Пра гэта сведчаць звесткі Статкамітэта СНД, якія прыведзеныя ў дакладзе аб сацыяльна-эканамічным становішчы краін Садружнасці за першы квартал 2016 года.

Звесткі па большасці краін прыводзяцца на 1 красавіка 2016 года.

Як вынікае з дакладу, паведамляе БелаПАН, за апошнія 12 месяцаў у Беларусі колькасць беспрацоўных павялічылася на 37,1%, у Казахстане — на 23%, у Малдове — на 22,8%, у Арменіі — на 11,5%, у Азербайджане — на 11%, у Расіі — на 6%.

Зніжэнне колькасці беспрацоўных адбылося ва Украіне (на 7,7%), Кыргызстане (на 2,1%) і ў Таджыкістане (на 0,6%).

Статкамітэт СНД таксама параўноўвае памеры дапамог, якія выплачваюцца беспрацоўным у краінах СНД. У Азербайджане яна складае ў эквіваленце 162 долары ЗША за месяц, у Малдове — 69 долараў, ва Украіне — 59 долараў. У Беларусі ж сярэдні памер дапамогі па беспрацоўі складае 261,3 тыс. рублёў, або 13 долараў у эквіваленце.

Памер дапамогі па беспрацоўі ў Беларусі складае менш за 20% бюджэту пражытковага мінімуму, у той час як у многіх краінах свету менавіта дапамога з’яўляецца адной з найважнейшых мер падтрымкі людзей у выпадку страты працы, канстатуюць эканамісты.

“Дапамога — гэта той інстытут сацыяльнай абароны, які павінен дапамагаць беспрацоўным перажыць складаны перыяд. Памер цяперашняй дапамогі, якая складае каля 260 тысяч рублёў, — карыкатура на той інстытут, які павінен абараняць людзей у выпадку страты працы”, — заявіў у каментары БелаПАН старшы даследчык Цэнтра сацыяльна-эканамічных даследаванняў (CASE Беларусь) Уладзімір Валетка.

Што ж датычыцца росту беспрацоўя ў краіне, то ён абумоўлены неспрыяльнай сітуацыяй у эканоміцы, адзначае эксперт. Пры гэтым ён дадае, што вялікай матывацыі рэгістравацца ў якасці беспрацоўных у людзей, якія страцілі працу, няма, бо дапамога па беспрацоўі ў Беларусі чыста намінальная.

У сувязі з гэтым, лічаць эканамісты, рэальныя маштабы беспрацоўя адлюстроўвае не афіцыйная статыстыка (на 1 мая — 1,2% да колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва), а даныя выбарачнага абследавання хатніх гаспадарак, якія дазваляюць ацэньваць у тым ліку і маштабы прыхаванага беспрацоўя. Такія абследаванні хатніх гаспадарак у Беларусі праводзяцца Нацыянальным статыстычным камітэтам з 2012 года, аднак іх вынікі засакрэчаныя.

“Зразумела, даныя па беспрацоўі, якія збіраюцца на падставе выбарачных абследаванняў хатніх гаспадарак, больш дакладна адлюстроўваюць сітуацыю з беспрацоўем у краіне. Адзіная лічба з гэтых абследаванняў, якая стала публічнай у 2012 годзе дзякуючы Нацбанку, сведчыла аб тым, што памер беспрацоўя ў нас ужо тады быў 5,3%”, — успамінае Уладзімір Валетка.

На думку эканаміста, сёння сітуацыя на рынку працы застаецца напружанай, пра што сведчаць звесткі пра колькасць прынятых і звольненых работнікаў у першым квартале. Так, згодна з апошнімі афіцыйнымі данымі, у сакавіку было звольнена 56 тыс. работнікаў, а працаўладкавана — толькі 40,2 тыс. чалавек.

“Такім чынам, колькасць звольненых была запоўненая ў сакавіку новапрынятымі работнікамі толькі на 71%. У студзені гэты паказчык складаў 83%, у лютым — 84%. З гэтай дынамікі відаць, што сітуацыя з занятасцю ў першым квартале пагаршалася”, — канстатаваў эксперт.

Поделиться ссылкой: