Кіраўнікі МЗС Беларусі і Коста-Рыкі дамовіліся аб распрацоўцы мемарандума аб узаемаразуменні

6
“Падчас сустрэчы, якая адбылася ўпершыню, суразмоўцы выказалі ўзаемную зацікаўленасць у ініцыяванні крокаў па наладжванні больш цесных сувязяў паміж дзвюма краінамі, перш за ўсё ў сферы эканомікі і гандлю”, — паведамляе прэс-служба беларускага МЗС.

Падкрэсліваецца, што кіраўнікі знешнепалітычных ведамстваў “адзначылі выключную адкрытасць эканомік абедзвюх краін і важнасць спрыяння ўсталяванню прамых сувязяў паміж дзелавымі коламі Беларусі і Коста-Рыкі”.

Міністры дамовіліся аб распрацоўцы мемарандума аб узаемаразуменні і мэтазгоднасці ініцыявання працэсу рэгулярных кансультацый паміж МЗС Беларусі і Коста-Рыкі.

Асаблівую ўвагу суразмоўцы надалі актыўным скаардынаваным дзеянням дэлегацый Беларусі і Коста-Рыкі ў рамках сістэмы ААН па прасоўванні інтарэсаў краін з сярэднім узроўнем даходу. Міністры дамовіліся працягваць гэту важную працу і разгледзець магчымасць склікання восенню 2016 года сустрэчы ініцыятыўнай групы краін з сярэднім узроўнем даходу на міністэрскім узроўні.

Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Поделиться ссылкой: