Лукашэнка лічыць важным працягнуць нармалізацыю адносін з ЕС

3
“Важна працягнуць лінію на поўную нармалізацыю адносін і паглыбленне супрацоўніцтва з ЕС у кантэксце нашых нацыянальных інтарэсаў. Гаворка ідзе аб умацаванні дзяржаўнага суверэнітэту і незалежнасці, бяспецы і стабільнасці Беларусі”, — цытуе Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Апошнім часам, адзначыў кіраўнік дзяржавы, паведамляе БелаПАН, назіраецца пазітыўная дынаміка ў развіцці адносін паміж ЕС і Беларуссю, узровень і інтэнсіўнасць кантактаў ўзраслі, агульная атмасфера палепшылася. “Прынятае ў лютым 2016 года рашэнне Еўрасаюза аб адмене большасці санкцый у дачыненні да Беларусі адкрывае новыя магчымасці для развіцця нашага ўзаемадзеяння з Еўрасаюзам. Гэты крок ясна сведчыць пра гатоўнасць ЕС і яго краін-членаў да актывізацыі прагматычнага супрацоўніцтва з Беларуссю. Гэта нас абсалютна задавальняе. Я ўжо казаў, сустракаючыся з прадстаўнікамі Злучаных Штатаў, што палітызаванасць, тым больш залішняя, тых працэсаў, якія не павінны быць палітызаваныя, нам абсалютна не патрэбная. Нам патрэбная прагматычнасць адносін”, — заявіў Лукашэнка.

Ён асабліва падкрэсліў, што для Беларусі непрымальна, каб партнёры ў ЕС або ЗША ставілі яе перад выбарам: развіваць адносіны з Захадам ці Расіяй. “Нам такі перамоўны крытэрый не падыходзіць. Гэта самае горшае, што можа быць пастаўленае перад намі”, — сказаў Лукашэнка.

“Думаю, у Еўропе сёння выдатна разумеюць гэта, і, па меншай меры на перамовах са мной, ні адзін з прадстаўнікоў ЗША ці Заходняй Еўропы не паставілі такім чынам пытанне, — адзначыў Лукашэнка. — Нарэшце ўсё зразумелі, што Беларусь, з той шматвектарнай палітыкай, якую яна праводзіла ў апошнія гады, як раз і патрэбная Еўрапейскаму саюзу. Лёс наш такі: мы апынуліся паміж двума цэнтрамі сілы, і ад гэтага нікуды не падзецца. Ігнараваць мы не можам ні адзін, ні другі. Але рускія — нашы браты, падабаецца каму-небудзь ці не, і нашы адносіны павінны быць з імі адпаведнымі”.

Як лічыць кіраўнік дзяржавы, для развіцця адносін Беларусі з ЕС на аснове прагматызму ёсць шмат магчымасцяў, у тым ліку перадавыя тэхналогіі і больш танныя фінансавыя рэсурсы. “З іншага боку — велізарны расійскі, еўразійскі рынак. Далей — Кітайская Народная Рэспубліка. Значыць, і там нашы інтарэсы. З гэтага трэба зыходзіць”, — дадаў ён.

Лукашэнка таксама адзначыў, што ў адносінах паміж Беларуссю і ЕС існуе шэраг так званых нявырашаных праблем. “Іх, вядома, трэба вырашаць”, — сказаў ён.

На думку кіраўніка дзяржавы, неабходна прааналізаваць магчымасці, што адкрываюцца перад Беларуссю, і вызначыць, па якіх найбольш выгадных напрамках рухацца наперад. “Перш за ўсё гэта тычыцца гандлёва-эканамічнай, інвестыцыйнай, фінансавай сфер. А таксама арганізацыі сумеснага процідзеяння трансгранічным пагрозам”, — сказаў ён.

Лукашэнка пацікавіўся, на якой стадыі знаходзіцца перамоўны працэс па праектах пагадненняў з ЕС аб спрашчэнні візавых працэдур і рэадмісіі. “Каб канчаткова вызначыцца па пытанні аб партнёрстве ў сферы мабільнасці з Еўрасаюзам, трэба ўдакладніць, якія перавагі атрымае ад гэтага Беларусь. Акрамя таго, мэтазгодна абмеркаваць агульныя падыходы да далейшай лібералізацыі візавага рэжыму”, — сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы дадаў, што чакае ад удзельнікаў нарады канкрэтных прапаноў па актывізацыі працы з ЕС.

Поделиться ссылкой: