Сітуацыя ў рэальным сектары эканомікі няпростая, што адлюстроўваецца на стане банкаўскай сістэмы, сказаў ён.

Прыблізна 30% прадпрыемстваў, згодна са звесткамі апошняй справаздачнасці, маюць страты. “Сітуацыя ў рэальным сектары прыводзіць да росту праблемных актываў. Доля такіх актываў у першым квартале павялічылася з 6,8 да 11,5% на 1 красавіка. Гэтая тэндэнцыя аказвае павышаны націск на банкі”, — сказаў Калаур.

Кіраўнік Нацбанка паведаміў, перадае БелаПАН, што ў красавіку падчас візіту місіі МВФ і Сусветнага банка вывучалася сітуацыя ў фінансавым сектары. “Праведзенае намі абследаванне сумесна з замежнымі экспертамі паказвае на магчымы рост праблемных даўгоў, аднак гэтая сітуацыя кіраваная”, — лічыць Калаур. Пры гэтым ён адзначыў, што зараз міжнародныя аўдытарскія кампаніі праводзяць незалежную ацэнку якасці актываў беларускіх банкаў. “Вядзецца праца, такім чынам, па выяўленні схаваных рызык у банкаўскай сістэме”, — сказаў кіраўнік Нацбанка. Вынікі незалежнай ацэнкі могуць з’явіцца ў ліпені.

У якасці адной з мер, скіраваных на забеспячэнне стабілізацыі банкаўскага сектара, Калаур назваў працу па стварэнні спецыялізаванага агенцтва. “Нацбанк і ўрад ўнеслі прапанову па ачыстцы асобных банкаў ад “таксічных” актываў. У краіне павінна быць створанае спецыялізаванае агенцтва, якому такія актывы могуць быць перададзеныя”, — лічыць Калаур.

Паралельна з гэтым, дадаў ён, у мэтах забеспячэння фінансавай стабільнасці ўласнікі банкаў прапрацоўваюць пытанне аб дакапіталізацыі банкаў “там, дзе гэта неабходна”.

Поделиться: