Што святкавалі

Першы Беларускі ўрад (Народны Сакратарыят) быў створаны Выканаўчым камітэтам Рады Ўсебеларускага з’езду 20 лютага 1918 года ў Менску, які пасля ўцёкаў бальшавікоў узялі пад кантроль беларускія паўстанцы. Спачатку ва ўрад на чале з Язэпам Варонкам уваходзілі 7 чалавек, але пасля іх колькасць была даведзеная да 15-ці. Паводле ўспамінаў Канстанціна Езавітава, склад Першага ўрада БНР быў наступны:

Язэп Варонка — старшыня (прэм’ер-міністр) і народны сакратар (міністр) міжнародных спраў, Іван Макрэяў — унутраных спраў, Алесь Смоліч — асветы, Яўхім Бялевіч — справядлівасці, Янка Серада — народнай гаспадаркі, В. Рэдзька — шляхоў зносін, Тамаш Грыб — земляробства, Палута Бадунова — апекі, А. Карач — пошты і тэлеграфу, Пятро Крэчэўскі — кантролю, Г. Белкінд — фінансаў, Павел Злобін — вялікарускіх спраў, Мойша Гутман — “першы таварыш” (першы намеснік) старшыні і сакратар яўрэйскіх спраў, Канстанцін Езавітаў — “другі таварыш” старшыні і народны сакратар вайсковых спраў, Лявон Заяц — загадчык спраў Народнага Сакратарыяту.

У далейшым склад першага ўраду мяняўся, у тым ліку і з-за таго, што ў красавіку ў знак пратэсту супраць прыняцця 3-й устаўной граматы падалі ў адстаўку Макрэяў, Злобін, Белкінд.

25 сакавіка 1918 года ў акупаваным немцамі Менску Рада Беларускай Народнай Рэспублікі (былы выканкам Усебеларускага з’езду) прыняла Трэцюю ўстаўную грамату, якой БНР абвяшчалася вольнай і незалежнай дзяржавай. Рада БНР аб’явіла, што Брэсцкая мірная дамова, падпісаная бальшавікамі і немцамі, страціла моц, таму заклікала перагледзець яе ўмовы.

Немцы адказалі на Акт 25 сакавіка разгонам Рады БНР і Народнага Сакратарыяту, а пасля і іх забаронай. Аднак органы ўлады працягвалі дзейнічаць у Беларусі, а пасля на эміграцыі. 

19.40

Аляксандр Мілінкевіч сказаў: «Сёння больш адчуваецца свята, чым у іншыя гады. Гэта акцыя пратэсту, але праходзіць вельмі ўрачыста. Я здзіўлены, што столькі моладзі — вось гэта поспех! Я ў свой час, калі быў выкладчыкам, таксама адпускаў моладзь на такія святы. Жыве Беларусь! «

19.35

Афіцыйна акцыя скончана, але частка ўдзельнікаў застаецца на месцы. Сілавікі ніяк не заміналі ў правядзенні вулічнай акцыі.

19.30

Людзі скандуюць «Жыве Беларусь!» І не збіраюцца разыходзіцца.

19.25

Калона дайшла да «Рыгі». Вячаслаў Сіўчык заклікае людзей разыходзіцца, ён дзякуе людзям за ўдзел у акцыі і просіць разыходзіцца.

19.20

Аляксей Янукевіч: «Адчуваецца, што дзень Волі — гэта перш за ўсё свята, а ўжо потым — акцыя пратэсту».

19.15

Калона ідзе па вуліцы Сурганава ля цэнтра «НЛО». Спяваюць песні. Людзі пачынаюць пакрыху разыходзіцца.

19.05

Калона заняла значную частку вуліцы Сурганава, журналісты кажуць пра вялікую колькасць удзельнікаў.

19.00

Узначальвае калону, што дайшла да вуліцы Сурганава, палітыкі Аляксей Янукевіч, Віталь Рымашэўскі і Аляксандр Мілінкевіч.

18.57

Калона зноў пачала рух. Удзельнікі акцыі спяваюць песню «Грай» Сяргея Міхалка.
«Арт-сядзiба» праспявала песню Брута «Не быць скотам», а таксама гучаць песні «Ляпісаў».

Фота: @pr0tez

18.55

Рымашэўскі заклікаў мітынгоўцаў сабрацца ў калону і ісці да «Рыгі». Людзі адказалі скандаваннем «Жыве Беларусь»!

18.52

Людзі вырашылі не ісці на Бангалор. Сіўчык прапануе ісці да ўніверсама «Рыгі»

18.50

Міліцыянты не даюць людзям падымацца па прыступках кінатэатра «Кастрычнік», але не разганяюць прысутных, перадае карэспандэнт «Народнай Волі».

18.45

У натоўпе збіраюць подпісы за тое, каб 25 сакавіка быў афіцыйным святочным днём.

18.40

Мітынгоўцы трымаюць плакат «Беларускім цэнам — еўрапейскія зарплаты», напісаны на фоне еўрапейскага сцяга.

18.35

Ад імя прадпрымальнікаў выступае Алесь Макаеў. Кажа, што будуць збіраць подпісы ад імя ІП і перадаваць у Канстытуцыйны суд.

Ён таксама заклікае вызваліць з турмы кіраўніка «Платформы» Андрэя Бандарэнкі.

18.32

Выступае Лябедзька: «Дзе нашы заробкі — іх забралі Дразды. Дзе нашы пенсіі — іх скралі Дразды. Дзе нашы еўрапейскія перспектывы — іх скралі Дразды. Дразды — у адстаўку!

18.30

Выступае старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

«Дзясяткі тысячаў беларусаў ахвяравалі сваім жыццём дзеля незалежнасці, каб яна адбылася. І мы павінны яе адстаяць. Імперская Расія ніколі не пагодзіцца, каб Беларусь была незалежнай». «Беларусь жыве і будзе жыць», — сканчае ён прамову.

18.25

Шэсце дайшло да Акадэміі навук, дзе іх чакалі іншыя ўдзельнікі. Выступае Алесь Лагвінец.

18.20

Мікола Статкевіч кажа, што не збіраецца ісці на Бангалор, а скончыць акцыю ля Акадэміі навук, яго падтрымаў Някляеў.

18.15

Наперадзе калоны скандуюць «Салідарнасць!» Ужо відаць сцягі тых, хто адразу сабраўся каля кінатэатру «Кастрычнік». Яны спяваюць гімн БНР «Мы выйдзем шчыльными радамі».

18.00. Аакадэмія навук

Сабралася больш за паўтысячы чалавек. Як перадае карэспандэнт «Народнай Волі», прастора ад кінатэатра «Кастрычнік» да праспекта уся запоўнена. Некаторыя людзі прыйшлі з партрэтамі Пятра Машэрава і Якуба Коласа.

17.55

Статкевіч усклаў кветкі да помніка Якубу Коласу. Выступіў Някляеў, які працягнуў чытаць верш. Другая яго частка прысвечана Якубу Коласу. Людзі скандуюць «Жыве Беларусь»! Калона хутка рухаецца ў бок Акадэміі навук. Колькасць удзельнікаў вырасла.

17.50

Калона, якая рухаецца са сквера Янкі Купалы, дайшла да плошчы Якуба Коласа. Палітыкі збіраюцца ля помніка.

17.45

Шэсце рушыла далей. Ідуць да плошчы Якуба Коласа. Галава калоны знаходзіцца каля беларускамоўнай гімназіі №23.

17.42

Галава калоны дайшла да Плошчы Перамогі. Людзі не спускаюцца ў падземны пераход, а ідуць наземным. Гукаюць «Жыве Беларусь», «Верым, можам, пераможам». Некаторыя кіроўцы сігналяць. Людзі ў добрым настроі, з ўсмешкамі.

17.40

Алесь Макаеў: «Гэта сапраўднае свята. Так шмат людзей ужо даўно не было на вуліцы.

17.37

Ціхары ідуць так уздоўж праспекта, каб закрываць банеры, што нясуць удзельнікі, і адпаведна, каб іх не было відаць з праспекта.

17.35

Маладыя людзі з лозунгам «Воля народам — смерць імперыям» запалілі на чале калоны фаер і чакаюць, калі падцягнецца астатняя частка мітынгоўцаў.

17.30

Прыйшоў хлопец, загорнуты ва ўкраінскі сцяг. Ён кажа, што Украіна стала прыкладам, а таксама выказвае падтрымку Надзеі Саўчанка.

17.25

Шэсце пачалося. Калона расцягнулася на некалькі сотняў метраў, рухаецца да плошчы Якуба Коласа. Ідуць па тратуары, скандуючы «Жыве Беларусь», «Незалежнасць».

17.20

Людзі сабраліся ў калону, каб рухацца праспектам у бок плошчы Якуба Коласа.

17.15

Выступае Уладзімір Някляеў. «Мы хочам жыць не ў лукашэнкаўскай Беларусі, а ў купалаўскай».

17.10

Узяў слова Севярынец. Ён дзякуе ўсім, хто прыйшоў сюды.

17.00

Статкевіч пачаў выступ.

Пачалі гукаць «Жыве Беларусь» і Незалежнасць, узнялі першыя бел-чырвона-белыя сцягі.

Статкевіч сказаў, што спачатку выступяць з віншаваннямі палітыкі. Пасля шэсце рушыць у бок Акадэміі навук. Паводле ацэнак карэспандэнта «Народнай Волі», удзельнікаў каля двух соцень.

16:50.

У парку Янкі Купалы — некалькі дзясяткаў чалавек. Сярод удзельнікаў шмат людзей пенсійнага ўзросту, моладзі. Людзі падыходзяць. З прысутныхі Анатоль Лябедзька, Мікалай Статкевіч, Павел Севярынец, Павел Вінаградаў.

У парку Янкі Купалы — некалькі дзясяткаў чалавек. Людзі падыходзяць. Разгортваюць сцягі. Прыйшлі Анатоль Лябедзька, Мікалай Статкевіч, Павел Севярынец, Павел Вінаградаў.

А 18-й гадзіне ля Акадэміі навук мае распачацца афіцыйна дазволенае шэсце ў гонар Дня Волі.

Мікалай Статкевіч прапанаваў перад ім, а 17-й гадзіне, сабрацца ў парку Янкі Купалы для ўскладання кветак да помніка нацыянальнаму паэту, а потым прайсці ў бок Акадэміі навук. На думку Статкевіча, улады зрабілі памылку, ігнаруючы Дзень Волі самі і не даючы дазволу на яго адзначэнне ў цэнтры горада.