Нагадаем, на мінулым тыдні ў полі каля вёскі Вешаўка Бярэзінскага раёна загінулі два школьнікі. Аднаму хлопчыку было 7 гадоў, другому – 8. Трэці школьнік, 10-гадовы Іван Калбаска, з траўмай нагі да гэтага часу знаходзіцца ў бальніцы.

Паводле папярэдняй інфармацыі, дзеці, гуляючы на ўзараным полі, знайшлі снарад часоў вайны.

“У мінулую пятніцу пахавалі дзетак, – распавяла “Народнай Волі” Святлана Іванаўна – маці хлопчыка, які застаўся жывы. – Сабралася ўся вёска, гора – яно адно на ўсіх. Дарэчы, адзін з загінуўшых – Вася Ермаловіч – мой пляменнік. Паводле слоў сына, менавіта ён і знайшоў на полі нейкую ржавую “жалязяку”. Паклікаў свайго сябра Сашу Ахрамейку, удвух яны вырашылі кідаць знаходку аб камень. А Іван ужо дадому адыходзіў, не пагадзіўся з імі гуляць. Прайшоў некалькі метраў – выбух! Калі б застаўся разам з таварышамі, ляжаў бы сёння ў магіле разам з імі. Аднаму хлопчыку асколкі патрапілі ў галаву, а другому – жывот разарвала… А сын зараз яшчэ знаходзіцца ў бальніцы. Хадзіць пакуль не можа – ездзіць толькі на інваліднай калясцы”.