Вярхоўны суд 15 красавіка разгледзіць скаргу на адмову Мінюста ў рэгістрацыі БХД

0
Адбылося папярэдняе слуханне па скарзе, перадае БелаПАН, на якім і была вызначана дата разгляду скаргі, паведамляе прэс-служба аргкамітэта па стварэнні БХД.

“Мы абсалютна не спадзяемся на справядлівы разгляд скаргі, бо нас не рэгістравалі ўжо больш за 20 разоў, — заявіў адказны сакратар аргкамітэта партыі Дзяніс Садоўскі. — Зразумела, што рашэнне аб рэгістрацыі ці нерэгістрацыі БХД з’яўляецца палітычным і прымаецца на самым версе і супраць яго чыноўнікі і суддзі ісці не рашаюцца. Але каб паказаць сваю нязгоду і палітычныя матывы нерэгістрацыі БХД, мы падавалі скаргу”.

“Разам з тым мы перакананыя, што Беларуская хрысціянская дэмакратыя ў Беларусі будзе зарэгістраваная, калі не пры гэтай, то пры наступнай ўладзе”, — дадаў ён.

Устаноўчы з’езд БХД адбыўся 12 снежня 2015 года ў Мінску. На думку Мінюста, пры стварэнні арганізацыі “былі дапушчаны грубыя парушэнні заканадаўства Рэспублікі Беларусь”. Як паведамляў сайт Мінюста, “у ходзе выбарачнай праверкі шэраг грамадзян, указаных у ліку заснавальнікаў партыі, заявілі аб тым, што не маюць да партыі ніякага дачынення і не ўдзельнічалі ў яе стварэнні, не ставілі сваіх подпісаў у спісе заснавальнікаў. Асобныя грамадзяне ў спісе заснавальнікаў былі ўказаны неаднаразова, а ў дачыненні да шэрагу іншых заснавальнікаў партыі былі пазначаны не адпаведныя рэчаіснасці звесткі”. Аргкамітэт, заявілі ў Мінюсце, парушыў таксама патрабаванне аб тым, што ў якасці заснавальнікаў палітычнай партыі маюць права выступаць толькі грамадзяне Рэспублікі Беларусь.

Аргкамітэту БХД адмоўлена ў рэгістрацыі партыі шэсць разоў. Першы ўстаноўчы з’езд партыі прайшоў у 2009 годзе, у 2010-м — яшчэ два. Чацвёртая спроба рэгістрацыі партыі была зроблена ў снежні 2011-га, а пяты ўстаноўчы з’езд адбыўся 13 чэрвеня 2015 года. Адзначым, што хрысціянскія дэмакраты Беларусі не аднойчы спрабавалі зарэгістравацца таксама ў якасці розных рэгіянальных і рэспубліканскіх грамадскіх аб’яднанняў.

Раней хрысціянскія дэмакраты заяўлялі пра намер падаць заяўку на ўключэнне ў Кнігу рэкордаў Гінеса па колькасці адмоў у рэгістрацыі.

У сакавіку 2011 года ў інтэрв’ю The Washington Post Аляксандр Лукашэнка заявіў, што БХД, “верагодна, ніколі не будзе зарэгістраваная”. “Яны ўдзельнічалі ў беспарадках. Яны не хрысціянскія дэмакраты, яны бандыты”, — сказаў ён.

Поделиться ссылкой: