Беларусь зноў аднесена да ліку краін са "складанай сітуацыяй" у сферы свабоды СМІ

8
Як і год таму, Беларусь заняла 157-е месца са 180. Аднак індэкс свабоды прэсы ў краіне пагоршыўся: калі ў 2015 годзе гэта паказчык складаў 47.98, то цяпер — 54.32 (мінус 6.34 пункта).

“У спробе аслабіць уплыў Расіі на Беларусь рэжым прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі спрабуе набыць прыхільнасць міжнароднай супольнасці і сцерці імідж “апошняй дыктатуры Еўропы”. Але акрамя вызвалення палітвязняў нічога не змянілася. Журналісты-фрылансеры не могуць атрымаць акрэдытацыю і пераследуюцца судовай уладай. Міністэрства інфармацыі пашырыла свой кантроль над сеткай распаўсюджвання друкаваных СМІ і інтэрнэтам, а таксама забараніла праграмнае забеспячэнне, якое выкарыстоўваецца для таго, каб абысці анлайн-цэнзуру”, — адзначаецца ў дакладзе “Рэпарцёраў без межаў”, паведамляе БелаПАН.

У дзясятку краін з найлепшым індэксам свабоды прэсы ўвайшлі Фінляндыя, Нідэрланды, Нарвегія, Данія, Новая Зеландыя, Коста-Рыка, Швейцарыя, Швецыя, Ірландыя і Ямайка.

Найгоршай прызнана сітуацыя ў Емене, на Кубе, у Джыбуці, Лаосе, Судане, В’етнаме, Кітаі, Сірыі, Туркменістане, Паўночнай Карэі і Эрытрэі.

Поделиться ссылкой: