Лукашэнка сёння наведае раёны Гомельскай вобласці, пацярпелыя ад аварыі на ЧАЭС

2

Паводле інфармацыі прэс-службы прэзідэнта, у Ельскім раёне кіраўнік дзяржавы наведае адно з сельгаспрадпрыемстваў, дзе яго праінфармуюць аб вытворча-эканамічным развіцці рэгіёну, завяршэнні этапу вяснова-палявых работ і стварэнні кармавой базы для забеспячэння інтэнсіўнага развіцця жывёлагадоўлі.

У аграгарадку Дабрынь Лукашэнка азнаёміцца з “мерамі, што прымаюцца па стварэнні ўмоў для камфортнага пражывання насельніцтва ў сельскай мясцовасці і раёнах, пацярпелых ад чарнобыльскай аварыі”, паведамляе БелаПАН. У цэнтры яго ўвагі будуць пытанні развіцця сацыяльнай інфраструктуры і добраўпарадкавання, газіфікацыі пацярпелых раёнаў.

Чакаецца, што кіраўнік дзяржавы азнаёміцца з працай арганізацый Белкаапсаюза ў частцы гандлёвага і іншага абслугоўвання насельніцтва, якое жыве ў раёнах, пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС, а таксама возьме ўдзел у фінальным канцэрце дабрачыннага творчага марафону “Адраджэнне”, прысвечанага 30-й гадавіне катастрофы.

Напярэдадні паездкі Лукашэнка, гутарачы ў Мінску з намеснікам генеральнага сакратара ААН Хелен Кларк, заявіў, што Беларусь “шмат зрабіла для пераадолення наступстваў катастрофы на ЧАЭС”, а сума, выдаткаваная на аднаўленне пацярпелых тэрыторый, роўная дзясяткам гадавых бюджэтаў краіны. “Мы збіралі гэтыя сродкі і ўкладвалі ў пераадоленне гэтай катастрофы. Сёння нам ужо не здаецца, што гэтыя землі назаўсёды страчаныя, як гэта бачылася 30 гадоў таму”, — сказаў ён.

Поделиться ссылкой: