ЭЗ гатовы супрацоўнічаць, але няхай Менск пачне рэформы – швэдзкі дыплямат

1
С. Гульгрэн: «У нас ёсьць што запрапанаваць, але каб гэтыя прапановы былі рэалізаваныя, патрэбна пачаць рэформы ў самой Беларусі».

Швэцыя, як і іншыя краіны Эўразьвязу, гатовая супрацоўнічаць зь Беларусьсю. Аднак для пашырэньня супрацоўніцтва неабходна палепшыць сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, а таксама пачаць эканамічныя рэформы. Пра гэта ў інтэрвію Польскаму радыё заявіў кіраўнік Дэпартамэнту Ўсходняй Эўропы й Цэнтральнай Азіі Міністэрства замежных справаў Швэцыі Стэфан Гульгрэн. З дыпляматам размаўляў Аляксандар Папко.

Спадар Стэфан, ці Ўсходняе партнэрства ўсё яшчэ застаецца прыярытэтам для Эўразьвязу й Швэцыі? Ці пасьля трагічных падзеяў ва Ўкраіне, крызысу бежанцаў, зьмены ўраду ў другой краіне-ініцыятары Ўсходняга партнэрства – Польшчы гэты праект не адышоў на другі плян?

С. Гульгрэн: Усходняе партнэрства застаецца прыярытэтам для швэдзкага ўраду. Мы лічым гэты праект вельмі пасьпяховым. Я хачу нагадаць, што ад запуску партнэрства ў 2009 годзе да падпісаньня дамоваў аб асацыяцыі з трымя краінамі-ўдзельніцамі прайшло ўсяго 5 гадоў – гэта надзвычай кароткі тэрмін для эўрапейскіх праектаў. Што ж да трох іншых краінаў Усходняга партнэрства, то цяпер ідуць перамовы наконт таго, што мы можам ім запрапанаваць у адпаведнасьці з іх амбіцыямі. Усходняе партнэрства мае вялікі патэнцыял. І я ня бачу, каб падзеі ва Ўкраіне ці недзе яшчэ маглі гэта зьмяніць.

Нядаўна міністар замежных справаў Польшчы, а таксама міністар замежных справаў Аўстрыі прапанавалі пераглядзець Усходняе партнэрства, нават замяніць яго на сэрыю двухбаковых дамоваў паміж краінамі Эўразьвязу і кожнай партнэрскай дзяржавай. Ці гэтыя прапановы будуць рэалізаваныя?

С. Гульгрэн: Відавочна, я не хацеў бы камэнтаваць заявы прадстаўнікоў Польшчы ці Аўстрыі. Аднак з нашага, швэдзкага пункту гледжаньня, асноўнай перавагай Усходняга партнэрства зьяўляецца тое, што яно ўключае ня толькі двухбаковыя сувязі паміж кожнай краінай і Эўразьвязам, але й шматбаковыя сувязі паміж самімі ўсходнеэўрапейскімі краінамі. Шмат праблемаў рэгіёну маюць транспамежны характар. Напрыклад, палепшыць транспартную інфраструктуру ці ўзмацніць бясьпеку межаў можна толькі пры супрацоўніцтве некалькіх краінаў.

Шматбаковае супрацоўніцтва дапамагае інтэнсыфікаваць кантакты паміж людзьмі ды ўзмацніць супрацоўніцтва недзяржаўных арганізацыяў. Калі б замест Усходняга партнэрства мы мелі шэсьць двухбаковых дамоваў, мы бы горш спраўляліся з нашай задачай – стварэньнем стабільнага суседзтва для Эўразьвязу і ўзмацненьнем супрацоўніцтва паміж постсавецкімі краінамі.

За апошнія тры месяцы міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей двойчы заявіў, што Беларусь жадае палепшыць адносіны з Эўрапейскім зьвязам і ўжо мае сфармуляваныя прапановы. У супрацоўніцтве ў якіх сфэрах найбольш зацікаўлена Беларусь? Ці ёсьць сярод гэтых прапановаў пляны падпісаць дамову аб супрацоўніцтве з Эўразьвязам ці пляны спрашчэньня візавага рэжыму?

С. Гульгрэн: Пакуль яшчэ не абмяркоўваюцца канкрэтныя прапановы. Мы павінныя рабіць усё па парадку. Мы мелі сытуацыю, калі на беларускія ўлады былі накладзеныя санкцыі. Цяпер большасьць санкцыяў зьнятая. Мы абмяркоўваем, як ісьці далей. Сапраўды, ёсьць падставы пашырыць супрацоўніцтва. Аднак як Эўразьвяз, так і Швэцыя выразна заяўляюць, што для паляпшэньня супрацоўніцтва неабходна палепшыць сытуацыю з правамі чалавека і дэмакратыяй у Беларусі, а таксама пачаць рэформы ў іншых сфэрах. У нас ёсьць што запрапанаваць, аднак каб гэтыя прапановы былі рэалізаваныя, патрэбна пачаць рэформы ў самой Беларусі.

Ці збліжэньне з Менскам азначае, што ўлады ЭЗ і ўрады краінаў Эўразьвязу скіруюць свае сродкі й сваю ўвагу на супрацоўніцтва з беларускім урадам, а недзяржаўныя арганізацыі й СМІ будуць забытыя?

С. Гульгрэн: Не, не будуць. Гэта трэба разглядаць як пашырэньне нашых стасункаў з Беларусьсю. Дэмакратыя і правы чалавека застануцца прыярытэтам. Я думаю, дададуцца іншыя сфэры – такія як дапамога ў эканамічным разьвіцьці. Аднак каб гэтая дапамога мела эфэкт – патрэбныя рэформы ў Беларусі. І я думаю, што гэта добра разумеюць усе.

Якая будзе рэакцыя Эўразьвязу ў выпадку, калі рэпрэсіі супраць грамадзкіх актывістаў і журналістаў у Беларусі ўзмацняцца? Цяпер беларускія ўлады не арыштоўваюць апанэнтаў, а накладаюць на іх вялікія штрафы, зьнішчаючы іх эканамічна і змушаючы пакінуць краіну. Ці можам мы чакаць нейкай рэакцыі з боку Эўразьвязу?

С. Гульгрэн: Я шчыра спадзяюся, што сцэнар, які вы толькі што апісалі, ня спраўдзіцца. Лепш не разважаць над гіпатэтычнымі сытуацыямі. Я магу толькі сказаць, што нашая нядаўняя гісторыя стасункаў ясна паказала: дзеяньні могуць мець наступствы. Эўразьвяз ніколі ня будзе раўнадушна назіраць за парушэньнем правоў чалавека і асноўных свабодаў. І гэта датычыць ня толькі Беларусі. Я спадзяюся, што сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі будзе паляпшацца, што пачнуцца эканамічныя рэформы. І гэта стане базай для паляпшэньня супрацоўніцтва паміж намі. Калі падзеі пойдуць у іншым напрамку – мы будзем вымушаныя таксама зьмяніць сваё стаўленьне. Нашая нядаўняя гісторыя паказала, як Эўразьвяз можа адрэагаваць. Аднак я спадзяюся на разьвіцьцё супрацоўніцтва й рэформы, перадае Польскае Радыё.

Стэфан ГульгрэнAliaksandr Papko/radyjo.net

Поделиться ссылкой: