Камітэт міністраў Савета Еўропы шкадуе аб прывядзенні ў выкананне чарговага смяротнага прысуду ў Беларусі

3
Як паведамілі у прэс-службе СЕ, піша БелаПАН, пра гэта гаворыцца ў прынятай 11 мая дэкларацыі Камітэта міністраў.

“Камітэт міністраў Савета Еўропы, як і генеральны сакратар, глыбока шкадуе аб смяротным пакаранні Сяргея Іванова ў Беларусі 7 мая, — гаворыцца ў дакуменце. — Ён нагадвае, што смяротнае пакаранне парушае прынцыпы Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і Еўрапейскай канвенцыі аб правах чалавека і зноў заклікае беларускія ўлады ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне ў якасці першага кроку на шляху яе адмены”.

Раней з такімі ж заявамі выступілі генеральны сакратар Савета Еўропы, Еўрапейскі саюз, Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ.

Нагадаем, 6 мая стала вядома аб выкананні ў Беларусі смяротнага прысуду ў дачыненні да Сяргея Іванова (жорсткае забойства чалавека), а таксама аб рашэнні Вярхоўнага суда пакінуць у сіле смяротны прысуд Сяргею Хмялеўскаму (забойства трох чалавека).

Беларусь застаецца адзінай у Еўропе краінай, дзе да гэтага часу прымяняецца смяротнае пакаранне. З моманту атрымання краінай незалежнасці да расстрэлу былі прыгавораныя больш за 400 чалавек, Аляксандр Лукашэнка памілаваў з іх ліку толькі аднаго асуджанага.

Паводле звестак праваабаронцаў, пакарання зараз таксама чакаюць Іван Кулеш (жорсткае забойства трох чалавек) і Генадзь Якавіцкі (жорсткае забойства аднаго чалавека). Прысуды аб выключнай меры пакарання ў дачыненні да іх ўвайшлі ў сілу.

 
Фото: salidarnasc.org

Поделиться ссылкой: