– Беларускамоўны клуб – гэта для нашага спорта ўжо экзотыка, – кажа суразмоўца. – Паглядзіце, у вышэйшай лізе футбольнага чэмпіяната з’явілася каманда таксама з адметнай назвай “Крумкачы”.  Многія клубы ўзялі курс на беларусізацыю, балельшчыкі вітаюць такія крокі, ігракі прымаюць удзел у розных акцыях па папулярызацыі роднай мовы… Як кажуць, працэс ідзе. Сёння беларусізацыя становіцца моднай і папулярнай сярод моладзі з’явай. А моладзь – гэта і ёсць наша аўдыторыя. Трэба ісці ў нагу з часам.

– Ці складана працаваць з беларускамоўным брэндам?

– Абсалютна не. Было складана ў пераходны перыяд, калі даводзілася мітусіцца паміж рускай і беларускай мовай. Напрыклад, сайт трэба было рабіць на англійскай мове, беларускай і рускай, а гэта павялічвала аб’ём работы і выдаткаў.Трэба было эканоміць, таму зараз ад рускай версіі мы адмовіліся наогул. У каментарыях некаторыя нават пісалі, што пасля гэтага наогул не будуць наведваць сайт, бо не разумеюць беларускую мову. Тым не менш, адразу пасля пераходу на беларуска-англійскую версію колькасць наведвальнікаў на сайце рэзка вырасла, хаця з цягам часу вярнулася прыкладна на ранейшы ўзровень…

Інтэрв’ю з Аляксандрам Кулем чытайце ў бліжэйшым нумары “Народнай Волі”