Лукашэнка абяцае падтрымку кандыдатам у дэпутаты, якія выступаюць за незалежнасць краіны

3
Паводле слоў Лукашэнкі, будуць выпрацаваныя прыкладна 10 крытэрыяў. У прыватнасці патэнцыйныя дэпутаты павінны прытрымлівацца прынцыпаў незалежнасці дзяржавы. “Ніхто не стане аспрэчваць, што адным з крытэрыяў будучага кандыдата ў парламент павінна быць пытанне незалежнасці нашай дзяржавы”, — цытуе кіраўніка дзяржавы яго прэс-служба.

Акрамя таго, паведамляе БелаПАН, кандыдаты ў дэпутаты павінны выступаць за забеспячэння дабрабыту насельніцтва “без правядзення незразумелых радыкальных шокавых рэформаў”. “Трэба на такіх кандыдатаў рабіць стаўку. Калі ім будзе патрэбная падтрымка — значыць, трэба іх падтрымаць. Усё роўна, якім палітычным плыням яны будуць належаць. Галоўнае — каб гэта былі сумленныя і прыстойныя людзі”, — падкрэсліў Лукашэнка.

Ён чарговым разам запатрабаваў правесці парламенцкую кампанію “арганізавана і спакойна”, а таксама выказаў свой пункт гледжання на асвятленне выбараў СМІ, які заключаецца ў тым, што “сакрэтаў ніякіх ні ад каго быць не павінна”. Паводле слоў Лукашэнкі, неабходна, каб у СМІ гучала больш інфармацыі пра тое, што зроблена ў Беларусі ў плане выканання міжнародных рэкамендацый па выбарах, укаранення прынятых у свеце дэмакратычных стандартаў.

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што “заканадаўства Беларусі адпавядае міжнародным прынцыпам, улічвае правілы, традыцыі правядзення выбараў, якія склаліся ў краіне”. “Мы ўспрымаем гэта як належнае і, адпаведна, маўчым часам. Аднак сціпласці тут быць не павінна, пра гэта трэба гаварыць”, — лічыць Лукашэнка.

Прэс-служба нагадвае, што дата парламенцкіх выбараў павінна быць аб’яўленая не пазней за 10 чэрвеня, і “адпаведныя рашэнні будуць прынятыя ў тэрмін”.

Нагадаем, раней Лукашэнка пагадзіўся з прапановай кіраўніка ЦВК Лідзіі Ярмошынай правесці выбары 11 верасня.

Поделиться ссылкой: