Ратуючы настаўніцу мінскай гімназіі, "трудавік" сякерай ламаў дзверы класа

5

Адна з вучаніц старэйшага класа гіманзіі даведалася пра інцыдэнт ад педагогаў:

“Настаўнікі кажуць, што іх было чацвёра. Трое трымалі, а адзін стаяў з нажом у руцэ. Патрабавалі, каб яна “прасіла прабачэння за здзекі над дзецьмі”, і яна прасіла…”. Заўважым, Следчы камітэт гаворыць толькі пра аднаго падазраванага.

На крыкі з класа адрэагавалі іншыя педагогі, але дзверы класа былі замкнутыя.

“Настаўнік працы Міхаіл Іванавіч прыбег з сякерай, пачаў ламаць дзверы. Але да гэтага настаўніцу ўжо ударылі нажом. Яна страціла шмат крыві, але была ў прытомнасці…”, — распавяла вучаніца.

Ратуючы настаўніцу мінскай гімназіі, "трудавік" сякерай ламаў дзверы класа

Настаўнік працы Міхаіл Іванавіч. Фота з сацсетак.

Званок аб сканчэнні ўрока так і не далі, абсалютна ўсіх вучняў не выпускалі з класаў. Педагога забралі на “хуткай”, падазраванага адвезлі ў міліцыю. Распачата крымінальная справа за замах на забойства.

Меркаванні вучняў пра траўмаваную настаўніцу вельмі адрозніваюцца. Выпускнікі мінулага года, у якіх педагог была класным кіраўніком, называюць яе патрабавальнай, але вельмі кваліфікаванай.  Некаторыя называюць яе строгай.

Настаўніца рускай мовы знаходзіцца ў бальніцы. Прагнозаў аб яе стане здароўя медыкі не даюць.

“Пацярпелай нанесена некалькі раненняў, у тым ліку ў шыю — жыццёва важны орган. Таму медыкі лічаць неабходным падтрымліваць яе на спецыяльных прыладах”, — удакладняе Еўрарадыё Аляксандр Герасімаў, афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Мінску.

Як даведалася Еўрарадыё, пацярпелая — настаўнік вышэйшай катэгорыі, педагагічны стаж — 25 гадоў, вядзе платны кружок “Падрыхтоўка да ЦТ па рускай мове” і факультатыў “Практычная стылістыка рускай мовы”.

Настаўніца рускай мовы Валянціна Уладзіміраўна. Фота з сацсетак.


Няма запісаў для адлюстравання