Віктарын таксама назвала важнай “канструктыўную ролю” Беларусі ў сваім рэгіёне, яе спрыянне рэалізацыі мінскіх пагадненняў. Акрамя таго, паводле яе слоў, вызваленне палітвязняў стала крокам, якога даўно дамагаўся ЕС, а прэзідэнцкія выбары 2015 года “прайшлі без насілля”.
Гэтыя крокі, зазначыла Віктарын, прывялі да таго, што Еўрасаюз ад пачатку прыпыніў, а затым і наогул адмяніў санкцыі ў дачыненні да большасці з тых, хто быў у “чорным спісе” ЕС.
У той жа час, сказала яна, сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі “працягвае заставацца прадметам заклапочанасці”. “Мы перакананыя, што адносіны ЕС — Беларусь павінны быць заснаваныя на агульных каштоўнасцях, сярод якіх — выкананне правоў чалавека”, — падкрэсліла яна.
Віктарын зазначыла, што ў Беларусі сёлета адбудуцца парламенцкія выбары, звярнуўшы ўвагу на тое, што ЕС заклікае ўлічыць рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ па дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства і выбарчага працэсу, зробленыя па выніках прэзідэнцкіх выбараў. “У гэтым кантэксце важная рэабілітацыя былых палітвязняў, аднаўленне іх у палітычных і грамадзянскіх правах, а таксама рэалізацыя на практыцы свабод палітычных партый, грамадскіх аб’яднанняў і СМІ”, — заявіла яна.
Віктарын звярнула ўвагу на тое, што яшчэ адным пытаннем занепакоенасці ЕС з’яўляецца ўжыванне ў Беларусі смяротнай кары. “Мы перакананыя, што ніхто не мае права забіраць чужое жыццё. Менавіта таму мы прапануем увесці мараторый на ўжыванне смяротнай кары”, — сказала кіраўнік прадстаўніцтва Еўрасаюза. Гэтая праблема, паводле слоў Віктарын, будзе абмяркоўвацца на чарговым раўндзе перамоваў па правах чалавека, які адбудзецца ў чэрвені ў Мінску.
У канферэнцыі “Развіццё нацыянальнай платформы: новыя стратэгіі”, арганізатарам якой з’яўляецца Беларуская нацыянальная платформа Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства, удзельнічаюць прадстаўнікі каля 70 грамадскіх арганізацый. Асноўныя задачы канферэнцыі — вызначыцца з тэматычнымі напрамкамі ў дзейнасці БНП і прыняць Стратэгічны план на 2016—2018 гады. Палітычная мэта канферэнцыі — прыняцце “Дарожнай карты супрацоўніцтва Прадстаўніцтва ЕС у Мінску і беларускіх НДА”.