Пачынаецца візіт у Беларусь гендырэктара МАГАТЭ

4
Паводле інфармацыі беларускага МЗС, у праграме рабочага візіту — сустрэчы з міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем і прадстаўнікамі іншых органаў дзяржкіравання Беларусі, удзел у адкрыцці выставы “Атамэкспа Беларусь — 2016” у Мінску, а таксама наведванне Рэспубліканскага цэнтра кіравання і рэагавання на надзвычайныя сітуацыі і будаўнічай пляцоўкі Беларускай АЭС у Астраўцы.

МАГАТЭ — незалежная міжурадавая арганізацыя ў сістэме ААН са штаб-кватэрай у Вене, створаная ў 1957 годзе для развіцця супрацоўніцтва ў галіне мірнага выкарыстання атамнай энергіі. Беларусь з’яўляецца адным з заснавальнікаў агенцтва.

“Палітычныя кантакты ўрада Беларусі і кіраўніцтва МАГАТЭ ажыццяўляюцца на стабільна высокім узроўні”, — заявіў 14 красавіка на брыфінгу ў Мінску прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык. Ён адзначыў, што ў мінулым годзе Беларусь была абрана ў Савет кіраўнікоў МАГАТЭ на 2015—2017 гады. Прыярытэтамі ўзаемадзеяння паміж Беларуссю і агенцтвам прэс-сакратар МЗС назваў развіццё нацыянальнай ядзернай энергетычнай інфраструктуры, паведамляе БелаПАН, а таксама ахову здароўя, рэабілітацыю раёнаў, пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС.

Варта адзначыць, што кіраўніцтва МАГАТЭ неаднаразова выказвала гатоўнасць дапамагчы Беларусі ў арганізацыі бяспечнай эксплуатацыі будучай АЭС. “Пазіцыя МАГАТЭ такая, што мы не ўмешваемся ў рашэнне іншай краіны. Рашэнне павінна прыняць сама суверэнная дзяржава без знешняга ўмяшання — выкарыстоўваць атамную энергетыку ці не, — заяўляў Юкія Амана падчас візіту ў Казахстан у кастрычніку 2011 года. — Калі Беларусь вырашыла пабудаваць АЭС, МАГАТЭ гатова дапамагчы выкарыстоўваць атамную энергетыку як мага больш бяспечна і стабільна ў рамках магчымасцяў”.

У красавіку 2012 года гендырэктар МАГАТЭ наведваў Мінск і абмяркоўваў пытанні будаўніцтва беларускай АЭС на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.

Паводле інфармацыі МЗС, у 2016 і 2017 гадах Беларусь плануюць наведаць ацэначныя місіі МАГАТЭ, якія азнаёмяцца з ходам будаўніцтва АЭС.

Беларуская АЭС узводзіцца ў Астравецкім раёне Гродзенскай вобласці па праекце расійскай кампаніі “Атамбудэкспарт”. Генеральным праекціроўшчыкам і падрадчыкам таксама выступае расійская кампанія, ААТ “НІАЭП” — ЗАТ “АСЭ”. Станцыя будзе складацца з двух энергаблокаў сумарнай магутнасцю да 2.400 МВт. Увод у эксплуатацыю першага блока запланаваны на лістапад 2018 года, другога — на ліпень 2020 года.

Поделиться ссылкой: