Віктарын: Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі дагэтуль турбуе Еўрасаюз

101
“Адносіны Беларусі і ЕС павінны грунтавацца на агульнапрызнаных каштоўнасцях — павазе да дэмакратыі, правоў чалавека і вяршэнства закона”, — сказала Віктарын, адзначыўшы, што ЕС застаецца прыхільным да палітыкі “крытычнага ўзаемадзеяння” ў дачыненні да Беларусі.

Паводле слоў прадстаўніка Еўрасаюза, паведамляе БелаПАН, за апошнія гады беларускія ўлады зрабілі некалькі захадаў, якія дазволілі палепшыць адносіны з ЕС. Сярод такіх захадаў яна назвала пачатак перамоваў аб спрашчэнні візавага рэжыму, аднаўленне дыялогу аб правах чалавека, актыўны ўдзел краіны ва Усходнім партнёрстве, а таксама намаганні Беларусі ў падтрыманні стабільнасці ў рэгіёне. Асобна Віктарын адзначыла вызваленне палітвязняў у жніўні 2015 года і правядзенне прэзідэнцкіх выбараў без насілля. “Я не кажу, што не было недахопаў, але, на шчасце, людзі не апынуліся ў турме”, — сказала яна.

Віктарын таксама падкрэсліла, што ЕС па-ранейшаму заклікае беларускія ўлады аднавіць былых палітвязняў у грамадзянскіх і палітычных правах, не чыніць перашкодаў рэгістрацыі палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў, выканаць рэкамендацыі АБСЕ наконт выбараў і ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне.

“Мы спадзяваліся, што хаця б дэ-факта будзе мараторый, але, на жаль, у красавіку быў пакараны чалавек”, — сказала Віктарын.

Яна таксама адзначыла, што Еўрасаюз будзе рабіць усё магчымае, каб у дыялогу ЕС і беларускіх уладаў актыўна ўдзельнічала грамадзянская супольнасць, а развіццё адносін паміж Еўрасаюзам і афіцыйным Мінскам не прывядзе да памяншэння падтрымкі, у тым ліку фінансавай, беларускай грамадзянскай супольнасці з боку ЕС.

“Падтрымка грамадзянскай супольнасці і развіццё кантактаў паміж людзьмі застаюцца нашымі асноўнымі прыярытэтамі”, — сказала Віктарын.

 
Фота з адкрытых крыніц

Поделиться ссылкой: