што ў іх адкрываецца новы погляд на свае магчымасці. Таму стажыроўка ў Бундэстагу ніяк не забаўка, гэта вельмі карысна для развіцця асобы.

Святлана Кунцэвіч з міністрам замежных спраў Германіі Франкам-Вальтэрам Штайнмаерам.

– Паводле якіх крытэрыяў адбіраюцца саіскальнікі стыпендыі?

– Вядома, камісія сядзіць прадстаўнічая, сур’ёзная. Там заўсёды ёсць дэпутат, таксама прадстаўнік аднаго з універсітэтаў узроўню прарэктара. Калі я ішла на сумоўе, то была проста ў шоку. Яно было вельмі доўгае, прыкладна сорак хвілін. У мяне пыталіся пра нямецкую палітычную сістэму: як фарміруюцца фракцыі, якія функцыі ў старшыні парламента… Гэтыя веды не патрабуюць нейкай гіганцкай падрыхтоўкі. Крыху намаганняў дастаткова, каб ва ўсім гэтым разабрацца.

– А адкуль наогул вы даведаліся пра стыпендыю?

– Я не раз сустракала людзей, якія прайшлі стажыроўку і адгукаліся пра яе з захапленнем. Ну, і з дзяцінства Германія для мяне – асаблівая краіна. Я вучылася ў мінскай школе №206 з паглыбленым вывучэннем нямецкай мовы, вывучала культуру, літаратуру Германіі. Ведаць добра мову – гэта важны крытэрый пры адборы прэтэндэнтаў. Без яго ніяк. Але ў нас у краіне шмат людзей, якія свабодна гавораць на нямецкай мове. Ну, на англійскай само сабой таксама.

Хачу сказаць яшчэ колькі слоў пра сумоўе. Трэба хоць бы павярхоўна ўяўляць, не паглыбляючыся ў дэталі, як выглядае парламенцкая сістэма Германіі. Але калі я пабывала ў Бундэстагу, то зразумела, што наогул нічога не ведала. І гэта не адзіная тэма пытанняў, якія задае камісія. Яна перш за ўсё стараецца праверыць, наколькі чалавек здольны думаць самастойна. Мне, напрыклад, задавалі пытанні, што я думаю з нагоды крызісу ў Грэцыі і тых мер, якія прымае Еўрасаюз у дачыненні да гэтай краіны.

– Прашчупваюць светапогляд?

– Так, ацэньваюць аналітычныя здольнасці, так бы мовіць, ход тваіх думак…

– І ўсё ж такі, якой была галоўная матывацыя вашай паездкі? Пашырыць свой свет, разарваць хатні круг?

– Нельга сказаць, што я жыла ў замкнёным коле, я шмат ездзіла і да атрымання стыпендыі. Мая асабістая матывацыя – гэта, шчыра кажучы, кантакты. І я мела рацыю. Калі ты аказваешся там, унутры, гэта адкрывае перад табой практычна ўсе дзверы. Ты маеш доступ на ўсе мерапрыемствы, якія праходзяць у палітычнай сферы Германіі і на якія запрашаюць дэпутатаў. Мы як стыпендыяты маглі быць дзе заўгодна. Я прысутнічала, напрыклад, на інаўгурацыі прэзідэнта Ёахіма Гаука.

– Што вас здзівіла, запомнілася ў гэтай цырымоніі?

– Гэта вельмі святочны, але фармальны працэс. Працэдура ва ўсіх краінах аднолькавая. Самае прыемнае і тое, што мяне заўсёды ўражвае ў Германіі, – людзі там вельмі жыва ўдзельнічаюць ва ўсіх працэсах. У нас я нават не ўпэўнена, ці ведала большасць пра дзень інаўгурацыі беларускага прэзідэнта. Ніхто, думаю, асабліва і не цікавіўся. Там не так. Скажыце, а вы ведаеце дэпутата ад вашай акругі?

– Не! Ніколі не цікавілася…

– У нас, напэўна, 99 працэнтаў гэтага не ведаюць. У Нямеччыне відавочна, што большасць ведае! І мала таго, што ведае, хто прадстаўляе іх інтарэсы ў парламенце, дык у немца ёсць выразны пункт гледжання наконт таго, што дэпутат робіць правільна, а што не. Наогул, там усе дэпутаты і канцлер у тым ліку адкрыты для крытыкі. Калі я была на адным з пасяджэнняў, дзе праходзіла галасаванне па змяненні падатковай сістэмы (яе збіраліся зрабіць больш прагрэсіўнай), выступала Ангела Меркель. А затым выйшаў нехта з дэпутатаў і пачаў яе крытыкаваць. І гэта нікога не здзіўляла, і ў першую чаргу саму спадарыню канцлера! Яна выслухоўвала ўсе аргументы і адказвала на іх. Такі адкрыты працэс для нас, беларусаў, гэта пакуль нешта фантастычнае.

– Трэба вучыцца!

– Трэба перш за ўсё ўяўляць, што гэта магчыма! Што гэта адбываецца паўсюль у цывілізаваным свеце. Першы час гэта і мяне здзіўляла. Але паступова я зразумела, што менавіта так і павінна быць, што гэта – натуральна.

– Чым вы займаліся 15 тыдняў?

– Было некалькі этапаў. Падрыхтоўчы складаўся з сустрэч і семінараў. Яны арганізоўваліся кожнай партыяй, якая была на той момант прадстаўлена ў парламенце. Усё жыва, часта ў форме інтэрактыўнай гульні. Асноўны ж этап складаўся са штодзённай працы ў бюро дэпутата. У кожнага дэпутата ёсць некалькі памочнікаў. І ты разам з імі працуеш. Функцыі розныя, залежаць ад кваліфікацыі стыпендыята. Мой дэпутат займалася Беларуссю, і я ёй рабіла штотыднёвы агляд навін у форме рэзюмэ. Якраз ішоў год падрыхтоўкі да чэмпіянату свету па хакеі, і ў парламенце вырашалася, ці паедзе нямецкая каманда ў Беларусь, краіну, якая знаходзілася тады пад санкцыямі. Дэпутат прасіла рабіць ёй шмат аналітыкі. Плюс я адказвала на тэлефанаванні звычайных грамадзян-выбаршчыкаў. Спачатку было страшна, потым прывыкла.

– А чым цікавіліся выбаршчыкі?

– Хм, яны не тое што цікавіліся… Яны тэлефанавалі дэпутату, каб выказаць незадаволенасць яго выступленнямі ці, наадварот, падзякаваць. Мяне гэта захапляла!

– Такая зацікаўленасць, такая імгненная зваротная сувязь?

– Менавіта! Дэпутат яшчэ арганізоўвала для сваіх выбаршчыкаў паездкі ў Берлін, у парламент. Я таксама ёй у гэтым дапамагала. Наогул служба работы з наведвальнікамі ў Бундэстагу працуе на вышэйшым узроўні. Ёсць літаральна туры па парламенце з рознымі праграмамі. Можна прысутнічаць практычна на ўсіх пасяджэннях – толькі загадзя трэба зарэгістравацца. У парламенце ёсць спецыяльныя месцы для публікі, і там акрамя журналістаў заўсёды вельмі шмат людзей. Па вяртанні ў Мінск я напісала ў наш парламент ліст – таксама хацела арганізаваць групу для наведвання Палаты прадстаўнікоў. Мне ніхто не адказаў! Я, напрыклад, нават не ведаю, як праходзяць пасяджэнні беларускіх дэпутатаў.

– Ну, па тэлевізары іншы раз паказваюць сюжэты – улада лічыць, што нам, народу, гэтага дастаткова.

– А ці ёсць у нас зона для публікі? Вось у немцаў такая зона ёсць, і ў ёй заўсёды многа людзей, асабліва калі на парадку дня рэзанансныя пытанні. Толькі загадзя бярэш талончык.

– Якія былі ўмовы для жыцця ў стыпендыятаў?

– Мы жылі ў камфортных умовах, у нас гэта назвалі б домам-інтэрнатам сямейнага тыпу: трохпакаёвыя кватэры для дваіх. Жыллё аплачана. Стыпендыі (цяпер яна, здаецца, 450 еўра) на харчаванне цалкам хапала, у кафэ Бундэстага смачныя абеды па 2–3 еўра. А паколькі ва Універсітэце Гумбальта мы плюс да ўсяго наведвалі любыя курсы, то лічыліся студэнтамі і карысталіся льготамі пры набыцці праязных квіткоў. Праўда, наведваць лекцыі рэгулярна атрымлівалася не заўсёды, так як у парламенце адбывалася столькі цікавага!..

– Калі вярнуліся, якія вынікі зрабілі для сябе?

– У мяне на многае змяніліся погляды. Я, па-першае, дакладна зразумела, чаго хачу, якіх ведаў мне не хапае. І праз год паступіла вучыцца на бакалаўра міжнароднага права ў франка-беларускім цэнтры па праграме ўніверсітэта горада Бардо – яго філіял ёсць у Мінску. Чытаюць курсы запрошаныя французскія прафесары.

– Філіял універсітэта Бардо ў Мінску? Нечаканае адкрыццё…

– У тым і справа: у нас у Мінску ёсць столькі ўсяго – ідзі і бяры! Магчымасцяў мільён, галоўнае – мець жаданне. Пасля Германіі я зразумела, што мне не хапае фундаментальных ведаў у грамадска-палітычных навуках.

– Святлана, вы хацелі б калі-небудзь вылучыць сваю кандыдатуру ў дэпутаты?

–Я думала ўжо пра гэта. Што ў нас робяць дэпутаты? Я не ўяўляю, я не бачу іх ніколі, сустракаю толькі падчас нейкіх кампаній. Наш палітычны свет сёння вельмі нецікавы. Але ён можа быць іншым! Цяпер я гэта ведаю. У тым ліку рэкламую стыпендыю ўсюды, дзе магу.

Германскі бундэстаг штогод запрашае выпускнікоў ВНУ больш як з 40 краін, у тым ліку з Беларусі, узяць удзел у конкурсе на атрыманне Міжнароднай парламенцкай стыпендыі. У рамках дадзенай праграмы маладыя людзі, якія маюць высокую кваліфікацыю і выказваюць інтарэс да палітыкі, могуць азнаёміцца з практычным вопытам у сферы парламенцкай дзейнасці. Акрамя гэтага, германскі бундэстаг прапануе стыпендыятам шырокую рамачную праграму і магчымасць наведваць заняткі ў трох універсітэтах Берліна.

Заяўкі на ўдзел у конкурсе прымаюцца ў Пасольстве Федэратыўнай Рэспублікі Германія ў Мінску да 30 чэрвеня 2016 года.

Больш падрабязная інфармацыя: www.minsk.diplo.de

Аўтар: Алена МАЛОЧКА 
Крынiца: Народная Воля
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Мінчанін прыгавораны да 20 гадоў пазбаўлення волі за згвалтаванне непаўнагадовых дачок і падчаркі

Судом Фрунзенскага раёна Мінска 40-гадовы мінчанін, які абвінавачваецца ва ўчаненні згвалтаванняў і гвалтоўных дзеянняў сексуальнага характару ў дачыненні да непаўналетніх, прыгавораны да 20 гадоў паз

Ольга Ковалькова: «Мы скажем «Стоп!» фальсификациям!»

Один из лидеров оргкомитета по созданию партии «Белорусская христианская демократия» рассказала «Народной Воле», как во время избирательной кампании в местные Советы депутатов будет работать обществен