Текст документа:
Супольная пазіцыя дэмакратычных сілаў
па ўмовах правядзення парламенцкай кампаніі ў Беларусі
Улады вымушаныя дэманстраваць жаданне ўлічваць рэкамендацыі АБСЕ/БДІПЧ. Змененая тактыка паводзінаў уладаў – ад заяваў пра дасканаласць і дэмакратычнасць выбарчага працэсу ў Беларусі ды поўнага непрыняцця рэкамендацыі АБСЕ/БДІПЧ да дэманстрацыі нібыта добрай волі і размоваў пра магчымыя змены – ёсць пэўным крокам наперад.
Аднак рэальныя крокі і абяцаныя змены ідуць у разрэз з духам і літарай рэкамендацыяў міжнароднай супольнасці і дэмакратычнай грамадскасці Беларусі.
Галоўная і самая відавочная хіба выбарчага працэсу ў Беларусі – гэта непразрысты падлік галасоў. Ва ўмовах Беларусі празрыстасць падліку гарантуецца толькі:
– прыярытэтным ўключэннем прадстаўнікоў палітычных партыяў і ўсіх кандыдатаў ў склад найперш УВК, а таксама і вышэйстаячых камісіяў з роўнымі правамі для ўсіх;
– публічным абвяшчэннем выбару асобна па кожным выбарчым бюлетэні;
– рэальнай магчымасцю для назіральнікаў, міжнародных і нацыянальных у роўнай ступені, назіраць за ўсімi аспектамi выбарчага працэсу на ўсім яго працягу, за галасаваннем, падлікам і падвядзеннем вынікаў.
Абяцаная нібыта «адкрытасць» аднаго боку стала на якім праводзіцца падлік галасоў не зьяўляецца вырашэннем праблемы.
Наступная агульнапрызнаная хіба выбараў – гэта маніпуляцыі ўладамі са спісамі выбарцаў. Нішто не перашкаджае стварыць агульнанацыянальны публічны рэестр выбарцаў з падзелам на акругі, зрабіць яго даступным у інтэрнэце і публічна вывешваць спісы выбарцаў на кожным выбарчым участку да поўнага сканчэння галасавання. Назіральнікі павінны мець права азнаёміцца са зместам спісаў выбаршчыкаў і атрымаць завераную копію пратаколу аб выніках.
Трэцяя найбольш відавочная загана выбарчага працэсу ў Беларусі – гэта злоўжыванне працэдурай датэрміновага галасавання, якое павінна быць абмежаваным і насіць вынятковы характар толькі па адпаведным пісьмовым запыце.
Пералічаныя крокі – гэта толькі самыя пільныя і толькі неадкладныя захады, якія павінны забяспечваць празрыстасць, справядлівасць і дэмакратычнасць выбараў у Беларусі. Іх прыняццё магчымае праз адпаведныя інструкцыі ад ЦВК у бліжэйшыя дні. Прывядзенне усяго выбарчага заканадаўства Беларусі ў адпаведнасць з міжнароднымі дэмакратычнымі нормамі павінна быць зробленым з шырокім публічным удзелам АБСЕ/БДІПЧ, Венецыянаскай камісіі Рады Еўропы, а таксама і найперш дэмакратычных палітычных партыяў і НДА цягам бліжэйшых 12 месяцаў.
Існуе небяспека, што ўлады адхіліўшы прапановы АБСЕ/БДІПЧ і не зрабіўшы рэальных крокаў па дэмакратызацыі і падвышэнні празрыстасці выбарчага працэса, назначаць дэпутатамі Палаты Прадстаўнікоў грамадзян, якіх паспрабуюць выдаць за прадстаўнікоў апазіцыі. Для нас падобны падыход зьяўляецца абсалютна непрымальным, які толькі закансервуе сітуацыю адсутнасці рэальных выбараў у Беларусі.
Фото: ucpb.org
Поделиться ссылкой:
Падтрымаць «Народную Волю»
Добавляйте издание «Народная Воля» в избранное на Яндекс-Новости!