Лукашэнка ўхваліў дату парламенцкіх выбараў — 11 верасня

6

“Сёння абмяркоўвалася пытанне аптымальнай даты выбараў. Прэзідэнт пагадзіўся, што гэта 11 верасня, — цытуе Ярмошыну агенцтва БелТА. — Выбарчая кампанія павінна пачацца не пазней за 10 чэрвеня, аднак кіраўнік дзяржавы пагадзіўся, што выбары павінны быць прызначаныя (падпісаны адпаведны ўказ аб прызначэнні даты выбараў ) крыху раней. Таму, паведамляе БелаПАН, плануецца, што выбарчая кампанія будзе распачатая на тры дні раней за межавы тэрмін, а менавіта 7 чэрвеня гэтага года, а 8 чэрвеня Цэнтральная камісія плануе зацвердзіць план арганізацыйных мерапрыемстваў, бюджэт выбараў, межы выбарчых акругаў”.

Паводле слоў Ярмошынай, да гэтага часу ЦВК будзе “стрыманая ў сваіх дзеяннях”. “Адзінае мерапрыемства, якое плануе Цэнтральная камісія, — гэта зацвярджэнне метадычных рэкамендацый, на аснове якіх будуць працаваць ўчастковыя, тэрытарыяльныя і акруговыя выбарчыя камісіі. Усё гэта мы плануем зрабіць у сярэдзіне мая, каб да пачатку выбарчай кампаніі ўсе арганізатары выбараў, патэнцыйныя кандыдаты ўжо валодалі дакументамі, якімі будзе рэгулявацца выбарчы працэс”, — сказала старшыня Цэнтрвыбаркама.

У гэтых дакументах “будуць часткова ўлічаныя прапановы АБСЕ, выпрацаваныя пасля назірання за выбарамі прэзідэнта Беларусі”, дадала Ярмошына.

Мяркуецца, што выбары ў Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу пройдуць з 18 чэрвеня па 18 верасня гэтага года, яны праводзяцца паэтапна ў трохмесячны перыяд. “Кожная вобласць і горад Мінск вызначаюць самастойна даты правядзення сходаў дэпутатаў, дзе будуць абірацца члены Савета Рэспублікі. Супадае толькі перыяд, які вызначае закон і на працягу якога ажыццяўляюцца выбары на тэрыторыі кожнага рэгіёна”, — растлумачыла старшыня ЦВК.

Яна нагадала, што выбары ў абедзве палаты парламента прызначае прэзідэнт.

 
Фота: Tut.by

Поделиться ссылкой: