Распавядаюць татарскія жыхары Іўя:

– Польскі каталіцкі Вялікдзень у нядзелю, а ў нас – у пятніцу. Ён не лічыцца святам. Гэта дзіцячае свята: мы дзеткам яйкі фарбуем, даём цукеркі.

Татары з’явіліся тут пасля таго, як Вітаўт наняў іх ахоўваць землі. Вось яны тут і ажаніліся з мясцовымі жанчынамі. Магчыма, з тых часоў і пайшоў гэты Вялікдзень. Не ведаю…

Цяпер, дзякуй богу, наеўшыся гэтымі яйкамі і цукеркамі. Хапае ўсяго гэтага. Але раней, як самі былі дзецьмі, усю ноч не спім, а ў пятніцу раненька ўжо на Вялікдзень збіраемся.

– Ходзім у госці адзін да аднаго. Маем сяброў сярод і каталікоў, і праваслаўных. Яны нас запрашаюць на свае святы, мы іх – на свае. – Як у нас Вялікдзень – дык дзеці да ўсіх бегаюць.

– Дзецям раздаюць садагу. Дзеці да 15 гадоў бягуць менавіта ў мусульманскі дом. Мы купляем заўсёды цукеркі. Калі яны прыходзяць, мы молімся над імі, а пасля раздаем цукеркі. Нашы продкі самі штосьці такое прыдумалі, бо нідзе тагога няма.

– Раней тут і габрэі жылі. Можа, гэта нейкае іхняе свята…

Дзеці пачынаюць яго адзначаць ад 4-ай раніцы. Лятуць, гамоняць, просяць: “Мамачка, адзявай, абувай нас. Пайшлі!” І ішлі аж у канец, пад самы хутар, пад рэчку. Гэта ісці дзесьці 1,5-2 км. І пакуль там людзі не памоляцца, нам садагі не давалі. Садага – гэта якраз тыя цукеркі. Ну, і яйкі часам, калі хто меў. А як вярталіся, то там, дзе горка раней была, заўсёды стаялі мужчыны. Спынялі нас, давалі грошы і выбіралі яйкі. А мы і рады, каб прадаць іх. Ды каб болей. А яны пасля мацавалі тыя яйкі на зубы. Той, у каго пабілася, аддае гэтае яйка таму, у каго яно цэлым засталося. Таксама спускалі з горачкі адно яйка за другім. Калі стукнецца – таксама аддаеш.

Цяпер, як у нас Вялікдзень, дык з Іўя, з самога цэнтра ідуць, а таксама з бліжэйшых вёсак.  Усім даём. Ну, як прыляціць дзіцяці – дзе ж ты не дасі, нават калі не сваё дзіця. Таму даём усім.

Горад Іўе неафіцыйна лічыцца сталіцай татараў у Беларусі. Прыход у Івейскай мячэці налічвае каля 500 вернікаў, перадае Беларускае Радыё Рацыя.

Фото:alkerz.ru