Здавалася б, што дрэннага ў тым, каб гэтыя і так дзяржаўныя калектывы ўвайшлі ў склад дзяржаўнай установы і працавалі пад агульным культурніцкім дахам? На першы погляд, нічога. Але ўсе пералічаныя кандыдаты на “калектывізацыю” катэгарычна супраць гэтага. Чаму?

Пачнём з агучанай на нарадзе ў Мінкульце мэты гэтага “аб’яднання”. Нібыта, матывуецца гэта ўсё тым, што “аптымізуецца адміністрацыйна-кіраўнічы склад, і гэта дасць эканомію фінансавых сродкаў”. Але гэта разбівае сваім аргументам мастацкі кіраўнік Дзяржаўнага ансамбля танца Беларусі Валянцін Дудкевіч.

“Калі б ад гэтага сапраўды была нейкая глабальная эканомія! Але мы палічылі, што эканоміі няма. Я нават думаю, што будзе мінус. Яны кажуць, што на ўсе калектывы атрымаецца 1 мільярд 200 мільёнаў эканоміі. А ў нас бюджэт 8 мільярдаў — аднаго нашага калектыва. А яны на 4 калектывах збіраліся зэканоміць 1,2 мільярда. Але яны не ўлічваюць таго, што калі ў склад філармоніі прыходзіць 400 дадатковых чалавек, то няўжо нікога не трэба будзе дадаць у штат адміністрацыі самой Філармоніі? Трэба будзе дадаткова наняць бухгалтараў, адміністратараў, бо ўзяць дадатковых 400 чалавек на тыя ж кадры — гэта ўтопія!”

А ў гэты час бухгалтары, адміністратары, касцюмеры ды іншыя людзі, якія працуюць у штаце саміх калектываў і ведаюць іх спецыфіку, будуць скарочаныя. Прычым, з абавязковай у такім выпадку выплатай выхадной дапамогі і кампенсацый. Але справа не толькі ў тым, што давядзецца звольніць сваіх людзей, эмацыйна распавядае мастацкі кіраўнік ансамбля “Харошкі” Валянціна Гаявая. Аб’ядноўваць жа ў выніку будуць не толькі людзей, але і ўвесь іх сцэнічны інвентар, каб потым усім “калгасам” карыстацца.

“Вы не ўяўляеце, якой крывёю даліся мне гэтыя касцюмы! І што гэта за касцюмы: іх нельга праць, бо там гарсэт ды і пашытыя яны на канкрэтнага чалавека. І вось нехта яго будзе апранаць, а потым я што сваёй танцоўшчыцы скажу: “Апранай яго”? Але мне ўсё, што ў нас ёсць, давядзецца здаць: і касцюмы, і інструментарый. І будуць даваць іх любому, хто там нешта прыдумаў… Ведаеце, я не магу на такое пайсці. Яны не разумеюць: я гэта з такімі цяжкасцямі ўсё сабрала: людзей шукала, якія мне гэта зробяць, апошнюю капейку на гэта аддавала! Гэта ўсё трэба берагчы! А я проста згублю касцюмы, згублю ўвесь наш інструментарый!”

Ці выжывуць “Харошкі” і ансамбль танца пасля іх “аптымізацыі” Мінкультам?

                             Валянціна Гаявая

Суразмоўцы Еўрарадыё не хаваюць і клопату пра свой асабісты лёс: што будзе з імі пасля “аптымізацыі”? З людзьмі, якія стварылі свае калектывы і на іх паклалі і жыццё, і творчую энергію?

“Ну, вам жа не сказалі, што пасля ўваходжання ў склад Філармоніі “Харошкам” больш не будуць патрэбныя вашы паслугі?”, — акуратна цікавімся ў Валянціны Гаявой.

“Скажуць, абавязкова скажуць! — махае яна рукамі ў адказ. — Каго ж ім яшчэ не аптымізаваць найперш, як пенсіянераў? Вось з мяне і пачнуць. Я ж ім даўно як стрэмка ў адным месцы”…

Не мае на гэты конт аптымізму і Валянцін Дудкевіч.

“У Філармоніі ёсць мастацкі кіраўнік. А я атрымаюся мастацкі кіраўнік №2. Вы ўяўляеце сітуацыю: я ў сваім калектыве мастацкі кіраўнік №2! Я прывык адказваць за тое, што я раблю, а ў гэтым плане, творчым, я не прывык і не хачу падпарадкоўвацца. Калектыў я стварыў па вобразе і падабенстве сваім, а ў творчасці не можа быць дэмакратыі, ніякіх дэмакратычных плыняў — гэта выключна дыктатура! Я гэта хачу і я ўсё жыццё гэта раблю. І на гэта траціцца вельмі шмат часу. Так, я падрыхтую сабе пераемніка, але гэта не можа дыктавацца звонку — такога не можа быць!”

Абодва суразмоўцы сыходзяцца ў адным: аб’яднанне іх калектываў з Філармоніяй дрэнна адаб’ецца на творчасці, і ў выніку калектывы альбо ўвогуле перастануць існаваць, альбо ператворацца ў нешта мала каму цікавае. Да ўсяго, перажывае Валянціна Гаявая, наўрад ці ў яе атрымаецца захаваць усе тры дзіцячыя групы танца, што існуюць пры “Харошках”.

Што на гэты конт думаюць у Міністэрстве культуры? І ўвогуле, ці сапраўды існуюць такія аб’яднаўчыя планы — афіцыйнага ж загаду няма.

У пятніцу ў Мінкульце на працы толькі намеснік міністра Васіль Чэрнік. Чыноўнік прызнаецца: ён не займаецца гэтым накірункам айчыннай культуры. Тым не менш, інфармацыю пра аб’яднанне чатырох названых калектываў у складзе Філармоніі называе “чуткамі”.

“Чуткі! Іх можа вельмі шмат быць! Але пакуль што гэта толькі чуткі!” — запэўнівае намеснік міністра.

Словы чыноўніка абвяргае Валянцін Дудкевіч.

“Была адпаведная нарада ў міністра, і я яму проста сказаў: “Ведаеце што, я ж чалавек дзяржаўны — напішыце мне загад і я зраблю. У мяне ж выйсця няма. Альбо я гэта не зраблю і сыду”. Ну, у дзяржаўных адносінах па-іншаму ж і быць не можа. Але ж гэтага загаду няма! Вось, мне павінен прыйсці загад пісьмовы — у мяне яго няма. І са мной пастаянна вядуцца перамовы, якія зводзяцца да таго, каб мы гэтага захацелі. З намі вядуць вусныя размовы: спачатку з усімі разам, а потым з кожным паасобку. Хочуць, каб мы ў выніку сказалі: “Ну, давайце, зрабіце нам гэта!” А я на першым жа пасяджэнні міністру і напісаў, і сказаў, што я ў кожным выпадку буду апеляваць вышэй, але з гэтым я катэгарычна не згодны. А той сабе ціхенька маўчыць і нешта там ціхенька варушыцца. Такая вось сітуацыя, нейкая з іх боку, зверху, баязлівая, я так думаю”.

Ці выжывуць “Харошкі” і ансамбль танца пасля іх “аптымізацыі” Мінкультам?

                                           Валянцін Дудкевіч

І дадае: “Хочаце праводзіць аптымізацыю чыноўнікаў і бюджэтнікаў, то не трэба пачынаць яе з самых бедных, а пачніце з сябе”. Калегу падтрымлівае Валянціна Гаявая і дзеліцца сакрэтам: называе лічбу сярэдняга заробку ўдзельнікаў вядомага на ўвесь свет калектыву “Харошкі” — 2,5 мільёна рублёў. І яе асабіста заробак да 5 мільёнаў у месяц не дацягвае. Амаль такія ж заробкі і ў ансамблі танца, дадае Дудкевіч.

Ці выжывуць “Харошкі” і ансамбль танца пасля іх “аптымізацыі” Мінкультам?

Ці выжывуць “Харошкі” і ансамбль танца пасля іх “аптымізацыі” Мінкультам?

Ці выжывуць “Харошкі” і ансамбль танца пасля іх “аптымізацыі” Мінкультам?

Фота Змітра Лукашука

Дзяржаўны харэаграфічны ансамбль “Харошкі”, фота khoroshki.by