Андрэа Рыгоні: Парламенцкія выбары стануць важным этапам на шляху нармалізацыі адносінаў Беларусі з ЕС і Саветам Еўропы

0
Заявіў аб гэтым дакладчык па Беларусі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ) Андрэа Рыгоні, выступаючы 18 мая ў Мінску на пасяджэнні круглага стала “Стандарты правядзення выбараў і ўдасканаленне выбарчага працэсу ў Рэспубліцы Беларусь”.

Мерапрыемства, паведамляе БелаПАН, арганізаванае ПАСЕ сумесна з Нацыянальным сходам Беларусі.

“Палепшыць заканадаўства і практыку правядзення выбараў — значыць павысіць узровень дэмакратыі ў краіне. У нас адна мэта — каб у Беларусі прайшлі дэмакратычныя і свабодныя выбары”, — падкрэсліў Рыгоні.

Ён адзначыў: падчас круглага стала бакі хацелі б абмеркаваць тое, што “добра працавала на прэзідэнцкіх выбарах 2015 года”, а таксама “паглядзець, калі працэс даў праломы, якія можна залатаць”.

Пры гэтым дакладчык лічыць, што прадстаўнікоў Беларусі неабходна запрашаць на ўсе мерапрыемствы ПАСЕ, якія тычацца выбарнай тэматыка. “З часам Беларусь павінна ўвайсці ў ПАСЕ”, — сказаў Рыгоні.

Паводле яго слоў, для нармальнага функцыянавання парламента неабходныя два бакі — большасць і апазіцыя. Парламент павінен быць “саюзам глыбакадумных людзей, якія гатовыя да дыскусіі”, заявіў дакладчык.

Рыгоні перакананы, што пакрокавае збліжэнне Страсбурга і Мінска, дыялог не маюць альтэрнатывы. “Гэта адзіны шлях росту еўрапейскіх стандартаў у Беларусі”, — падкрэсліў палітык.

У сваю чаргу начальнік аддзела па дэмакратыі і назіранні за выбарамі Еўрапейскай службы знешніх сувязяў Эмануэль Жафрэ выказаў надзею на тое, што парламенцкія выбары стануць “новай вяхой у працэсе дэмакратызацыі Беларусі”. Сам ход выбараў, а таксама прадстаўніцтва палітычных партый у парламенце будуць важнымі аспектамі пры ацэнцы іх вынікаў, дадаў ён.

Паводле слоў Жафрэ, структурных рэформаў да гэтых выбараў чакаць складана, “але пэўных поспехаў можна дамагчыся і рэгуляцыйным шляхам”.

Для кіраўніка дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю Богдана Здраеўскі “жаданне беларускага боку мяняцца з’яўляецца сігналам”. “Гэта можа палепшыць адносіны Беларусі і ЕС”, — лічыць польскі дэпутат.

Парламенцкія выбары ў Беларусі павінны прайсці 11 верасня.

Поделиться ссылкой: