Праз эканамічны крызіс дзяржава перастала дапамагаць гэтым выданням, а дзяржбюджэт быў асноўнай крыніцай іх фінансавання ў сацыялістычнай эканоміцы. Але з развіццём інтэрнэту інтарэс да папулярнай навукі пакрыху пачаў адраджацца. Ці цяжка цяпер займацца прапагандай навукі і крытычнага мыслення, як зацікавіць моладзь займацца навукай і якія існуюць у грамадстве самыя распаўсюджаныя антынавуковыя міфы і забабоны? Гэтыя пытанні «Наша Ніва» абмеркавала з рэдактарам навукова-папулярнага рэсурсу «Easy Science» і лектарам праекта «Курылка Гутэнберга» Віктарам Шаленчанкам.

НН: Віктар, чаму сёння адбываецца ўздым цікавасці да папулярнай навукі?

ВШ: Пэўны час папулярная навука ў нашым рэгіёне была ў крызісе. Вы ведаеце пра піраміду Маслаў? Дык вось, калі ў цябе няма хлеба, пытанні навукі неяк адсоўваюцца на другі план. Нельга казаць, што ў нас цяпер добрае эканамічнае становішча, але ў параўнанні з 90-мі цяпер усё ж лепшае. Інтэрнэт і іншыя сродкі камунікацыі сталі даступнымі, і цікавасць людзей да навукі з-за гэтага вырасла. Мы сёння можам бачыць шмат рэсурсаў, суполак у сацыяльных сетках і каналаў на YouTube, якія займаюцца папулярызацыяй навукі і маюць мільёны падпісантаў. Гэта цікава і гэта модна.

НН: Але навошта займацца папулярызацыяй навукі? Большасць людзей у любым выпадку ніколі не будзе займацца навукай у сваім жыцці. Няўжо школьных ведаў недастаткова?

ВШ: Так, вы маеце рацыю. Навукай займаюцца адзінкі. Але пра навуку варта ведаць усім, нават калі вы ёй прафесійна не займаецеся. Бо навука — гэта ўсё, што нас атачае. Нават самыя простыя бытавыя рэчы з’явіліся ў выніку навуковай дзейнасці. Не абавязкова кожнаму ведаць нейкія складаныя формулы альбо методыкі, але кожнаму цікава і карысна ведаць нейкія практычныя бытавыя рэчы.

Што тычыцца фармальнай адукацыі, то яе, на жаль, недастаткова для папулярызацыі навукі. Фармальная і нефармальная адукацыя тут павінны працаваць разам.

НН: У Савецкім Саюзе папулярная навука прапагандавалася, пры гэтым царква была ў няласцы. У 90-я царква пачала адраджацца, а папулярная навука была ў заняпадзе. Як Вы лічыце, рэлігія і навука супярэчаць адно аднаму?

ВШ: Я атэіст. Але я веру, што рэлігія і навука могуць спакойна суіснаваць. Сённяшні сусветны цэнтр навукі — ЗША, даволі рэлігійная краіна. Ёсць прыклады навукоўцаў, якія нармальна сумяшчаюць сваю навуковую дзейнасць з верай у Бога. Але самае галоўнае, каб рэлігія не выходзіла за акрэсленыя межы і не ўплывала на навуку. Суіснаванне магчымае, але не трэба рэлігію і навуку змешваць у адно.

НН: Папулярная навука — гэта масавая з’ява. І ў навукова-папулярных выданнях усё ж больш журналістыкі, чым навукі. Дзе гарантыя таго, што інфармацыя там адпавядае рэчаіснасці?

ВШ: 100% гарантыі ніхто не зможа даць. Скажу больш, што нават навукоўцы — гэта не нейкая вышэйшая каста людзей, нават яны могуць памыляцца. Я ўжо не кажу пра звычайных папулярызатараў навукі. Бо ў гэтым і ёсць асноўная ідэя навукі: мысліць крытычна, правяраць тэорыі і не баяцца іх абвяргаць, калі яны няправільныя.

Але што тычыцца аўтарытэту крыніц, то цяпер не праблема спраўдзіць з дапамогай Google тую ці іншую інфармацыю. І пажадана карыстацца англамоўнымі крыніцамі.

НН: Існуе шмат міфаў і забабонаў, якія супярэчаць навуцы. Папулярызатары навукі імкнуцца гэтыя забабоны абвергнуць. Маглі б Вы скласці топ-10 самых абсурдных антынавуковых міфаў, якія існуюць у грамадстве?

ВШ: Добра.

1. Першы пункт — астралогія/нумералогія. Тут усё даволі проста. Нават калі ўявіць, што пазіцыі планет і зорак тэарэтычна могуць хоць неяк уплываць на лёс чалавека, то гэтыя пазіцыі на зорным небе кожны раз змяняюцца. Базавыя прынцыпы астралогіі не змяняліся амаль два тысячагоддзі, а пазіцыі нябесных цел ужо не тыя. Да таго ж, ёсць «заходняя» астралогія, есць «індыйская», «кітайская», астралогія майя і іншыя. І яны проста супярэчаць адна адной.

Што тычыцца нумералогіі — тут яшчэ прасцей. Кожную хвіліну нараджаецца 250 немаўлят. Няўжо ў кожнага з іх будзе аднолькавы лёс? І які час нараджэння мы лічым: сонечны час, сусветны час, зорны альбо мясцовы час?

2. «Нервовыя клеткі не аднаўляюцца» — знаёмы выраз з дзяцінства. На самой справе гэта міф, навукоўцы яшчэ ў 1995 годзе даказалі, што яны аднаўляюцца.

Нервовыя клеткі аднаўляюцца, гіпноз бывае толькі па жаданні, 25-ы кадр не дзейнічае… Топ-10 папулярных навуковых міфаў

3. У галівудскіх фільмах мы звыкліся бачыць метэоры як палаючыя агнявыя шары. На самой справе метэоры падаюць на Зямлю не толькі не гарачымі, але часцей за ўсё халоднымі. Таму калі вы пабачылі метэор, які толькі што ўпаў, не дакранайцеся да яго — можаце атрымаць халадовую траўму.

4. Маланка не б’е некалькі разоў у адно месца — міф!

Маланка б’е туды, дзе найменшае электрычнае супраціўленне. А яно амаль не змяняецца.

5. Некалькі гадоў таму ў Расіі выйшла псеўданавуковая стужка «Вада». На жаль, фільм зняты на даволі прафесійным узроўні, і шмат людзей сапраўды паверылі асноўнай ідэі гэтага фільма: нібыта ў вады ёсць памяць і яна мае нейкія ўнікальныя ўласцівасці. Насамрэч стужка не толькі абсалютна антынавуковая, але і ўтрымлівае ў сабе вялікую колькасць глупстваў. Напрыклад, аўтары сцвярджаюць, што вада існуе толькі на Зямлі. На самой справе, на Тытане, спадарожніку Сатурна, вада пакрывае палову паверхні. Альбо іншая заява аўтараў, нібыта вада — адзінае рэчыва на Зямлі, якое можа знаходзіцца ў трох агрэгатных станах. Толькі неадукаваны чалавек мог зняць такую стужку.

6. Можна пачуць такое меркаванне, што егіпецкія піраміды пабудавалі іншапланетнікі. Маўляў, яны настолькі складаныя канструкцыі, што нават з самай сучаснай тэхнікай немагчыма пабудаваць нічога падобнага. Тым больш не маглі такое пабудаваць старажытныя егіпцяне.

На самой справе, егіпецкія піраміды — даволі нязграбныя і прымітыўныя для нашага часу пабудовы. Так, для старажытных егіпцян было не так проста такое пабудаваць без будаўнічых кранаў і іншых сучасных машын, але цалкам магчыма. Без праблем можна і цяпер пабудаваць падобныя піраміды з выкарыстаннем сучаснай тэхнікі — проста гэта нікому не патрэбна, вось і ўсё.

Нервовыя клеткі аднаўляюцца, гіпноз бывае толькі па жаданні, 25-ы кадр не дзейнічае… Топ-10 папулярных навуковых міфаў

7. «Эфект 25-га кадра» — хлусня. Насамрэч, дадатковы кадр з іншароднай інфармацыяй ніяк не можа ўплываць на падсвядомасць чалавека. Яшчэ ў 1962 годзе аўтар дадзенай «методыкі» Джэймс Вайкеры прызнаў, што дадзеныя эксперыментаў, якія нібыта пацвярджалі наяўнасць такога ўздзеяння — сфабрыкаваная фальшыўка.

Нервовыя клеткі аднаўляюцца, гіпноз бывае толькі па жаданні, 25-ы кадр не дзейнічае… Топ-10 папулярных навуковых міфаў

8. «Цыганскі» гіпноз. Такі тэрмін можна пабачыць нават у міліцэйскіх зводках.

Гіпноз на самой справе існуе, але не ў той форме, у якой яго паказваюць у мастацкіх фільмах. Стан гіпнозу не падобны да сну, і загіпнатызаваць чалавека насуперак яго волі немагчыма. Гіпноз не можа прымусіць людзей рабіць нешта звышнатуральнае, людзі захоўваюць магчымасць супраціўляцца ўнушэнню. І самае галоўнае, нават пры жаданні самога чалавека, далёка не кожны паддаецца гіпнозу.

9. Ці сапраўды былі амерыканцы на Месяцы? Канспіролагі сцвярджаюць, што амерыканцаў там не было, а ўсю кінахроніку пра палёт знялі ў павільёнах Галівуда. Што самае цікавае, гэтая тэорыя з’явілася не ў Расіі, а ў ЗША.

Насамрэч, паміж СССР і ЗША была сур’ёзная касмічная гонка. І калі ў СССР былі хаця б нейкія сумненні ў палёце амерыканцаў на Месяц, яны б іх абавязкова аформілі ў выглядзе доказаў і выкарысталі на сваю карысць.

10. Прадуктовыя дадаткі.

Супраць іх развязалася сапраўдная інфармацыйная вайна. На самой справе карысць ад харчовых дадаткаў значна перавышае магчымую шкоду ад іх ужывання. Напрыклад, нітрыт натрыю Е-250 выкарыстоўваецца як антыбактэрыяльны агент супраць узбуджальніка батулізму. Гэта цяжкае захворванне, якое было раней вельмі распаўсюджанае і ўзнікала пасля ўжывання кансерваў.

У большасці выпадкаў у вас больш высокая імавернасць атруціцца звычайнай соллю, чым якім-небудзь глутаматам натрыю.

Вы можаце адмовіцца ад прадуктовых дадаткаў, але гэта адмаўленне ад прагрэсу і вяртанне да тых часоў, калі сярэдняя працягласць жыцця была каля 40 гадоў.

Поделиться: