“Можа, трэба для разнастайнасці працоўны чалавек — і абралі мяне дэлегатам”

2

Чытаю: “На Усебеларускі сход паедзе пераважна наменклатура”. У гэтым сумневаў няма. Да прыкладу, дэлегатам ад Завадскога раёна Мінска абраны былы кіраўнік раённай адміністрацыі, намеснік старшыні Савета дырэктараў Завадскога раёна Алег Жогла. Кандыдатуру яго чакана прапанавала кіраўніцтва раённай адміністрацыі. Відаць, перадае Еўрарадыё, з улікам вопыту: Алег Міхайлавіч ужо быў дэлегатам сходу. Першым жа пытаннем правакую “наменклатуршчыка” параўнаннем Усебеларускага сходу са з’ездам КПСС.

“А чаму мы павінны забывацца самыя добрыя, ну… станоўчы вопыт былой дзяржавы? Чаму мы павінны забывацца? — абураецца ў адказ Алег Жогла. – Не заўжды новае прыжываецца і не заўжды яно мае станоўчы вопыт і наступствы. Калі гэта станоўчыя вынікі дае нашай дзяржаве, то чаму мы павінны ад гэтага адмаўляцца?”

Але які сэнс у гэтым мерапрыемстве, калі ўрад прыняў праграму развіцця да 2020 года? Хай выконвае!

Алег Жогла: “Урад прыняў і прыняў, але хай Урад дэлегатам усё гэта і дакладзе – што прынятае. Гэта ж больш шырокае кола людзей будзе браць удзел у гэтым пытанні. Ну і больш жорсткія ўстаноўкі, праграмныя такія, што будуць данесеныя да ўсяго насельніцтва”.

Калі раптам прапануюць выступіць, то гаворыць, што скажа пра праблемы “гігантаў прамысловасці”. Маўляў, трэба вырашыць, што рабіць далей з МАЗам, Трактарным ды іншымі заводамі – ці то дапамагаць, ці то рэагранізацыю якую праводзіць. Цікаўлюся, што стала з рашэннямі мінулага сходу – ці ўдалося выканаць?

У адказ суразмоўца прызнае, што першыя “гады тры вельмі паспяхова ішло выкананне ўсіх планаў, але потым сусветны крызіс “крыху падкасіў”. Але…

“Але тым не менш за пяць гадоў мы выраслі ў аб’ёмах вытворчасці дзесьці на 123-125% — гэта не зусім дрэнна ў сённяшніх умовах”.

І добрыя дарогі ў Завадскім раёне сталіцы, і новыя паліклінікі ды аздараўляльныя цэнтры, і нават гіпермаркеты з’явіліся дзякуючы рэалізацыі рашэнняў… прынятых на мінулым Усебеларускім сходзе! Вось так вось!

Будзе сярод дэлегатаў педагог гімназіі №23 Мінска Аліна Лісіцына. Кандыдатуру прапанаваў “калектыў гімназіі, а потым зацвердзілі на сходзе ў раённай Адміністрацыі”. Але навошта ёй гэта трэба – няма больш чым заняцца?

“Заняцца ёсць чым, але я лічу, што гэта таксама вельмі важна. І без канкрэтна гэтага V Сходу, на якім нам паставяць і задачы, і расплануюць нашу будучую дзейнасць на пяць гадоў, ну… неяк так”, — спрабуе патлумачыць мне важнасць гэтага мерапрыемства педагог-арганізатар.

На папярэднім сходзе Аліна Лісіцына не была, але глядзела на тэлевізары. Ну і што – выканалі мы пастаўленыя задачы?

“Тое, што тычыцца моладзевай палітыкі, педагогікі, думаю, справіліся”, — кажа педагог і адразу сабе супярэчыць, калі цікаўлюся: што б хацела сказаць з высокай трыбуны.

“Вельмі хацелася, каб звярнулі ўвагу на нашых маладых спецыялістаў: можа, фінансава іх падтрымаць, можа, яшчэ якімі стымулюючымі… Можа, ільготнае крэдытаванне ім зрабіць, каб не было так цяжка. Бо, на жаль, маладых спецыялістаў вельмі цяжка затрымаць у школах. Ну і каб прэстыж педагогаў павышаўся, трэба, можа, трошкі падвысіць ім заробак”…

“Можа, трэба для разнастайнасці працоўны чалавек — і абралі мяне дэлегатам”

Сярод дэлегатаў ад Партызанскага раёна сталіцы знаходжу прадпрымальніка. А ён туды як патрапіў? Высвятляецца, што Раман Ніканаў займаецца не толькі бізнесам, але і палітыкай – дэпутат “мясцовага ўзроўню”. Кажа, цікава самому паглядзець вокам прадпрымальніка на тое, што і як на тым сходзе адбываецца. А па магчымасці і выступіць.

“Я б хацеў звярнуць увагу на банкаўскую сферу: я лічу, што крэдытна-банкаўская сістэма ў рэальным сектары эканомікі павінна працаваць па-іншаму. У нас не грошай няма – у нас няма канцэпцыі грошай. Заадміністраванасць эканомікі – ёсць такая праблема”.

За мінулым Усенародным сходам прадпрымальнік не сачыў, і якія там прымаліся рашэнні ды ставіліся задачы, не ведае. Але абяцае, што вывучыць гэтае пытанне. І паглядзіць, што з прынятага было выканана. Разважаючы пра сэнс мерапрыемства, Раман Ніканаў кажа: дзяржава павінна размаўляць са сваім народам. Іншая справа, ці пачуе дзяржава сказанае народам. І ці будзе нешта народ гаварыць?

“Дадуць магчымасць – выступлю, уцякаць і хавацца не буду!” – смела заяўляе токар Мінскага маторнага завода Анатоль Лазоўскі. Праўда, што скажа з трыбуны, адказаць народны трыбун мне так і не здолеў.

Дарэчы, як шараговы рабочы патрапіў у дэлегаты?

“Калі шчыра – я і сам не ведаю, — з усмешкай прызнаецца токар. —  Нас было 9 чалавек у спісе завода, але чамусьці мяне абралі… На якіх падставах? Ці трэба было разнастаіць свой склад – трэба быў працоўны чалавек? Нават не магу сказаць як – ніякага блату, нічога ў мяне”…

Ці мог адмовіцца? “А навошта?, — адказвае. – Калі мне калектыў даверыў – трэба ісці далей. І адстойваць інтарэсы калектыву, калі раптам патрэба ўзнікне. Два дні можна на гэты выдаткаваць… Можа, нават карысць будзе для нас, для завода, для краіны. Сход жа будзе праходзіць у працоўныя дні, і калі адрываюць ад працы людзей, то, значыцца, у гэтым ёсць нейкая неабходнасць”.

Што абяцалі зрабіць, чаго дасягнуць на мінулым сходзе, Анатоль Лазоўскі не памятае. “Але ж нешта абяцалі і нешта ж з таго выканалі – краіна ж развіваецца, ідзе ўверх, а не назад”, — разважае токар.

Жартам цікаўлюся, ці ёсць у дэлегата годны для такой падзеі касцюм, і нечакана высвятляецца, што хоць Лазоўскі і токар, але не такі ўжо і просты.

“Я ўжо быў не адзін раз у Аляксандра Рыгоравіча! І ордэн атрымліваў у яго. І калі ён на завод наш прыязджаў, стаяў насупраць яго ў трох метрах – але не бліжэй! Так што апрануць ёсць што – не голыя!”

Вось вам і без блату! Ну, а ад майго Маскоўскага раёна сталіцы дэлегатамі абралі прэм’ер-міністра ды міністра ўнутраных спраў – не ведаў, што яны жывуць недзе побач…

 Фота: www.ctv.by

Поделиться ссылкой: