У дакладзе сцвярджаецца, што супраць Літвы працуюць тры беларускія спецслужбы — Камітэт дзяржаўнай бяспекі (КДБ), Галоўнае разведвальнае ўпраўленне (ГРУ) генштаба Міністэрства абароны і разведвальныя падраздзяленні Дзяржпагранкамітэта.

Як заявіў Мірончык, перадае БелаПАН, ён можа афіцыйна пацвердзіць, што ў штаце пасольства Беларусі ў Літве ёсць дарадца — афіцыйны прадстаўнік КДБ, які “цалкам афіцыйна, пісьмова, прадстаўлены ў гэтай якасці кіраўніцтву органаў дзяржбяспекі Літоўскай Рэспублікі”.

“Таксама ў штаце пасольства ёсць ваенны аташэ і памочнік ваеннага аташэ, якія афіцыйна прадстаўляюць у Літве Узброеныя сілы Рэспублікі Беларусь. Ці ёсць аналагічныя супрацоўнікі ў літоўскім пасольстве ў Мінску — пытанне рытарычнае, яго лепш задаваць літоўскаму боку. Розніца толькі ў тым, што мы ў адрозненне ад нашых літоўскіх партнёраў не захапляемся жанрам шпіёнскага рамана”, — падкрэсліў прэс-сакратар МЗС.

Між тым у дакладзе дэпартамента дзяржбяспекі і другога дэпартамента аператыўных службаў Мінабароны Літвы гаворыцца, што асноўнымі задачамі беларускіх спецслужбаў з’яўляюцца падтрыманне стабільнасці беларускай улады і прасоўванне эканамічных і палітычных інтарэсаў Беларусі ў Літве і Еўрасаюзе.

Адзначаецца таксама, што падчас выбараў прэзідэнта Беларусі ў 2015 годзе беларускія спецслужбы збіралі інфармацыю аб беларускіх апазіцыйных арганізацыях, якія працуюць у Літве, спрабавалі ўкараніць у іх сваіх агентаў і вербавалі членаў беларускай абшчыны ў Літве для таго, каб падтрымліваць раскол у апазіцыі і не дапусціць яе аб’яднання.

У дакладзе таксама сцвярджаецца, што палова дыпламатаў беларускага пасольства ў Літве з’яўляюцца супрацоўнікамі КДБ ці ГРУ.