Аргкамітэт таксама звярнуўся да кіраўнікоў дыпламатычных прадстаўніцтваў замежных краін. “Многія з вас убачылі станоўчыя змены ва ўладзе. Прыйдзеце і пераканайцеся, ці так гэта“, — сказаў Статкевіч.
Акрамя таго, аргкамітэт заклікаў кіраўнікоў іншых апазіцыйных структур, якія не падтрымалі правядзенне кангрэса, прыйсці ў сквер Янкі Купалы ў якасці беларускіх грамадзян і падтрымаць патрабаванні за свабоду правядзення мірных сходаў.
Член аргкамітэта Уладзімір Някляеў удакладніў, што ў сувязі з немагчымасцю правядзення паўнавартаснага пасяджэння кангрэса 15 мая адбудзецца яго ўстаноўчая сесія. Пры гэтым дэлегатам будзе прапанавана абраць пастаянна дзейны орган — савет кангрэса, уключыўшы туды прадстаўнікоў рэгіёнаў і цэнтральных органаў дэмакратычных партый і арганізацый.
Як паведамлялася раней, арганізатары кангрэса спрабавалі знайсці памяшканне для яго правядзення, але ўсюды атрымлівалі адмову. “Распарадчыки дзяржаўных памяшканняў адразу палохаліся, шмат хто проста казаў, што ў іх на найбліжэйшыя месяцы ўсе памяшканні занятыя, хоць падчас нашага наведвання усе яны былі вольныя. А ўладальнікі прыватных памяшканняў шчыра прызнаюцца, што не жадаюць праблем“, — распавёў БелаПАН Статкевич.
Мінгарвыканкам адмовіўся садзейнічаць пошуку памяшкання для правядзення кангрэса.
Правядзенне кангрэса дэмсіл з мэтай кансалідацыі апазіцыі ініцыявала ў снежні мінулага года група грамадскіх дзеячаў, а неўзабаве вядомыя палітыкі Мікалай Статкевіч, Уладзімір Някляеў і Станіслаў Шушкевіч абвясцілі пра стварэнне аргкамітэта па падрыхтоўцы дэмакратычнага форуму. Апрача іх на сённяшні дзень у склад аргкамітэта ўваходзяць Дзмітрый Дашкевіч, Вячаслаў Сіўчык, Андрэй Саннікаў, Генадзь Фядыніч і Міхаіл Пастухоў.