“Лічу, што з улікам высокага ўзроўню нашых даверных адносін з многімі мусульманскімі дзяржавамі і блізкасці пазіцый па канцэптуальных міжнародных пытаннях атрыманне Беларуссю статусу назіральніка ў АІС стала б лагічным крокам, які адкрывае новыя магчымасці для развіцця ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва“, — цытуе Лукашэнку дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА.
Беларускі кіраўнік запэўніў, што ў асобе Беларусі мусульманскія дзяржавы заўсёды знойдуць надзейнага і прадказальнага партнёра.
Паводле яго слоў, Беларусь падзяляе ўніверсальныя прынцыпы неўмяшання ва ўнутраныя справы суверэнных дзяржаў, павагі да іх тэрытарыяльнай цэласнасці, якіх прытрымліваецца АІС, выступае супраць прымянення сілы, за ўрэгуляванне канфліктаў мірным шляхам.
“Супадзенне пазіцый Беларусі і членаў АІС па многіх прынцыповых пытаннях дазваляе нам сумеснымі намаганнямі прасоўваць агульныя каштоўнасці традыцыйнай сям`і, адстойваць разнастайнасць шляхоў прагрэсіўнага развіцця, нарошчваць намаганні ў барацьбе з гандлем людзьмі, супрацоўнічаць у рамках глабальнай ініцыятывы “Альянс цывілізацый“, — заявіў Лукашэнка.