“Меркавала, што дыплом аддадуць. Але на ўручэнні імёны тых, у каго няма размеркавання, проста не назвалі, і ўсё. А працу цяпер знайсці складана. Я ўжо і на курсы запісалася. Шукала, пачынаючы з лютага. Я баялася, каб не размеркавалі па нейкай сумежнай спецыяльнасці ці рабочым”, — расказвае сваю гісторыю “запрыгоньвання” выпускніца архітэктурнага каледжа Любоў.

Дыплом ёй мусілі аддаць яшчэ ў канцы красавіка. Іншаму выпускніку, перадае Еўрарадыё, Антону дакумент выдалі, бо размеркаванне ён сабе знайшоў.

“Нам выдалі дыпломы тыдзень таму. Хлопцам было лягчэй. Атрымліваецца, што ты знаходзіш працу, яны табе даюць ліст у каледж. Ты з лістом прыходзіш у аддзел кадраў, тады дапрацоўваеш дыпломную працу і атрымліваеш дыплом”, — расказвае Антон.

У самім Архітэктурна-будаўнічым каледжы методыку размеркавання абмяркоўваць адмаўляюцца. Дырэктар Іван Шостак называе сёлетняе размеркаванне “праблемным”.

Еўрарадыё: Як сёлета прайшло размеркаванне?

Іван Шостак: Праблемна. Яшчэ не ўсіх размеркавалі.

Еўрарадыё: А праўда, што вы дыпломы аддаяце, толькі калі выпускнік сам сабе працу знаходзіць?

Іван Шостак: Чаму сам сабе? Што вы на слове ловіце?!

Пасля гэтага дырэктар кладзе слухаўку і больш да тэлефона не падыходзіць.

Юрысты Міністэрства адукацыі, куды звяртаемся па кансультацыю, адназначна кажуць, што не аддаваць дыплом пакуль выпускнік не знойдзе сабе размеркаванне — незаконна.

Пастанова Саўміна № 821 “Аб некаторых пытаннях размеркавання…” абавязвае менавіта ўстановы адукацыі шукаць першае месца працы для сваіх выпускнікоў.

“Размеркаванне, накіраванне на працу выпускнікоў, ажыццяўляюцца установай адукацыі або дзяржаўным органам, у падпарадкаваннi якога знаходзiцца ўстанова адукацыі”, — гаворыцца ў дакуменце.

А калі чытаць Кодэкс аб адукацыі, то вольны дыплом даецца выпускніку, “якому месца працы не можа быць прадстаўленае ў адпаведнасці з атрыманай спецыяльнасцю”.

Калі выпускніку не аддаюць дыплом без размеркавання, то ён можа напісаць заяву на імя рэктара ці дырэктара са спасылкай на 821-ю пастанову Саўміна і на Кодэкс аб адукацыі і папрасіць вольны дыплом. Або спаслацца на тое, што тэрміны размеркавання мінулі, і таксама папрасіць вярнуць дакументы.

Але рызыка, што каледж ці ВНУ ўсё ж знойдзе не лепшае месца ў глыбінцы для такога выпускніка ўсё ж застаецца.

Фота: rmataf.ru

Поделиться: