Апытаныя 1.508 чалавек, памылка рэпрэзентатыўнасці не перавысіла 3%.

Калі яшчэ ў верасні 2015 года за Лукашэнку былі гатовыя галасаваць 45,7%, у снежні — 33,3%, то сёння — 27,3%, адзначаецца ў даследаванні.

Пры гэтым НІСЭПД нагадвае, што мінімальныя электаральныя рэйтынгі Лукашэнкі фіксаваліся ў сакавіку 2012 года (26,4%) і верасні 2011-га (20,5%).

За захаванне цяперашняга становішча выказаліся толькі 24,7% апытаных, за змену — 67,3% (у крызісным 2011 годзе было 18% супраць 70,1%). «Калі ў сакавіку 2006 года 57,5% лічылі, што пры цяперашнім кіраўніцтве краіны і палітыцы, якую яно праводзіць, значнае паляпшэнне жыцця насельніцтва магчымае, а 30,4% — немагчымае, то сёння 43,6% супраць 43,4%», — адзначаецца ў даследаванні.

Змяніўся таксама ўзровень даверу кіраўніку дзяржаве. Калі ў верасні 2014 года Лукашэнку давяралі 53,5% рэспандэнтаў, не давяралі 33,3%, у верасні 2015 года — 47 і 37,1%, то сёння яму давяраюць 41,7% і не давяраюць 47,4%.

У той жа час «патэнцыял пратэсту застаецца па-ранейшаму невысокім», адзначае НІСЭПД. Так, у апазіцыі да цяперашняй улады лічаць сябе 18% (у чэрвені 2011 года — 25,8%). Пра гатоўнасць узяць удзел у акцыях супраць пагаршэння эканамічнага становішча заявілі 18,2%.

Рэйтынг апазіцыйных палітычных партый, адзначаецца ў даследаванні, дасягнуў мінімальнага значэння ў 11,3%.

Калі б заўтра адбыліся выбары, то за Таццяну Караткевіч прагаласавалі б 6,9% апытаных (у снежні 2015 года было 9,9%, на прэзідэнцкіх выбарах у кастрычніку 2015 года — 15,7%), за Мікалая Статкевіча — 2,9%, за кожнага з астатніх апазіцыйных палітыкаў — менш як па 1%.

Прапанову групы палітыкаў правесці ў маі 2016 года кангрэс дэмакратычных сіл падтрымліваюць 21,8% рэспандэнтаў, не падтрымліваюць — 54,2%, абыякавыя да яе — 18,9%.

 
Фота: euroradio.fm