Ярмошына: "Я наогул лічу, што няма чаго рабіць моладзі ў дэпутацкім корпусе

4

Аб гэтым яна расказала ў інтэрв’ю карэспандэнту БЕЛТА.

На пытанне аб тым, ці не прыйшоў час панізіць у Беларусі ўзроставы парог для патэнцыяльных кандыдатаў на парламенцкае крэсла, старшыня ЦВК адказала адмоўна. “Я наогул лічу, што няма чаго рабіць моладзі ў дэпутацкім корпусе. Калі мы толькі хочам атрымаць разбалаванага чалавека, які нічога не ўмее, але ўжо мае вялікія амбіцыі (і часта потым – няшчаснага), то тады давайце запускаць гэты працэс. Гэта ў савецкі час было выгадна, каб у парламенце лічылася некалькі даярак, свінарак, асоб да 30-ці гадоў і гэтак далей, таму што пад гэта пісаліся рэйтынгі. Але людзі не былі прафесійнымі парламентарыямі. І працуючы токарам на заводзе, навучаючыся завочна ў інстытуце і будучы 22-гадовым маладым чалавекам, можна было нармальна прыязджаць на сесіі парламента на дзень-два ў год, і, у прынцыпе, гэта нічым не перашкаджала ні таму жыццю, якое чалавек вёў, ні яго кар’ернаму росту”, – адзначыла яна.

“Чаму ніхто не думае, асабліва тыя, хто хочуць выбірацца з моладзі, што яны потым наогул рабіць будуць? Чалавек у 20 гадоў прыходзіць у парламент, ён яшчэ нічога не ўмее, толькі чытаць і пісаць і, магчыма, мае нейкія элементарныя веды ў той ці іншай сферы. У той жа час ён ужо набывае важкі дэпутацкі статус. Праз чатыры гады дзе мы яго выкарыстоўваць будзем? Ён жа будзе зубамі хапацца за гэта месца ў парламенце, таму што больш нічога рабіць не ўмее. Ну, выбралі, можа быць, яго другі раз, але што далей? Пойдзе працаваць у школу ці бальніцу? Наўрад ці. Што ж мы маем у астатку? Простага наменклатурнага беспрацоўнага, якога трэба абавязкова працаўладкаваць, але яго ніхто браць не хоча, таму што ён нічога не ўмее. Вось так атрымліваецца апазіцыя”, – лічыць Лідзія Ярмошына.

“Я за тое, каб у парламент перш за ўсё ішлі людзі, якія зрабілі кар’еру і якія не прападуць пасля таго, як іх не выберуць на гэту пасаду паўторна. Яны ўсё роўна запатрабаваны, іх можна ўжо міністрамі назначаць пасля вопыту ў заканатворчай дзейнасці. Вось якога меркавання я прытрымліваюся. Усе размовы пра моладзь у парламенце лічу папулісцкімі, шкоднымі і недальнабачнымі”, – падкрэсліла старшыня Цэнтрвыбаркама.

Фота: profi-forex.by

Поделиться ссылкой: