Паводле інфармацыі БелаПАН, пра гэта прадстаўнік кіраўніцтва Нацыянальнага банка паведаміў падчас сустрэчы з беларускімі эканамістамі на мінулым тыдні.
 
Паводле дадзеных Нацбанка, на 1 сакавіка каэфіцыент закрэдытаванасці прадпрыемстваў (адносіны запазычанасці па банкаўскіх крэдытах да сярэднямесячнай выручкі) склаў 386,1%. Разлікі рэгулятара сведчаць, што гэты паказчык пастаянна павялічваецца пачынаючы са студзеня 2015 года.

У часе сустрэчы з эканамістамі прадстаўнікі Нацбанка адзначылі, што высокая закрэдытаванасць прадпрыемстваў з’яўляецца асноўным фактарам, які стрымлівае крэдытную актыўнасць банкаў і вядзе ў тым ліку да павелічэння долі праблемных актываў банкаў.

Паводле дадзеных Нацбанка, запазычанасць кліентаў па рублёвых банкаўскіх крэдытах (і іншых актыўных аперацыях) у першым квартале знізілася на 1,4 трлн. да 162,1 трлн. рублёў на 1 красавіка. Адначасова з гэтым запазычанасць па валютных крэдытах з пачатку года не змянілася і склала на 1 красавіка 12,1 млрд. долараў.

Пры гэтым запазычанасць кліентаў па крэдытах у рамках дзяржпраграм за першы квартал знізілася на 2,2 трлн. рублёў да 151,7 трлн. рублёў на 1 красавіка. У той жа час запазычанасць прадпрыемстваў, якія атрымлівалі крэдыты на рыначных умовах, за першы квартал павялічылася на 0,1 трлн. рублёў да 234,8 трлн. рублёў на 1 красавіка.

Падчас сустрэчы з эканамістамі прадстаўнікі Нацбанка канстатавалі, што многія прадпрыемствы-пазычальнікі знаходзяцца сёння ў складаным фінансавым становішчы. Дадзеныя сакавіцкага маніторынгу прадпрыемстваў, якія прыводзіліся на сустрэчы, сведчаць: амаль у 50% даследаваных арганізацый попыт на прадукцыю зніжаецца і толькі каля 10% прадпрыемстваў заявілі пра рост попыту на сваю прадукцыю.

Поделиться: