Як паведамляе прэс-служба ўрада, адносіны паміж Беларуссю і Кубай прайшлі выпрабаванне часам і сёння характарызуюцца высокім узроўнем узаемнага даверу і павагі. “Мы ганарымся тым, што можам назваць іх брацкімі, — падкрэсліў Кабякоў. — Ваша рашэнне наведаць з візітам Беларусь з’яўляецца сведчаннем глыбокай зацікаўленасці Рэспублікі Куба ў далейшым развіцці нашых двухбаковых сувязяў. Мы ўспрымаем гэты крок як праяву шчырай сімпатыі да беларускага народа”.
У першым квартале 2016 года беларускі экспарт саступае аб’ёмам прадукцыі, якая закупляецца на Кубе, канстатаваў кіраўнік урада. “Таму прапануем сёння абмеркаваць шляхі і магчымасці выпраўлення гэтай сітуацыі”, — сказаў ён.
Кабякоў таксама нагадаў, што ў стадыі рэалізацыі знаходзіцца шэраг ўзаемавыгадных эканамічных праектаў. Да прыкладу, на адным з прадпрыемстваў у Сант’яга-дэ-Куба манціруецца лінія па зборцы кабін для аўтамабіляў МАЗ. Вывучаецца магчымасць сумеснай зборкі сельгастэхнікі “Белаграмаш” на адным з заводаў у горадзе Альгін. Таксама МАЗ і МТЗ разглядаюць магчымасць адкрыцця сваіх прадстаўніцтваў на Кубе.
“Мы разлічваем на рэалізацыю падпісанага ў студзені 2016 года кантракта на пастаўку рэмкамплектаў для тэхнікі МТЗ, а таксама падпісанага ў красавіку 2016 года кантракта на пастаўку тэхнікі МАЗ”, — сказаў прэм’ер-міністр.
Акрамя таго, рыхтуюцца да падпісання кантракты, якія прадугледжваюць пастаўкі на Кубу тэхнікі ААТ “СтанкаГомель”, “Белаграмаш”, МТЗ, Мінскага маторнага завода.
Створана і дзейнічае сумесная беларуска-кубінская камісія па супрацоўніцтве ў сферы навукі і тэхналогій. “У рамках яе працы Беларусь прапанавала праект канцэпцыі стварэння на Кубе Парку высокіх тэхналогій, — адзначыў Кабякоў. — Беларусь гатова аказаць садзейнічанне ў стварэнні сучасных тэлекамунікацыйных і камп’ютарных сістэм”.
Ён дадаў, што эканамічная сітуацыя ў сучасным свеце мяняецца. “І Беларусь, і Куба зведваюць уплыў неспрыяльных знешніх умоў, — сказаў кіраўнік урада. — Лічу, што пераадольваць негатыўныя тэндэнцыі сусветнай глабалізацыі нам будзе нашмат лягчэй супольна”.