ЗША заклікаюць Беларусь да паляпшэння сітуацыі ў сферы дэмакратыі

7
Пра гэта заявіла намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША па справах Еўропы і Еўразіі Брыджыт Брынк 18 мая на сустрэчы з журналістамі па выніках візіту ў Мінск.

Нагадаем, Брыджыт Брынк і яе калега, намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША па пытаннях дэмакратыі, правоў чалавека і працы Роберт Бяршчынскі прыбылі ў Мінск 17 мая.

Паводле слоў Брынк, перадае БелаПАН, асноўнай мэтай іх візіту было правядзенне трэцяга раўнда беларуска-амерыканскага дыялогу па правах чалавека. Папярэднія раўнды адбыліся ў Вашынгтоне ў маі і снежні мінулага года, дадала яна.

Брынк зазначыла, што падчас цяперашняга візіту адбыліся сустрэчы з прадстаўнікамі ўлады, у тым ліку з міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем і кіраўніком ЦВК Лідзіяй Ярмошынай, а таксама з прадстаўнікамі апазіцыйных партый, грамадзянскай супольнасці і праваабаронцамі. “На ўсіх сустрэчах мы падкрэслівалі, што ЗША выступаюць у падтрымку незалежнасці Беларусі і яе шляху да большага росквіту”, — сказала намеснік памочніка дзяржсакратара.

Яна нагадала, што ў адказ на вызваленне беларускіх палітвязняў у жніўні мінулага года ЗША прыпынілі санкцыі ў дачыненні да дзевяці беларускіх прадпрыемстваў, а ў красавіку 2016-га — працягнулі гэтае рашэнне на паўгода. “Гэтая мера носіць абмежавальны характар і залежыць ад далейшага развіцця падзей”, — падкрэсліла Брынк.

На пытанне БелаПАН, ці будуць адмененыя санкцыі, калі Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ станоўча ацэніць правядзенне парламенцкіх выбараў у Беларусі (яны павінны прайсці 11 верасня), прадстаўнік Дзярждэпартамента адказала: “Мы будзем глядзець і ацэньваць высновы БДІПЧ. Безумоўна, гэта будзе вялікім зрухам, калі БДІПЧ дасць добрую ацэнку выбарам”.

Брынк нагадала, што БДІПЧ зрабіла досыць шмат рэкамендацый па паляпшэнні выбарчага працэсу ў Беларусі. У прыватнасці, адзначыла яна, гэтыя рэкамендацыі датычаць забеспячэння празрыстасці падліку галасоў і фарміравання складу выбарчых камісій з удзелам больш шырокага прадстаўніцтва.

Паводле слоў Брынк, тэма выбараў была адной з асноўных падчас сустрэч з беларускімі чыноўнікамі. “Мы казалі пра тое, як зрабіць так, каб выбары прайшлі ў пазітыўнай атмасферы”, — сказала яна. Паводле ацэнкі прадстаўніцы Дзярждэпартамента, беларускія афіцыйныя асобы “адкрытыя для дыялогу”.

Брыджыт Брынк таксама пазітыўна ацаніла ўчарашнюю заяву Лідзіі Ярмошынай пра тое, што некаторыя рэкамендацыі БДІПЧ будуць улічаныя. “Мы разглядаем гэта як станоўчы крок. Да і пасля выбараў мы будзем глядзець, наколькі гэтыя рэкамендацыі былі ўвасобленыя ў жыццё. Але мы вітаем тую сур`ёзнасць, з якой гэтыя рэкамендацыі былі тут успрынятыя”, — сказала яна.

Намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША не ведае, ці будуць прадстаўнікі беларускай апазіцыі ўдзельнічаць у выбарах, але, падкрэсліла яна, наяўнасць апазіцыі ў прынцыпе з`яўляецца важнай умовай для існавання дэмакратыі.

“Неабходна стварыць атмасферу, якая забяспечыць правядзенне свабодных і сумленных выбараў для ўсіх. Галоўнае — гэта працэс, а не вынік. Гаворка ідзе не пра канкрэтных кандыдатаў, а пра тое, як будзе праходзіць выбарчы працэс”, — сказала на заканчэнне Брынк.

 
Фота: europalibera.mobi

Поделиться ссылкой: