Прымаючы 18 красавіка справаздачу ўрада аб выніках развіцця краіны ў першым квартале і мерах па павышэнні эфектыўнасці эканомікі, кіраўнік дзяржавы нагадаў: «Летась мы дамовіліся аб развіцці нашай краіны ў гэтым годзе. Былі пастаўленыя канкрэтныя задачы. Тады мы дамовіліся, што па паўгоддзі дадзім сур’ёзную ацэнку працы адпаведных структур, перш за ўсё ўрада, Нацыянальнага банка, службовых асоб, у тым ліку губернатараў, па развіцці Беларусі ў гэтым годзе і выкананні даведзеных заданняў».

«Матрыца задач для вертыкалі ўлады ў мяне на стале, — цытуе Лукашэнку БелТА. — Чырвоным колерам пазначана тое, што не выканана. Сіні колер — поспехі ў выкананні планавых заданняў. Гэтая матрыца ў цэлым у чырвоным колеры. Хацелася б пачуць тлумачэнні ў сувязі з гэтым».

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, паведамляе БелаПАН, што, згодна з існай практыкай, за тыя ці іншыя праблемы прынята вінаваціць урад і губернатараў. Разам з тым, дадаў ён, «сур’ёзную долю адказнасці павінны несці і вышэйшыя службовыя асобы, якія маюць адпаведныя шырокія паўнамоцтвы і статус». Лукашэнка папярэдзіў, што пры адсутнасці станоўчай дынамікі і вынікаў ім будуць прымацца кадравыя рашэнні. «Гэта тычыцца ўсіх. У вас яшчэ ёсць квартал для таго, каб згрупавацца і паказаць адпаведныя вынікі. Калі не, прыйдуць іншыя людзі, якія павінны гэтым займацца. Таму збірайцеся разам і дзейнічайце. Калі хто-небудзь штосьці не цягне, уносьце неадкладна прапановы. Схавацца за спіну некага не атрымаецца», — падкрэсліў ён.

Лукашэнка звярнуў увагу на ролю Адміністрацыі прэзідэнта «як палітычнага штаба па ажыццяўленні галоўнага кантролю за працай розных дзяржаўных структур». «Усе рашэнні мною прынятыя. Ваша задача — выразна і адназначна дакладваць, што адбываецца і што будзем рабіць. Не зацягваючы, не бюракратызуючы ніводзін з працэсаў, не прапускаючы міма ніводнай з добрых прапаноў», — заявіў ён.

Кіраўнік дзяржавы таксама паведаміў, што «далейшай стратэгіі развіцця Беларусі сёлета будуць прысвечаныя два важныя мерапрыемствы»: першае — пасланне прэзідэнта беларускаму народу і парламенту; другое, «самае галоўнае», — Усебеларускі народны сход, «дзе будуць канчаткова з улікам існага вопыту і дасягнутых вынікаў вызначаныя задачы на перспектыву».

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, з пасланнем да народа і парламента Лукашэнка звернецца 21 красавіка. Усебеларускі народны сход запланаваны на пачатак чэрвеня.